Молодежь

Датэрмінова стаў СТУДЭНТАМ

11-класнік ліцэя Мікалай ПАРФІМОВІЧ, прызёр рэспубліканскай алімпіяды па хіміі.

– Палічыў, што гэта самы лёгкі шлях для паступлення ва ўніверсітэт, – усміхаецца юнак. – Заняў першае месца на раённых спаборніцтвах, пацвердзіў яго – на абласной алімпіядзе, у Гомелі, дзе сабраліся мацнейшыя “хімікі” Беларусі, стаў трэцім у асабістым заліку.

– Хто захапіў цябе гэтай складанай і цікавай навукай?

– Раней вучыўся ў лунінецкай СШ №1. Спачатку ўрокі хіміі выклікалі нянавісць. Аднойчы старэйшы сябар Марк Тоўкач літаральна зацягнуў на факультатыў. Настаўніца Таццяна Васільеўна Казлова прымусіла зацікавіцца незвычайнымі працэсамі, якія адбываюцца ў прыродзе. Спачатку я проста баяўся строгага, на першы погляд, педагога, а потым прывык да яе стылю выкладання. Калі перайшоў у ліцэй, трапіў да Ларысы Андрэеўны Ціханчук. Яна таксама строгі выкладчык, але ў іншым напрамку. У школе настаўнікі стараюцца, каб кожны вучань зразумеў і засвоіў прадмет. Ліцэй патрабуе пэўнага ўзроўню – тут арыентуюцца на мацнейшых вучняў.

– Як лічыш: калі не ленавацца, паставіць перад сабой мэту, кожны можа авалодаць энцыклапедычнымі ведамі і паказваць выдатныя вынікі на алімпіядах?

– Безумоўна, на пэўным этапе інфармацыйная насычанасць і будзе спрыяць поспехам, але не на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Тут энцыклапедыі наўрад ці дапамогуць. Заданні патрабуюць логікі выкладання, хуткага мыслення, сапраўды матэматычных разлікаў…

– Ці вызначыўся з будучай установай для атрымання вышэйшай адукацыі? Хаця… Мяркую, гэта хімфак БДУ?

– Памыляецеся! Мне так надакучыла хімія, што, наколькі магчыма, змагу “адарвацца” ад гэтай навукі ў медыцынскім універсітэце ў Мінску.

– Яшчэ да заканчэння ліцэя пазбегнуў ролі абітурыента… Акрамя будучага студэнтцва, ёсць яшчэ штосьці на мэце?

– Чакаю выкліку на зборы для вызначэння нацыянальнай каманды. Шэсць вучняў з Беларусі прымуць удзел у міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе ў Маскве, дзе будуць спаборнічаць знаўцы хіміі з усіх краін СНД. Жыццё працягваецца…

У Гомелі каманда Брэстчыны, якая складалася з 15-ці чалавек, мела тры прадстаўнікі Лунінецкага ліцэя. Акрамя нашага суразмоўніка, вопыт рэспубліканскай алімпіяды набылі два 10-класнікі, таксама “выхадцы” з СШ №1. Улад Гапко сёлета стаў другім у раёне, перамог – у вобласці. Міхаіл Баравой заняў першае месца ў раёне, адзначаны Дыпломам ІІ ступені на Брэстчыне. Працягваючы паспяховы шлях да пакарэння навуковых вышынь, юнак паказаў выдатныя веды і па фізіцы: перамог у раёне, а па выніках абласной і рэспубліканскай алімпіяд узнагароджаны “сярэбранымі” дыпломамі. Не залежна ад далейшага, гэтыя тры лунінчаніны – ужо пераможцы, з чым шчыра іх віншуем і жадаем ажыццяўлення не па-юнацкі грунтоўных намераў.

Гутарыла Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть