Таццяна Каспяровіч ў ліку іншых ўдастоена ордэна Маці
Общество

Таццяна Каспяровіч ў ліку іншых ўдастоена ордэна Маці

Лунінчанка Таццяна Каспяровіч сёлетняе свята сустракае з асаблівым пачуццём, таму што ў ліку іншых мнагадзетных матуль раёна яна ўдастоена галоўнай дзяржаўнай узнагароды – ордэна Маці. Урачыстае ўшанаванне адбудзецца сёння, а напярэдадні мы пабывалі ў гасцях у сям’і, якая жыве на вуліцы з прыгожай назвай – Вішнёвая.

Самы маленькі Мацвейка спаў у суседнім пакоі. Мы свядома ехалі сюды надвячоркам, бо менавіта ў гэты час уся сям’я можа сабрацца разам. Прыемна ўразіла сама вуліца, толькі на адным баку якой размешчаны дыхтоўныя дамы. Асобныя будынкі гаспадары ўжо абжылі, але сустракаюцца і тыя, дзе ідуць будаўнічыя работы. Што датычыць самой дарогі, то яе стан пакідае жадаць лепшага. Праблем дабавіла дажджлівае надвор’е, а вя-лізныя яміны з бруднай вадой вымушаюць аўтамабілістаў часова адмовіцца ад мыйкі машын – маўляў, дарэмная справа. Мясцовыя жыхары мараць, каб вуліцу Вішнёвую хоць крыху падсыпалі.

Сюды сям’я Каспяровічаў пераехала якраз напярэдадні мінулага Новага года. Да гэтага часу здымалі 2-пакаёвую кватэру, у якой было цеснавата. У бацькоў падрасталі пяцёра дзетак, чакалі паяўлення шостага малыша, таму як мага хутчэй хацелі завяршыць будаўніцтва свайго жылля. Безумоўна, многае яшчэ трэба дарабіць, тым больш, што дом узвялі ў два паверхі. Затое яго пакоі напоўнены самым галоўным багаццем у жыцці – звонкімі галасамі любімых сыночкаў.

Таццяна і Аляксандр пазнаёміліся выпадкова падчас сумеснай паездкі з сябрамі. Здавалася, іх сустрэча нічым асаблівым не вызначалася, але ўсё ж пакінула цёплы ўспамін у абодвух сэрцах. Паступова яны даведаліся адзін пра аднаго крыху больш, і юнак з Лунінца зачасціў на спатканні да дзяўчыны ў Багданаўку. 13 год таму на Дзень закаханых, які па шчасліваму супадзенню прыпаў на адну з субот лютага, сталі на вясельны ручнік і абмяняліся заручальнымі пярсцёнкамі. Маладая сям’я пераехала жыць у Пінск, але вярнуліся дамоў. Хаця Таццяна і атрымала спецыяльнасць закройшчыцы, Аляксандр марыў, каб яна “працавала” любячай жонкай і клапатлівай матуляй. Аказалася, як у ваду гля-дзеў. Сам распачаў уласную справу, як індывідуальны прад-прымальнік, а жанчына ўвесь час прысвячае дзеткам.

Першым у Каспяровічаў паявіў-ся Антон. Сёння ён – 5-класнік гімназіі райцэнтра. Вельмі стараецца, бацькі заўважаюць, што вучоба яму даецца лёгка. Практычна самастойна рыхтуецца да ўрокаў, а за дапамогай падыходзіць у рэдкіх выпадках. Хапае часу і на заняткі маляваннем у школе мастацтваў. Адразу два сыны наведваюць СШ №4: Раман – трэці клас, Арцём – першы. Дарэчы, на мінулым тыдні Антон і Раман адсвяткавалі свой дзень нараджэння, які ў хлопчыкаў супадае. Ёсць і адзінае на траіх захапленне – хакей. Юныя лунінчане наведвалі заняткі ў Лядовай арэне, ездзілі на спаборніцтвы. З гонарам старэйшы сынок прадэманстраваў цэлы стос грамат, дыпломаў і медалёў, атрыманых за поспехі як у вучобе, так і спорце. Пра іх пакуль толькі марыць Сашка – выхаванец дзіцячага сада №10. Каля мамы пастаянна знаходзяцца 2-гадовы Лёшка і Мацвейка, які нарадзіўся ў ліпені гэтага года. Невядома, якія захапленні выберуць яны сабе ў будучым. Для бацькоў галоўнае – іх здароўе і шчасце.

НА ЗДЫМКУ: Арцём, тата Аляксандр Аляксеевіч, Саша, Антон, мама Таццяна Іванаўна з Алёшкам, Раман.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть