“Куды пайсці вучыцца?”. Такое пытанне часта задаюць вучні старэйшых класаў. Асаблівую актуальнасць яно набывае вясной, калі да заканчэння школы застаюцца лічаныя тыдні, а далейшае паступленне вось-вось пакліча тэстамі. Каб дапамагчы маладым людзям вызначыцца з прафесіяй, праводзяцца мерапрыемствы па прафесіянальнай арыентацыі.
Наведванне прафліцэя прыборабудавання дапамагло многім пераканацца, што тут будуць радыя бачыць сённяшніх выпускнікоў школ. Свой змястоўны расказ аб установе адукацыі дырэктар Мікалай Якубовіч падмацаваў відэафільмам пра спецыяльнасці, якія можна атрымаць у прафліцэі. Працягам роліка стала наведванне вучэбных класаў і памяшканняў. Намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Уладзімір Ермаковіч пазнаёміў гасцей з абсталяваннем, спецтэхналогіямі, майстэрнямі.
Пасля невялікай канцэртнай праграмы наведвальнікі адправіліся наладжваць знаёмства з яшчэ адной адукацыйнай установай – прафесійна-тэхнічным каледжам сельскагаспадарчай вытворчасці. Разам з намеснікамі дырэктара па выхаваўчай і вучэбна-вытворчай рабоце Іванам Клімчуком і Мікалаем Кругаўцом вучні прайшлі па тэрыторыі, пазнаёміліся з разнастайнасцю прапаноўваемых спецыяльнасцей. Асаблівую цікавасць выклікалі будаўнічая майстэрня, а некаторыя школьнікі зазірнулі ў рассадны пакой. Дакладнае апісанне вучэбнага і, так званага, творчага жыцця каледжа ўвасобіліся ў прапанаваным фільме. Пытанні юнакоў і дзяўчат сведчылі аб сапраўднай зацікаўленасці, а значыць, сустрэчы не прайшлі дарэмна! Невядома, на якой навучальнай установе спыняць выпускнікі свой выбар, які шлях выбяруць, але галоўнае, што лёгкая “працоўная” іскра пачала паціху распальвацца ў сэрцах падлеткаў, сярод якіх былі і “цяжкія”. Гэты пачатак закліканы выправіць усе агрэхі і памылкі іх лёсу.