КультураНовости районаОбществоЭкология

Месца адпачынку — возера Вулькаўскае Лунінецкага раёна

Сёлета да пляжаў, адкрытых у мінулыя сезоны, дабавілася возера Вулькаўскае. Вадаём даўно прыцягваў адпачываючых прыгажосцю навакольных мясцін і цудоўнай магчымасцю правесці тут выхадны, але з-за забруджанасці дазвол на купанне ў ім адпаведныя службы давалі не заўсёды.

Згодна з рашэннем райвыканкама “Аб мерах па паляпшэнню аховы жыцця людзей на водах раёна і падрыхтоўцы да купальнага сезона 2022 года” было даручана мясцоваму сельвыканкаму і ААТ “Вулькаўскі світанак” пры садзеянні Лунінецкага лясгаса забяспечыць тут умовы для летняга адпачынку. Асноўную частку задання выканалі работнікі сельскагаспадарчага прадпрыемства, якія пачысцілі ад ілу і смецця прыбярэжную зону, падсыпалі пляж чыстым пяском. Побач размясціліся новыя кабінкі для пераапранання, прыбіральні, лавачкі, пясочніца для дзетвары, кантэйнер для смецця. Спецыяльнымі бардзюрамі абазначаны абмежаванні для пад’езду транспартных сродкаў.

– Мы імкнуліся стварыць усё неабходнае для масавага адпачынку людзей, – расказвае дырэктар ААТ “Вулькаўскі світанак” Уладзімір Соц. – Гэта наша малая ра-дзіма, таму ахвотна прыклалі намаганні, каб яна выглядала прыгажэй, добрыя ўмовы спрыялі цікаваму правядзенню вольнага часу. Карыстацца пляжам будуць нашы працаўнікі, іх блізкія і госці аграгарадка. Гэта стане яго своеасаблівай візітоўкай, бо зона адпачынку размешчана непадалёк ад цэнтральнай дарогі, на ўездзе ў населены пункт.

Нагадаем, што афіцыйна зацверджаны пляжы на сажалках Баханова і па вуліцы Паркавай у Мікашэвічах, у зоне адпачынку каля вады на тэрыторыі аздараўленчага лагера “Спадарожнік”, на азёрах Белае, Шалёнае і Вулькаўскае.

Усе названыя месцы абсталяваны ў адпаведнасці з санітарнымі правіламі і нормамі. У мэтах перасцярогі ад узнікнення інфекцыйных захворванняў на працягу купальнага сезона не радзей аднаго разу ў два тыдні праводзяцца маніторынгі стану тэрыторый і лабараторныя даследаванні якасці вады.

– Звяртаю ўвагу адпачываючых, што не варта рызыкаваць сваім здароўем і выкарыстоўваць для купання іншыя вадаёмы, дзе невядома якасць вады, не праверана акваторыя, – расказвае галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Лунінецкага раёна Віталь Дзегцяроў. – На такіх сумніўных аб’ектах можна атрымаць траўмы, рознага роду інфекцыі, паражэнні скуры і слізістых абалонак.  Пры наяўнасці забараняючых знакаў устрымайцеся ад купання.

Землякам важна не забываць аб неабходнасці захавання правілаў асабістай гігіены. Калі няма магчымасці памыць рукі перад прыёмам ежы, выкарыстайце вільготныя сурвэткі. Бярыце з сабой прадукты, якія не патрабуюць асаблівых умоў захоўвання, не сапсуюцца на працягу некалькіх гадзін.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть