Общество

«Мэры Попінс» для двайнят

Усё часцей маленькія жыхары Лунінеччыны з’яўляюцца на свет не ў адзіночку, а па двое-трое. Толькі за апошнія паўгода ў раёне з’явілася  на свет 7 двайнят.  З такім прыбыткам у сям’і падвойваецца радасць, але і клопатаў дадаецца, таму вельмі дарэчы прыходзіцца лішняя пара рук. За дапамогай па догляду за малымі бацькі часта звяртаюцца да бабуль. Аднак, паслугу  няні прапаноўвае і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Карэспандэнт «Лунінецкіх навін» пабывала ў адной з такіх сем’яў і паглядзела, як гэта быць “Мэры Попінс” для дваіх.

«Прыемны сюрпрыз у квадрате…»

Калі Наталля і Сяргей Паўлючэнкі з Лунінца даведаліся, што стануць шчаслівымі бацькамі двайнят, спачатку крыху разгубіліся.

– Першая рэакцыя – шок, – не хавае Наталля. – Вядома, вопыт мнагадзетнай сям’і ўжо ёсць за плячамі. Навін дома чакалі Кацюша і Дзяніска. Сярэдняя Маргарытка была ў гэты момант побач са мной. У галаве адразу тысяча пытанняў паўстала: як справіцца, дзе размяс-ціцца  пяці дзецям і тром дарослым, бо наш дом яшчэ будуецца, а зараз жывем са свякроўю. Аднак страх змяніла радасць, як толькі на экране ўбачыла нашых сыночкаў.

– Мы  патэлефанавалі родным, – успамінае Сяргей. – Двайняты і нават трайняты для сваякоў не ў навінку, але гэта ў стрыечных братоў і сясцёр бацькоў. Тое, што сюрпрыз у квадраце можа чакаць і нас, нават   не думалі ніколі. Таму першае, што спыталі ў мамы: «Дапаможаш?».

– Канешне, мой адказ быў станоўчым, – уступае ў гутарку бабуля. – Траіх дапамагала гадаваць, і з гэтымі справімся.

– Надзея Іванаўна – незаменная памочніца. Нават не ўяўляю, што б мы без яе рабілі. Заўсёды побач, як кажуць, і словам, і справай. А да з’яўлення няні наогул была першай “палачкай-выратавалачкай”.

Яшчэ перад родамі сям’я Паўлючэнка, праштудзіраваўшы інтэрнэт, даведалася, што яны маюць права скарыстацца бясплатнымі паслугамі няні.

– У тэрытарыяльным цэнтры сказалі, што пакуль свабодных вакансій няма. А ў сакавіку патэлефанавалі, паведамілі, што ёсць свабодныя 0,25 стаўкі, – расказвае Наталля. – Баючыся пабочных людзей у доме, вырашылі самі знайсці “Мэры Попінс” для сваіх малышоў. У выніку спыніліся на кандыдатуры  стрыечнай сястры –  Кацярыне Шаламіц-кай (на верхнім здымку).

 «Вочы баяцца, а рукі памятаюць…»

Пакуль Наталля займае гульнёй старэйшых дзетак, Кацярына спрытна спраўляецца з непаседлівай малышнёй.

– Зараз смела магу застацца адзін на адзін з хлопчыкамі. Адразу трошкі боязна было, нягледзячы на тое, што пляменнікі. Проста, ужо і забылася, як трэба паводзіць сябе з немаўлятамі. У мяне дзве дачкі 12-ці і 5-ці год. Але, як аказалася, вочы баяцца, а рукі памятаюць. Узяла ўпершыню Захара, а ён круціцца, ні хвіліны спакойна пасядзець не можа, дакладна, як мая старэйшая: яна ў дзяцінстве мела такі ж характар. Але ведаю, як уціхамірыць непаседу. Ён любіць, каб яго пагладзілі і пра што-небудзь з ім пагаварылі, расказалі вершы або пачыталі казку.

Кацярына бярэ хлапчука на рукі і заводзіць з ім гутарку. І сапраўды, малыш тут жа заціх, прытуліўся, і, задаволены, заўсміхаўся. Жанчына працягвае:

– Нягледзячы на тое, што яны двайняты, у кожнага – свой характар. Ягорка з’явіўся на свет першым. Ён – задуменны, больш уважлі-вы, да ўсяго праяўляе цікавасць. Захарка – рагатун, асабліва бурная рэакцыя ў яго на тату, у якога на руках ён можа свавольна смяяцца па некалькі хвілін, напэўна, радуецца мужчынскай кампаніі.

Да размовы далучаецца Наталля:

– У нас сапраўды цудоўны тата. Нягледзячы на стомленасць пасля работы, заўсёды знаходзіць час для  нашага “дзіцячага сада”. Сярожа не адносіцца да катэгорыі тых мужчын, якія лічаць, што догляд за нашчадкамі – жаночая справа: ліха мяняе памперсы, з задавальненнем корміць і пераапранае двайнятак,  водныя працэдуры таксама не абыходзяцца без яго.

–  Не шкадую, што пагадзілася стаць няняй, – прызнаецца Кацярына. – Адзінае, што трэба – клопат і пяшчота. А за гэта дзеткі дораць мора пазітыўных эмоцый. Бачыш іх усмешкі і на душы адразу становіцца весялей, як быццам, вяртаешся ў сваё дзяцінства.

Факты

На Лунінеччыне, паводле слоў спецыяліста па сацыяльнай рабоце ТЦСАН Людмілы Чыкуровай, паслугамі бясплатнай няні карыстаюцца 5 сем’яў. Стаць ёю можна з 18 гадоў, пол значэння не мае. Наяўнасць медыцынскай або педагагі-чнай адукацыі не абавязкова. Неабходна прайсці медыцынскую камісію і гутарку з псіхолагам цэнтра. У сацыяльных “Мэры Попінс” 5 рабочых дзён у тыдзень па некалькі гадзін. Паслуга прадастаўляецца толькі сем’ям, якія выхоўваюць двайнят ці трайнят, да дасягнення дзецьмі ўзросту трох год.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть