Общество

МАРЫ, УВАСОБЛЕНЫЯ Ў ЖЫЦЦЁ…

Запаветам маладосці з неўтаймавальнай прагай ведаў застаецца вернай Валянціна Міхайлаўна ЯРМУШЭВІЧ. У Лунінцы 70-гадовага юбіляра паважаюць як аўтарытэтнага педагога і чалавека актыўнай грамадскай пазіцыі.

Дзяцінства яе пакалення вызначыла вайна. У пачатку Вялікай Айчыннай бацька, Міхаіл Цімафеевіч Шышка, быў прызваны ў Чырвоную армію. У баі пад Ленінградам байца параніла і кантузіла. Па стану здароўя накіравалі на працоўны фронт. На ваенным заводзе ў Ніжнім Тагіле вырабляў боепрыпасы да 1947-га…

Увесь гэты час мама, Любоў Максімаўна, клапацілася пра траіх дочак. Зберагла іх у гады акупацыі і нястачы пасляваенных выпрабаванняў. Мару бацькоў аб вышэйшай адукацыі для дзяцей дочкі ажыццявілі – дзеля радасці самых дарагіх людзей.

Валя стала першакласніцай у 6 год. Выдатна закончыўшы СШ №1 г. Слуцка, у прыгарадзе якога жыла сялянская сям’я, паступіла на гісторыка-геаграфічнае аддзяленне Магілёўскага педагагічнага інстытута. Тры студэнцкія гады ўзначальвала камітэт камсамола факультэта.

Малады спецыяліст была накіравана ў адну з вясковых школ Ганцавіцкага раёна. Праз год дэлегата Брэсцкай абласной камсамольскай канферэнцыі рэкамендавалі на пасаду другога сакратара Лунінецкага прамысловага гаркама ЛКСМБ. Так пачаўся адлік жыцця на зямлі, стаўшай другой радзімай. Камсамол сапраўды называе лёсам: тут набыла не толькі вопыт арганізацыйнай работы, але і сустрэла будучага мужа. Актывіст маладзёжнага руху Мікалай Уладзіміравіч Ярмушэвіч доўгі час працаваў галоўным эканамістам упраўлення райсельгасхарчу. Вось ужо 48-ы год яны разам ідуць па жыцці.

Нібыта выконваючы наканаванае звыш, у 1965-ым Валянціна Міхайлаўна вярнулася да настаўніцтва. Займалася з дарослымі ў вячэрняй школе рабочай моладзі, выхоўвала малышоў у групе падоўжанага дня СШ №1, каб нарэшце стаць выкладчыкам гісторыі, чый прафесіяналізм падкрэсліваецца і сёлета, праз 15 год знаходжання на заслужаным адпачынку.

Мае знаёмства з Валянцінай Міхайлаўнай адбылося ў 1980-ым, калі яна ўзначаліла калектыў СШ №1 г. Лунінца. Мая дачка мела гонар атрымаць атэстат сталасці з рук строгага, патрабавальнага дырэктара. Гэту пасаду В.М. Ярмушэвіч займала 9 год, каб пасля зноў усёй душой аддацца настаўніцкай працы. Вопыт яе педагагічнай дзейнасці быў абагульнены абласным інстытутам удасканалення настаўнікаў. Па заданню з Брэста яна пастаянна апрабіравала эксперыментальныя праграмы, рэцэнзавала падручнікі, рыхтавала вялікія працы са сваімі вывадамі і рэкамендацыямі. Валянціна Міхайлаўна шмат год кіравала метадычным аб’яднаннем настаўнікаў гісторыі школ раёна, укараняла апярэджваючыя метады навучання па прадмету.

Быў запатрабаваны і вопыт грамадскай дзейнасці паважанага педагога. Актыўны лектар абласнога таварыства «Веды”, Валянціна Міхайлаўна запрашалася ў розныя калектывы для выступленняў па самых злабадзённых пытаннях. Адукаваны гісторык, цудоўны аратар, прывабная жанчына выдатна валодала аўдыторыяй. Яе шматгранная праца па вартасці ацэньвалася Ганаровымі граматамі раённага і абласнога ўзроўню, Міністэрства адукацыі БССР і Рэспублікі Беларусь, ЦК КПБ. У 1991 годзе ўдастоена звання «настаўнік-метадыст”.

Захоплены жыццём чалавек і ў пенсійным узросце знойдзе шмат спосабаў для самаўдасканалення. Валянціна Міхайлаўна галоўнай асалодай называе чытанне, на што раней не хапала часу. Аддае перавагу гістарычным раманам, перачытвае поўныя зборы твораў айчынных і замежных класікаў. Не прапускае ніводнага выпуску часопісаў «Вокруг света” і «Планета”. І па-ранейшаму ахвотна адгукаецца на прапановы аддзелаў ідэалогіі ці культуры выступіць з лекцыяй, асабліва на гістарычную тэму, да пэўных памятных дат.

Абодва сыны Ярмушэвічаў – ваеннаслужачыя. Жывуць у Санкт-Пецярбургу, на абароне якога калісьці праліў кроў іх дзед… Розныя захапленні ў двух унукаў: адзін, сёлетні выпускнік, схільны да дакладных навук – пайшоў у дзеда; другі, 8-класнік, таксама аддадзены біялогіі, як бабуля – гісторыі. Прыезд дзяцей з семьямі ў Лунінец – самае вялікае шчасце для Валянціны Міхайлаўны. Задаволеная здзяйсненнем уласных задум, яна жадае такой жа паўнаты жыцця нашчадкам.

Наталля КАЗАНКОВА, старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть