Общество

Мара аб кедравым лесе

Ёй падзялілася падчас рэспубліканскай вучобы-нарады начальнік пітомніка Лунінецкага лясгаса Таццяна Стэльмах.

– Невыпадкова для правядзення важнага мерапрыемства выбралі Лунінеччыну, – сказаў начальнік упраўлення лясной гаспадаркі галіновага Міністэрства Мікалай Юрэвіч, адкрываючы семінар. – У мясцовым лясгасе лесааднаўленне вядзецца на высокім узроўні. Гадавальнік забяспечвае якасным пасадачным матэрыялам не толькі ўласныя патрэбы, але і рэалізуе яго як мясцовым прадпрыемствам, так і за мяжу. Лесааднаўленне ў нашай дзейнасці з’яўляецца прыярытэтным напрамкам. Так, рэалізуючы дзяржаўную праграму па развіццю гадавальніцкай гаспадаркі на 2010-2015 гады, у краіне паявіліся дадаткова 14 новых гадавальнікаў, 132 цяпліцы. Работу ў гэтым напрамку будзем працягваць і надалей. Сведчанне – сённяшні семінар, які, спадзяюся, стане пазнавальным і карысным, асабліва для маладых начальнікаў гадавальнікаў, а такіх у нас сёння 25 чалавек.

Дырэктар лясгаса Вячаслаў Торчык расказаў, што плошча зямель ляснога фонду на Лунінеччыне складае 145 тысяч гектараў, большая іх частка пакрыта хвойнымі і мяккаліставымі пародамі. Аб’ём усіх відаў высечак склаў 190 тысяч кубічных метраў. Сярэдняя зарплата за 3 месяцы гэтага года павялічылася да 670 рублёў. У 2016-ым спрацавалі прыбыткова, у развіццё вытворчасці інвеставалі 1 мільён рублёў…

На думку Вячаслава Іванавіча, не трэба рабіць з гадавальніка “цацку”, ён павінен выконваць асноўную функцыю – забяспечваць разнастайным, якасным пасадачным матэрыялам. Павінна быць аддача, як і ва ўсім, што звязана з лесам. Разам з тым, нельга сказаць, што ў лунінецкім не надаюць увагу прыгажосці і эстэтычнасці – усюды чысціня, радуюць свежасцю маладыя школкі. Гэта адзначалі госці, у ліку якіх спецыялісты Міністэрства лясной гаспадаркі, галоўныя ляснічыя абласных падраздзяленняў і лясгасаў, начальнікі гадавальнікаў і прадстаўнікі навукі.

Гадавальнік мае плошчу 15 гектараў. Гэта даволі сціплы памер у параўнанні з іншымі ў рэспубліцы. Разам з тым, ёсць нашым лесаводам чым пахваліцца. Усяго тут налічваецца 35 відаў дрэў і кустарнікаў. Побач з прывычнымі для нашых шырот сасной, дубам, бярозай, алешынай, ліпай тут вырошчваюць туі шарападобныя і калонавідныя, самшыт вечназялёны, спірэю японскую, ядловец і іншыя. Не так даўно паявіўся кедр. Расказваючы пра асаблівасці падрыхтоўкі насення для пасадкі, доглядам за маладымі раслінамі, Таццяна Стэльмах паведаміла пра сваю мару – кедравым бары на Лунінеччыне, але, улічваючы, наколькі марудна набіраюць рост дрэўцы, яго прыгажосцю будуць захапляцца нашчадкі. Абыходзячы пасяўныя і школьныя аддзяленні, спецыяліст вельмі падрабязна спынілася на агратэхніцы вырошчвання аднагадовага пасадачнага матэрыялу бярозы, алешыны чорнай, сасны, елкі і дуба.

Аб тым, як правільна прымяняць гербіцыды ў пасяўным і школьных аддзяленнях, сканцэнтраваў увагу загадчык кафедры лясных культур і глебазнаўства БГТУ Вадзім Носнікаў. Яго дапоўніў галоўны ляснічы Крупскага лясгаса Аляксандр Бульбачкін, падзяліўшыся ўласным вопытам.

Падчас дэманстрацыі сяўбы сасны звычайнай інжынер па лесааднаўленню Віктар Помазаў расказаў пра асаблівасці пасяўнога агрэгата і засяродзіў увагу на правядзенні механізаваных доглядаў за пасевамі.

Тры гады таму ў гадавальніку паявіліся дзве цяпліцы агульнай плошчай 0,1 гектара. Летась тут вырасцілі 217 тысяч раслін для стварэння лясных культур і 8 тысяч – для азелянення населеных пунктаў. Даходы ад рэалізацыі прадукцыі склалі 166,1 тысячы рублёў. Асноўнымі пакупнікамі сеянцаў з’яўляюцца калегі з Расіі. Летась на экспарт накіравалі амаль 3,5 мільёна саджанцаў.

Удзельнікі семінара абмеркавалі рэкамендацыі па прафілактыцы найбольш распаўсюджаных хвароб і абароне пасадачнага матэрыялу ў лясных гадавальніках, маніторынгу інфекцыйнага некрозу галін ясеню і правядзенню ахоўных мера-прыемстваў.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть