Молодежь

ДАРЫЦЬ ЛЮДЗЯМ РАДАСЦЬ…

Свята вёскі ў Кажан-Гарадку, акрамя іншага, запомнілася неспадзяванай сустрэчай з пачынаючым майстрам пантамімы, артыстам сталічнага драматычнага тэатра Беларускай арміі Мікалаем ЗІМІЧАМ. Ён аказаўся цікавым суразмоўцам, неабыякавым да ўсяго, што адбываецца навокал.


– На радзіме ў Кажан-Гарадку бываю не так і часта, хаця сувязі з мілымі сэрцу мясцінамі не парываю: тут жывуць мае родныя і самая лепшая ў свеце мама. Менавіта з Лунінеччынай знітаваны час жыццёвага станаўлення: пасля заканчэння Аршанскага медыцынскага вучылішча працаваў фельчарам у Любані. Потым была служба ў арміі, вучоба ў Маскоўскім завочным юрыдычным інстытуце і, урэшце, – усведамленне, што прызванне маё ў іншым – дарыць людзям радасць.

– І пасля гэтага здолеў знайсці сілы кардынальна памяняць жыццё?

– Сцэнай “захварэў” яшчэ ў медвучылішчы. Куратар Алена Мікалаеўна Аляксеева студэнтаў-свавольнікаў у якасці пакарання за тыя ці іншыя правіннасці прымушала ўдзельнічаць у самадзейных пастаноўках. Для многіх гэта і сапраўды станавілася расплатай за гарэзлівасць, але не для мяне. Кароткія сцэнкі ўласнай рэжысуры і былі першым нясмелым артыстычным вопытам. У той час не ўяўляў нават, што ў Беларусі ёсць ВНУ, якія рыхтуюць артыстаў, думаў, што такія ўстановы – толькі ў Маскве ці Санкт-Пецярбургу…. Пачуў пра гэта выпадкова. З’явіўся ў акадэмію мастацтваў, калі набор ужо быў завершаны… Цяжка сказаць, чым узяў выкладчыкаў, але паступіць на падрыхтоўчае аддзяленне прапанавалі. Варта сказаць, што на той час быў я дастаткова сталым студэнтам – на першы курс трапіў у 22 гады, паспеўшы папрацаваць у сталіцы, акрамя ўсяго іншага, грузчыкам. Але пэўны жыццёвы вопыт не перашкаджаў, а, наадварот, дапамагаў у сцэнічным пераўвасабленні. Давялося шмат займацца пастаноўкай мовы, артыкуляцыяй, эцюдамі. Спакваля захапіўся пантамімай і зараз стараюся ўдасканальваць, разам з іншым, і гэтае майстэрства.

– Акрамя ўсяго, ўдалося стварыць дастаткова эфектны вобраз вядучага на тэлебачанні…

– Вопыт мой там пакуль яшчэ дастаткова сціплы. Хаця праект “Гісторыя з геаграфіяй” на тэлеканале “Мір”(перадача выходзіць кожную нядзелю ў 10.10) лічу ўдалым і шчаслівы, што запрасілі на яго вядучым. Акрамя гэтага, на АНТ вяду старонку “Бюджэтны сняданак” у ранішняй перадачы, а на “Ладзе” (сёння – тэлеканал “Беларусь-2” ) задзейнічаны ў падрыхтоўцы дзіцячай перадачы пад рабочай назвай “У гасцях у разумнага ката”. Запрашалі здымацца ў кіно (па дыплому мая спецыяльнасць – акцёр драматычнага тэатра і кіно), але для гэтага трэба развітацца з шэвялюрай, што рабіць пакуль не рызыкую, баючыся страціць пэўную адметнасць. А ўвогуле ў жыцці галоўнай застаецца тэатральная сцэна і спектаклі “Рамэа і Джульета”, “Прынцэса і салдат”, “Сабака на сене” і іншыя, у якіх з задавальненнем выходжу на сцэну дзеля сустрэчы з любімым гледачом. Буду вельмі рады, калі, бываючы ў сталіцы, землякі завітаюць у драматычны тэатр Беларускай арміі.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть