Общество

МАТУЛІНА СПОВЕДЗЬ

Даўно столькі смеху, весялосці і цеплыні не бачыў
звычайны сялянскі дом пад нумарам 32 па вуліцы Старасельская ў Дварцы. Шырока
адчыненая брама, вясёлыя песні, што даносіліся з пакояў, здавалася, гасцінна
заклікалі кожнага зазірнуць сюды…

Тут сабралася вялікая сям’я Соф’і Пятроўны Коваль, каб
разам сустрэць 80-гадовы юбілей сваёй самай лепшай, самай пяшчотнай, самай
дарагой на свеце мамачкі, бабулі і прабабулі… Як і ў звычайным жыцці,  сціплая і маўклівая, яна сядзела ў чырвоным
куце за сталом, устаўленым святочнымі стравамі, уважліва слухала пажаданні
сваіх крывіначак, любавалася іх вясёлымі тварамі і ўдалымі постацямі і недзе ў
глыбіні душы перажывала: шкада, не бачыць бацька, як пасталелі дзеці, выраслі
ўнукі, шпарка бегаюць праўнукі… Усяго 62 гады зямнога шляху адмерыў лёс мужу
Еўдакіму. Ён так і не паспеў пазнаёміцца з маладой выбранніцай самага малодшага
Івана. Гледзячы на нявестку з сынам, яе вочы нібы казалі, паглядзі, як добра
яны жывуць. Вось дом свой пабудавалі. У снежні разам з дзеткамі туды
перабраліся…Добра, што дзеці свята наладзілі, нарэшце ўсе разам сабраліся. Вось
Марыйка з мужам з Севастопаля прыехала, а Валечка з мужам і ўнучкай – з Ліды.
Ладныя ў нас дачушкі, разумныя, ды і спадарожнікі ў іх годныя. Сваёй любімай
справе прысвяціў жыццё старэйшы з сыноў – Васіль. Яго з дзяцінства выдзяляла
любоў да зямлі. Яшчэ сонца не паспее як след узняцца, а ён ужо на кані
калгасныя палеткі аб’язджае, нібы той старшыня, агрэхі трактарыстаў, што зямлю
аралі заўважае, а потым пра іх расказвае… Цяпер ён – дырэктар
сельгаспрадпрыемства. А Іванка настаўнікам стаў. Фізкультуру выкладае. Валюша –
таксама педагог, у Лідскай школе дзецей матэматыцы вучыць, заадно і загадвае
вучэбнай часткай школы. Марыя, – годны з яе юрыст атрымаўся, да звання
падпалкоўніка даслужылася. Пад яе кіраўніцтвам нямала людзей працуе, а яна не
“рублём” карае, калі нешта не атрымліваецца, а парадамі дапамагае. Колькі разоў
казала: “Калі хочаш, каб побач годныя спецыялісты працавалі, спачатку перадай ім
усё тое, што ведаеш, а толькі потым патрабуй”.

–Гэткія ж разумныя ў нас і старэйшыя сем унукаў, – як і
бацькі, кожны ці ўжо набыў, ці яшчэ набывае вышэйшую адукацыю. Яшчэ двое –
зусім малыя, – разважае Сояф’я Пятроўна. –  
Калісьці і я хацела вучыцца. Ды вайна не дала. Перад яе пачаткам толькі
першы клас з адзнакай закончыла, пасля ж было не да ўрокаў. З вёскі сям’я,
а  нас было 8 дзяцей,  перабралася жыць на хутар, трэба было зямлю
араць, хлеб вырошчваць…

Замуж пайшла зноў у вёску. Каб неяк жыць, купілі швейную
машынку, сама навучылася шыць і кроіць адзенне. Удала атрымлівалася, людзі з
усёй  акругі з заказамі шлі, а калі ў
Дварцы адкрылася атэлье, сталі запрашаць краўчыхай. Ды не пайшла, я ж –
самавучка. Грамату, праўда, ужо ведала, але разумела і тое, што не здолею
працаваць з адукаванымі калегамі. Шыццём зарабляла грошы дзецям на кніжкі.
Асноўная ж работа была ў школе – тэхнічкай. Нездарма кажуць, што жыццё ляціць
хуткакрылаю птушкай і толькі ў памяці застаюцца лепшыя яго імгненні… Іх у
мяне было шмат…

–І абавязкова яшчэ будзе наперадзе, – усміхаюцца Марыя і
Валянціна. – Ты заўсёды была і будзеш для нас прыкладам жаноцкасці і
мацярынства. Як бы цяжка нам усім не прыходзілася ў жыцці, ніколі не чулі ад
цябе дрэннага слова, павышанага тону… Ты настолькі разумна выхоўвала нас, што
нават у думках не было цябе аслухацца. Дагэтуль здзіўляемся, чаму ты ніколі не
скардзілася на стомленасць.  Мамачка,
няўжо ты сапраўды ніколі не стамлялася?

У адказ Соф’я Пятроўна толькі ўсміхнулася.

 Галіна КУЧЭЙКА. 

 

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть