Общество

Мама, тата і яны – тры дачушкі, тры сыны…

Утульна прымасціўшыся каля камп’ютара, паклаўшы побач мабільны тэлефон, прадстаўнікі сённяшняй моладзі з неўразуменнем глядзяць на старэйшае пакаленне: «Што, вы сапраўды жылі без сучасных сродкаў сувязі? А як жа тады бавілі вольны час, як дамаўляліся з сябрамі пра сустрэчу? Што, нават і машыны былі вялікай рэдкасцю?”.
Матулі пачынаюць расказваць пра маладзёжныя “тусоўкі” 20-гадовай даўніны, вяртаючыся ў думках у светлае юнацтва, а юныя слухачы здзіўлена і недаверліва лыпаюць вачамі. Сэрцы старэйшых шчымяць, што многае было недасягальным у параўнанні з сучаснымі магчымасцямі, але ўсё ж і ў тых пакаленняў маладосць праходзіла ярка і запамінальна.
Шасцёра дзяцей у сям’і Людмілы і Васіля Пятніца з Лунінца таксама часта слухаюць расказ старэйшых пра мінулае. А яшчэ больш успамінаў навяваюць старыя сядзібы ў Любачыне, дзе некалі вырасла матуля, ды ў Азярніцы, адкуль родам тата. На жаль, не засталося тут цёплых бабуліных далоняў, якія ласкава пагладзілі б унукаў па галаве, прыгатавалі б малым любімыя прысмакі. Прыязджаюць сюды яны дружнай вялікай сям’ёй толькі ўпарадкаваць агарод, удосталь надыхацца водарам яблык у садзе ды наталіць смагу чыстай калодзежнай вадой. Тут і ўспомняць бацькі, як хадзілі на вясковыя дыскатэкі вялікай гурбой равеснікаў, як прасторная зала мясцовага клуба ледзь умяшчала ўсіх жадаючых. З тых рамантычных вечароў і пачалося іх каханне, каб стаць адзіным і лёсавызначальным на ўсё жыцце…
Работа Васіля Іванавіча ў адной з арганізацый Лунінца дала магчымасць атрымаць жыллё ў райцэнтры. Так вясковая сям’я паступова прывыкала да гарадской мітусні.
Зараз цяжка адказаць, хто з іх больш хацеў мець многа дзяцей. Муж рос сярод братоў і сясцёр, а Людміла была адна ў бацькоў. Магчыма, яе лёгкая зайздрасць да аднагодкаў, якія запляталі косы малодшым сястрычкам ці заўсёды былі абаронены ўвагай старэйшага брата, і паслужыла пачаткам іх асаблівага статусу мнагадзетнасці.
Мы пазнаёміліся зараз, калі старэйшыя дзеці ўжо дарослыя, сярод малодшых – студэнты і старшакласнікі. У прасторнай кватэры цішыня, а яшчэ, здаецца, зусім нядаўна тут усё пераварочвалася ўверх дном. Але ёсць у ім адна прыемная адметнасць – малыя заўсёды былі дружнымі, заступаліся адзін за аднаго, не крыўдзілі малодшых. Дзякуючы працавітасці бацькоў, з маленства прывучаліся да паўсядзённых абавязкаў дома. Не адставалі ад дарослых і на агародзе.
Засталіся ў мінулым “Буквары” і “Размалёўкі”. Вопратка ў прыхожай таксама зараз мае толькі дарослыя памеры. І хаця клопатаў менш не стала, у бацькоў жыве гонар, што дзеці пачынаюць шукаць свае самастойныя дарогі ў жыцці.
Старэйшая Алена закончыла Гродзенскі ўніверсітэт, мае педагагічную адукацыю, працуе ў гімназіі. Дарэчы, яна ўжо стварыла сваю сям’ю і парадавала родных унучкам Паўлікам. Хлапчуку ідзе толькі другі год, але гэта агульная радасць усёй вялікай радні.
Дзмітрый – на шостым курсе медуніверсітэта ў Мінску. Будучая спецыяльнасць звязана з ваеннай медыцынай. Сур’ёзная прафесія патрабуе адказнасці і глыбокіх ведаў, якія па сілах стараннаму юнаку.
Вадзім – таксама студэнт. Яму прыйшлася даспадобы чыгунка. Што і не дзіўна, бо вырас хлопец сярод лунінецкіх краявідаў, сэрцам якіх з’яўляецца перакрыжаванне шляхоў, па якіх імчаць цягнікі. Адпаведную адукацыю па спецыяльнасці “Кіраванне працэсамі перавозак” атрымлівае на другім курсе ВНУ г. Гомеля.
Яўген праходзіў вайсковую службу ў артылерыі. Вяртання дадому з нецярпеннем чакалі родныя, адначасова з гонарам адзначаючы, што ёсць каму іх абараняць. Цяпер, вярнуўшыся ў бацькоўскі дом і апрануўшы цывільныя ўборы, пайшоў працаваць у сферу будаўніцтва.
Даша вучыцца ў 11 класе гімназіі. Хаця выпускны год патрабуе шмат часу і сіл для падрыхтоўкі да экзаменаў, дзяўчына яшчэ вельмі любіць шыць. Пакуль невядома, якую прафесію атрымае ў далейшым, але такое захапленне заўсёды дапаможа стаць добрай гаспадыняй.
Вольга – самая малодшая, 9-класніца школы №1 у райцэнтры. Пакуль у яе ёсць самы светлы і бесклапотны час, калі будні даюць неабходную адукацыю, а юначыя мары і захапленні можна рэалізаваць разам з сяброўкамі ў вольныя вечары каля камп’ютара.
Прыемнай падзеяй адзначаны для сям’і сёлетні юбілей горада. Тады яны ўрачыста атрымалі падарунак з рук старшыні райвыканкама. Апладысменты землякоў – самая вялікая ўзнагарода за бяссонныя ночы над ложкамі маленькіх сыноў і дачушак, за імкненне выхаваць дзяцей стараннымі і сумленнымі.
Аддаючы ўсе сілы сямейным клопатам, бацькі паспяваюць паспяхова спраўляцца і на рабоце. Васіль Іванавіч працуе вадзіцелем за межамі нашага раёна, Людміла Іванаўна – санітарка неўралагічнага аддзялення раённай бальніцы. Тут, даглядаючы за нямоглымі людзьмі, якіх хвароба застае часам у самы нечаканы момант, неяк па-іншаму глядзіцца на жыццё. Бачыцца яго далікатнасць, кранае, як па-рознаму на хваробу рэагуюць блізкія. Балюча, калі выгадаваўшы многа дзяцей, якія цяпер валодаюць не малымі сродкамі, бацькі застаюцца прыкаванымі да ложка без ніякай падтрымкі. І якая павага ў сэрцы ўзнікае да тых, хто ўсімі сіламі імкнецца паставіць роднага чалавека на ногі. Тут немагчыма заставацца абыякавай да чужога гора. Вельмі радуюць умовы працы ў сценах новай бальніцы, дзе маецца ўсё неабходнае.
Цяпер цяжка сабраць разам усю сям’ю, кожны заняты сваімі клопатамі. Не ўдалося зрабіць і агульны фотаздымак для газеты. Але на вялікія святы ўсе яны абавязкова вернуцца дадому з розных шляхоў, каб разам сустрэць радасныя падзеі, каб прыняць за свой дружны стол новых выбраннікаў, якія пераступяць парог у якасці зяцёў і нявестак. Жыццё працягваецца, і магчыма, маленькаму Паўліку не давядзецца доўга гуляць у адзіноце – на свет паявіцца больш унукаў Людмілы і Васіля Пятніца, каб працягваць летапіс сям’і новымі пакаленнямі.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть