Общество

МОЦНАЯ ДУХАМ

Моц жанчыны, гаварылі класікі, у яе слабасці. Што датычыць камерцыйнага агента станцыі Лунінец Ніны НІКІЦЕНКА, якая днямі адзначыла 55-годдзе, гэта вызначэнне падаецца памылковым. Моц духу выклікае захапленне мужнасцю жанчыны ў пераадоленні наканаваных лёсам нягод.

У сям’і Ніны Іванаўны з чыгункай былі звязаны бацька, многія родныя з боку яго і мамы. Выпускніца-1974 СШ №3 г. Лунінца нядоўга вагалася з выбарам прафесійнага шляху. Пачынала з вучаніцы прыёмаздатчыка. Асвойвала азы спецыяльнасці – і разам набывала адукацыю. Чыгуначны тэхнікум закончыла яшчэ ў маладосці, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, стаўшы інжынерам па арганізацыі перавозак і кіраванню, – калі была ўжо жонкай і маці двух дзяцей. Удасканаленне ведаў садзейнічала прафесійнаму росту. Шмат год працавала таварным касірам, цяпер – іх кіраўнік.

У службовыя абавязкі камерцыйнага агента ўваходзіць кантроль за афармленнем дакументацыі на грузы, што адпраўляюцца па чыгунцы з Лунінца. Уважлівасць і дакладнасць Ніны Іванаўны служаць пастаянным узорам іншым працаўнікам. Да таго ж – і работа са шматлікімі кліентамі, якая патрабуе вытрымкі, добразычлівасці, дыпламатычнасці.

Усе гэтыя якасці ў поўнай меры ўласцівы юбілярцы. Што да маральнага клімату ў калектыве, то калегі шчаслівыя працаваць поруч з такой чулай і спагадлівай жанчынай. Вартыя пераймання і іншыя асабістыя рысы яе характару. Як бы ні падводзіла здароўе, якія б выпрабаванні ні сустракаліся на дарозе жыцця, Ніна Іванаўна ніколі не паскардзіцца, не пакрыўдзіцца, не пазлуецца. Сваёй прамяністай усмешкай яна быццам абязбройвае нягоды і ўрэшце перамагае іх.

У свой час яе бацька – манеўровы дыспетчар Іван Паўлавіч Канапацкі – быў адзначаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Шматгадовая добрасумленная праца Ніны Іванаўны таксама пастаянна заахвочваецца каштоўнымі падарункамі і высокай ацэнкай кіраўніцтва. Яна ўзнагароджана Ганаровымі граматамі райвыканкама і райсавета, начальніка Баранавіцкага аддзялення чыгункі.

– З якім настроем сустракаеце юбілей? – пытаюся ў калегі, якую ў многім лічу жыццёвым прыкладам і шчыра паважаю.

– Калі нашу службу перавялі ў памяшканне на сартавальнай горцы, здаецца, памаладзела, – жартуе Ніна Іванаўна. – Пераходжу мост і прыгадваю: як цяпер, так у свой час хадзіла ў школу на Залессе. Душу ахоплівае ўдзячнасць педагогам – за веды, настаўнікам у працы – за паступовае спасціжэнне спецыяльнасці, цяперашні вопыт…

Верыцца ў доўгі службовы шлях Ніны Іванаўны – чыгунцы патрэбны прафесіяналы, – як і працяг працоўнай дынастыі. Разам з мужам, машыністам лакаматыўнага дэпо, мама захапіла прафесіяй дачку – Наталья вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту. Застаецца пажадаць добрага самаадчування Ніне Іванаўне, якая адзначае юбілей у статусе дачкі, жонкі, мамы і бабулі, а яе блізкім – быць такімі ж моцнымі духам.

Галіна ТУРКЕВІЧ, інспектар па кадрах станцыі Лунінец.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть