Лякарства ад «смеццевай» хваробы
Общество

Лякарства ад «смеццевай» хваробы

musorniki-01

Аб праблемах, звязаных з утылізацыяй бытавога смецця, сказана і напісана нямала. Але мабыць, пакуль недастаткова для таго, каб гэтае пытанне перастала быць праблемай. Вельмі ж непрывабна выглядаюць гарадскія кантэйнерныя пляцоўкі для збору адходаў. Чаму так адбываецца? З гэтым паспрабавалі разабрацца падчас рэйду разам з прадстаўнікамі КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” – намеснікам дырэктара Юрыем Корчыкам і старшым майстрам участка санітарнай ачысткі Аляксандрам Сідаравым.

Часта кантэйнерныя пляцоўкі, размешчаныя на вуліцах у прыватным сектары, засмечаны настолькі, што падысці да іх бывае проста немагчыма. Самымі праблемнымі ў Лунінцы з’яўляюцца ўчасткі па вуліцах Заслонава, Сухога, Першамайская і Паркавая.

Пад’язджаем да кантэйнераў, што знаходзяцца па вуліцы Заслонава. Ёмістасці запоўнены з верхам. А побач – рознага роду адходы, галіны дрэў, пустазелле з прысядзібных участкаў. Іх столькі, што хопіць яшчэ па меншай меры на 4 такія скрыні. Да сметніка (па іншаму проста нельга зараз назваць пляцоўку) крочыць бабулька з цялежкай, накладзенай даверху адцвіўшымі аксаміткамі і іншымі раслінамі. Зразумела, на яе ўчастку цяпер стала чыста, а што датычыць гарадской тэрыторыі, то яе гэта, відаць, ніколькі не хвалюе. На першы раз правялі прафілактычную гутарку. Многае з таго, што грамадзяне вывезлі на пляцоўку, можна было б спаліць у печках ці складзіраваць у кампостныя яміны. Але навошта, калі можна проста вывезці за агароджу?

Па словах Аляксандра Сідарава, непрывабны малюнак утварыўся літаральна за мінулыя выхадныя. Такая ж сітуацыя назіралася і на вуліцы Сухога. Як сцвярджаюць камунальнікі, названыя пляцоўкі, хутчэй за ўсё, будуць ліквідаваны да канца месяца. Такі лёс 10 кастрычніка напаткаў кантэйнеры на Кветкавай, што ў раёне Сельгастэхнікі. Цяпер тут нішто не нагадвае аб нядаўнім сметніку – тэрыторыя прыбрана і ўзарана.

Кіпела работа на Першамайскай. З дапамогай тэхнікі ліквідавалі сметнік за некалькі гадзін. На Паркавай каля могілак кантэйнер паўпусты, аднак чамусьці побач велізарнае нагрувашчванне рознага роду расліннасці.

musorniki-04

– Па гарадскіх вуліцах па графіку заўсёды курсіруюць спецыялізаваныя аўтамабілі па вывазу смецця, – расказвае Юрый Корчык. – Зразумела, што буйнагабарытныя адходы туды загрузіць нельга. Аднак грамадзяне могуць кааперыравацца і заказваць кантэйнеры ў нас. Ёмістасцяў дастаткова. Каштуе такая паслуга 80-85 рублёў. Гэта вельмі актуальна восенню падчас заканчэння сельскагаспадарчага сезона, калі ўбіраюцца рэшткі з агародаў, вясной – пры навядзенні парадку на зямлі, а таксама пры правядзенні рамонтаў ці будаўнічых работ.

Ці існуе дзейснае лякарства ад «смеццевай» хваробы? Зразумела, камунальная служба нясе адказнасць за якаснае выкананне паслуг. Каб палепшыць стан пляцовак, неабходна павялічыць аб’ёмы вывазу і частату рэйсаў. Не варта чакаць моманту, калі кантэйнеры перапаўняюцца, і людзі пачынаюць кідаць смецце побач з імі, а рэгулярна вывозіць яго на палігон. Засталося толькі прыдумаць, як гэта зрабіць, калі існуюць фінансавыя абмежаванні. Паўстае пытанне прыцягнення да адказнасці грамадзян, якія ўтвараюць сметнікі. Аднак адсачыць такіх несвядомых жыхароў няпроста, бо да кожнай скрыні не прыставіш “вартавога”. Ды і людзі імкнуцца выкінуць смецце тады, калі ніхто не бачыць – ноччу або ў цёмны час сутак. Здараецца, пад’язджаюць на аўтамабілях і трактарах, возяць цэглу, шыфер і іншы будаўнічы хлам…

Хочацца спадзявацца на свядомасць грамадзян. Што казаць, звалкі не ўпрыгожваюць наш горад: сорамна не толькі перад гасцямі, але і перад сабой. І наўрад ці правільна ва ўсім вінаваціць толькі ўлады і камунальнікаў. Часта мы забываем, што ад нас саміх залежыць, у якім горадзе будзем жыць.

P.S. На працягу дня на ўсіх названых пляцоўках камунальнікі навялі парадак. Аднак, калі ўвечары праехалі па тых жа адрасах, зноў убачылі, як гараджане працягваюць запаўняць кантэйнеры не цвёрдымі бытавымі адходамі, а пустазеллем і галлём…

musorniki-05 musorniki-03 musorniki-02

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть