Общество

МАЯ ВЁСКА “ЗА ПОЛЬСКІМ ЧАСАМ”

Вялікія Чучавічы ў архіўных крыніцах і ўспамінах старажылаў

У перыяд Польшчы была створана Чучавіцкая гміна. Адміністрацыйны будынак органа дзяржаўнай улады знаходзіўся на сучаснай вул. Леніна. Войтам быў прызначаны паляк Адольф Румінскі. У кіраванне гміны ўваходзілі солтусы: Сцяпан Паўлавіч Грыцкевіч, Міхаіл Яфімавіч Гаргун, Сцяпан Іванавіч Гаргун. Пісарам быў Васіль Сасукевіч. У 1929 г. у вёсцы пражывала 1320 чалавек.

Для ўсталявання новай улады і нагляду за мясцовым насельніцтвам у вёсцы адкрылі паліцэйскую ўстанову (“пастэрунак”). На службе знаходзіліся 5 паліцэйскіх – выключна палякі. Іх імёны і прозвішчы (магчыма, скажоныя) запісаны са слоў мясцовых старажылаў: Юзэф Бурэк, Скачэляс, Скубало, Зарэмба, Круль.

Мікалай Мікітавіч Макаед, 1923 г. н.: 

–Круль, калі бачыў каго на вуліцы пазней за 22 гадзіны вечара, збіваў гумавай палкай, які і за іншыя парушэнні вызначанага рэжыму. Нейкі Пятрук Юрчэня, аднавясковец, дапамагаў паліцаям, за што яго вельмі не любілі. Кожную ноч неслі дзяжурства – “варту”. Па чарзе ўсе мужчыны вёскі са спецыяльнай гумавай палкай з 18 гадзін вечара да 6 гадзін раніцы хадзілі па вуліцах, сачылі за парадкам, тэрмінова дакладвалі аб здарэннях: пажары ці крадзяжы маёмасці. У суботу кожны гаспадар павінен быў падграбці смецце на двары і на вуліцы насупраць свайго дома. Калі ў час агляду паліцэйскі ўбачыць, што комін над дахам хаты не пабелены, гаспадар атрымліваў штраф. 

Улетку ў вёсцы вызначаўся лепшы гаспадар. Аднойчы прызнаная пераможцай Сцепаніда Лявонаўна Ліхтар атрымала ўзнагароду: па 5 злотых за лепшых хатніх жывёл – свінню і барана.

Акрамя адміністрацыйных пабудоў, была “рэмізія” – будынак, у якім размяшчалася пажарнае дэпо. На скрыжаванні сучасных вуліц Леніна, Савецкая і Школьная знаходзіўся клуб – “Дом Людовы”. Сюды звычайна збіраліся людзі на сходы, для апавяшчэння розных аб’яў. 

У прыватнай бальніцы хворых прымаў доктар Гарэвой. Лячэнне было платнае, карысталіся ім нямногія. Наведвалі ўрача палякі і яўрэі. Бяднейшыя людзі лячыліся самі. У аптэцы можна было набыць лекі – тут працавала Надзея Панчына. Пазней адкрылі амбулаторыю, адкуль медыкі прыходзілі правяраць вучняў. У канцы 30-х гадоў пабудавалі лазню, якую наведвалі палякі і заможныя сяляне. У цырульні аказваў паслугі мясцовы жыхар Іван Жыбрук. 

Дзяржаўная польская школа з сямігадовым тэрмінам навучання размяшчалася па сучаснай вул. Школьная. Меліся два класы для правядзення заняткаў: адзін – у хаце Цімафея Гаргуна, другі – у хаце Фёдара Данілавіча Ліхтара. У 1926 г. быў пабудаваны новы будынак. Дырэктарамі школы былі Маеўскі, Казлоўскі, Шпрынгвальдава. Настаўнікамі працавалі Жылінская, Вішнеўскі, Беркам, Сухачэўская, Марчук і Марчукова (напэўна, муж і жонка). 

У школе выкладалі матэматыку, геаграфію, фізіку, польскую мову і літаратуру, гісторыю польскай дзяржавы, спевы, працу. У пятніцу або суботу ў школу прыходзілі свяшчэннік і равін. Дзяцей падзялялі на групы па веравызнанню. Праваслаўных вучылі запаветам Бібліі, а іудзеяў – Торы. 

Асаблівую ўвагу звярталі на выхаваўчую работу з дзецьмі ў малодшых класах. Наладжваліся розныя мерапрыемствы з удзелам школьнікаў. Арганізоўваліся паездкі лепшых вучняў у Варшаву. Бясплатна школа магла адправіць аднаго-двух чалавек. Астатнім трэба было плаціць. Кошт паездкі быў нятанным для сялянскай сям’і, ездзілі нямногія. Іншы раз дзяцей не адпускалі самі бацькі – баяліся. Асноўная частка вучняў не магла вучыцца далей: трэба было наймаць платных рэпетытараў, а пасля – плаціць за навучанне.

Захаваліся некаторыя імёны, прозвішчы, а, можа, і мянушкі яўрэяў, якія жылі ў нашай вёсцы: Майсей, Мураўчык, Аўраміско, Лейба, Тайба, сёстры Рохля і Сара. Сем’і былі дастаткова забяспечанымі. Яўрэі закупалі ў сялян свіней і курэй, малако, з якога абавязкова бралі пробу. За 10-20 літраў плацілі ад 1 да 3 злотых. Некаторыя шылі адзенне (у асноўным – лёгкае летняе), якое прадавалі на мясцовым рынку-кірмашы, што знаходзіўся каля праваслаўнай царквы. У суботу не працавалі. Калі ў гэты дзень патрэбна было зрабіць нейкую работу, наймалі сялян за грошы. Малітоўныя зборы праводзілі ў хаце равіна. 

Ульяна Паўлаўна Гушчэня, 1932 г.н.: 

–Яўрэі куплялі агародніну, лён, жывёлу. Яны не хацелі пасвіць свіней, наймалі сялян. Мелі прыгожыя, прывабныя дамы. На магазінах абавязкова былі нейкія шыльды. Часта ў вёску прыязджалі цыганы. Памятаю, завялі маленькае парася, якое ўсюды за імі хадзіла. Калі прыехалі праз год, гэта ўжо была вялікая свіння, але ўсё роўна хадзіла за імі…

Улада станоўча ставілася да царквы. Праваслаўны храм наведвалі і каталікі – касцёла ў вёсцы не было. У 1932 г. псаломшчык Павел Казакоў пасадзіў 75 клёнаў, некаторыя растуць і зараз. У 1926 г. з’явілася пратэстанцкая (“пяцідзесятнікі”) абшчына з пастырам Антонам Іванавічам Гаргуном. 

Асноўныя падаткі, якія плаціла насельніцтва, – страхоўка маёмасці і “шарварка” – адлічэнні на будаўніцтва дарог, мастоў і іншых пабудоў. Былі і другарадныя плацяжы. Для развіцця невялікіх прадпрыемстваў існаваў шэраг льгот. Вяскоўцы не мелі права вырошчваць тытунь і вырабляць гарэлачныя напоі. На гэтыя рэчы была дзяржаўная манаполія. Крамы, якія гандлявалі гэтымі таварамі, называлі “манаполькамі”. Крамы былі дзяржаўныя і прыватныя. Дзяржаўны магазін размяшчаўся ў памяшканні “рэмізіі”. Старажылы запомнілі прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей – прыватных уладальнікаў магазінаў, якія размяшчаліся пераважна на сучаснай вул. Леніна: Мураўчык, пасля Бранд – магазін змешаных тавараў; Шэвель і Іцка – магазін “Гаспадарчыя тавары”, каля царквы; Шут і Былінка – магазін “Бакалея”; Левандоўскі – яго магазін быў там, дзе знаходзілася былая пошта; Перагуд-Пагажэльскі – закупаў свіней, гандляваў мясам, вырабляў каўбасы. Меў паравы млын (знаходзіўся па сучаснай вул. Школьная), малоў збожжа; Землянік – магазін мяса і каўбасных вырабаў знаходзіўся на месцы сучаснага аўтобуснага прыпынку па вул. Савецкай; Гушчэня Іван Матвеевіч – магазін гаспадарча-прамысловых тавараў, якія закупаў у Клецку і Пінску, знаходзіўся ва ўрочышчы Гаргуны; Дыгіеў Барыс (асецін) – прадаваў муку і крупу для жывёл; Харлам – меў пякарню. 

На скрыжаванні сучасных вуліц Леніна і Савецкая размяшчалася дзяржаўная малачарня. Сяляне здавалі лішкі малака сюды ці, як ужо адзначалася, яўрэям. Па заказу фірмы “Aгахель” у нашай вёсцы нарыхтоўвалі лес, які адпраўлялі на пераапрацоўку ў Мікашэвічы. 

Навакольнае ўрочышча Грычын было ўключана ў турысцкі маршрут. У выданні М. Марчанка “Путеводитель по Полесью” (1935 г.) ён апісваецца так: “…Турист, желающий посмотреть девственные Гричинские болота, должен выйти из поезда на станции Люща, откуда грунтовой дорогой на фурманке за 4-5 злотых можно доехать до деревни Б. Чучевичи, которая находится в 21 километре от станции Люща. Отсюда в 6 километрах начинаются Гричинские болота. Здесь, на землях имения “Чучевичи-Гоцк”, принадлежащих фирме «Агахель», обитают последние медведи (последний медведь был застрелен лесничим Гражевичем в 1935 году). Б. Чучевичи имеет православную церковь, правление гмины, пост государственной полиции (пастерунок). У деревенского доктора можно приобрести необходимые средства. Ночлежные дома для 4-5 человек имеются у Урецкого и Мышкова…».

Фірма “Aгахель” запрашала ў свой маёнтак паляўнічых, указваючы, што ў чучавіцкіх лясах, бліжэй да ракі Лань, кожную зіму налічвалася каля 10 мядзведжых бярлог. Тут вадзіліся рысі, кабаны, лісы, касулі, бабры, цецярукі, а таксама ў вялікай колькасці – качкі. Бядой раёна і вёскі былі ваўкі, якіх шмат развялося пасля Першай сусветнай вайны. У справаздачы Лунінецкага старасты Ягадзінскага адзначалася, што у 1928 г. урон ад іх толькі ў Чучавіцкай акрузе склаў 100000 злотых. 

У чэрвені 1929 г. у Чучавіцкай гміне былі зарэгістраваны новыя паляўнічыя гаспадаркі: фальварак “Чырвоная Горка” і маёнтак “Дубіца”. У 1930 г. у вёсцы была пракладзена шаша ад гміны да канавы, абрыс якой існуе і цяпер. У 1933 г. работы былі прадоўжаны: шаша пралягла ад канавы да развілкі на Малыя Чучавічы і Баравікі. 

Васіль Іванавіч Гушчэня, 1928 г.н.: 

–Наша сям’я складалася з сямі чалавек: бацька, маці і пяцёра дзяцей. У гаспадарцы было 3 каровы, 2 цяляці, конь і 30 авечак, мелі каля 5 гектараў ворыўнай землі і 6 гектараў сенажаці. Яе куплялі на таргах або ў мясцовай улады. 25 злотых плацілі за 1 гектар зямлі; 12 – за вываз сухастою з лесу на працягу года; 2 – за ягады і грыбы; 2 злотых – за лазу на лапці, ліпавае лыка. Самачынна драць лазу і збіраць ліпавае лыка было забаронена. Такі штраф давалі, што трэба было прадаць амаль усю гаспадарку, каб разлічыцца. Рыбу, акрамя ўюноў, лавіць было забаронена. Сенажаць на таргах каштавала 50 злотых; столькі ж – карова; 1 пуд зерня – 2 злотых. Для таго, каб аплаціць падаткі ў лясніцтве фірмы “Aгахель”, людзі былі вымушаны спальваць галлё на лесанарыхтоўцы. Аплату атрымлівалі за 1 дзень па-рознаму: мужчыны – 1 злоты 20 грошаў; жанчыны – 80 грошаў; падлеткі – 50 грошаў. Памятаю, сястра аднаго з ляснікоў без дазволу (квітка) набрала кошык грыбоў. Калі той злавіў яе, высыпаў грыбы на дол, патаптаў і аштрафаваў яе. Аднойчы наш сабака задавіў 4 качкі на балоце. Штраф за адну забітую качку 25 злотых, а за адну забітую куніцу – 100 злотых.

Мужчыны зараблялі грошы на сплаве лесу па маршруце Заазёрская канава – Лань – Мікашэвічы. За дзень – 10 злотых. Калі камусьці шанцавала ўладкавацца на дзяржаўнае прадпрыемства ці работу, то сельскай гаспадаркай ён амаль не займаўся, але гэта было вялікай рэдкасцю.

Іван ГАРГУН, вучань 11 “Б” класа ліцэя.


Показать больше

Похожие статьи

Одно Сообщение

  1. Спасибо большое за вашу статью. Меня очень интересует история с. Большие Чучевичи, так как моя мама из этого села, а сама я родилась уже в Крыму.И хоть я бывала в Белоруссии всего несколько раз, но мне хочется знать как можно больше о родине моей мамы, хотелось бы узнать о своих прародителях. У моей мамы в девичестве фамилия Гаргун, моего деда звали Николай Захарович Гаргун, а бабушку Евдокия Степановна Гаргун.
    Ещё раз огромное спасибо за Вашу работу!

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть