“Мая зямля – маё багацце”
Общество

“Мая зямля – маё багацце”

img_2126Менавіта так захацелася перафразіраваць вядомую песню Вахтанга Кікабідзэ. Грузінскі спявак услаўляў свае гады, а вось тых, хто выбраў справай жыцця нялёгкую працу на зямлі, ушанавалі на ўрачыстасці, прысвечанай Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу.

Удзельнікі свята сабраліся з мінулую пятніцу ў зале ГДК. Адкрыў праграму народны ансамбль песні і музыкі “Шляхцічы”, пад чыю “Прывітальную” песню вельмі ўдала дапасавала фотапрэзентацыя, якая адлюстравала найбольш яркія старонкі аграрнай сферы Лунінеччыны. Эстафету цёплых віншаванняў распачаў старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко. Выказаўшы землякам шчырую ўдзячнасць за іх адданасць нялёгкай прафесіі, Аляксандр Мікалаевіч уручыў перадавікам Ганаровыя граматы і Падзячныя лісты. Такую ж прыемную місію выканаў дырэктар Брэсцкага абласнога тэрытарыяльнага фонду дзяржаўнай маёмасці Павел Манько. З яго рук узнагароды Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання атрымалі маслароб ААТ “Лунінецкі малочны завод” Ганна Кіпцэвіч і начальнік аддзела па забеспячэнню мінеральнымі ўгнаеннямі і ядахімікатамі ААТ “Лунінецкі райаграсервіс” Міхаіл Бандарэц. Скарбонка прафе-сійных дасягненняў шэрагу прадстаўнікоў сельгасарганізацый папоўнілася поспехамі абласнога ўзроўню.

З прыгожымі нумарамі мастацкай самадзейнасці, падрыхтаванымі таленавітымі артыстамі, чаргаваліся выступленні старшыні райсавета Віктара Рафаловіча, начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Аляксандра Савіны, кіраўніка райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольгі Ермалёнак, дырэктараў: філіяла “Лунінецкі аграпрамысловы саюз” – Уладзіміра Соца, ААТ “Лунінецкі малочны завод” – Сяргея Карпца, філіяла “НВК “Палессе” райспажытаварыства – Івана Соца, першага сакратара райкама БРСМ Ігара Гаргуна.

Шчымлівым адбылося ўшанаванне работнікаў, якія адпрацавалі ў галіне сельскай гаспадаркі 20 і больш гадоў. На сцэну ўзняліся амаль два дзясяткі вопытных прафесіяналаў, чые веды і ўзор сапраўднай любові да роднага краю могуць стаць годным прыкладам для моладзі. У іх асобе кіраўнік раёна Аляксандр Пачко падзякаваў усім ветэранам, якія прысвяцілі сябе працы на зямлі. Не хаваў Аляксандр Мікалаевіч упэўненасці, што маладыя кадры працягнуць слаўныя традыцыі папярэднікаў. Зрэшты, гэта паабяцалі і самі юнакі з дзяўчатамі, якіх неўзабаве запрасілі для ўшанавання. Гледзячы на ўпэўненых, прыгожых, мэтанакіраваных людзей, верылася: усё ў іх абавязкова атрымаецца!

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть