Молодежь

Фальклору няма пераводу, дзякуючы “Радаводу”

Ці даводзілася Вам на нейкі момант перанесціся ў казку, на некаторы час апынуцца ў атмасферы чысціні і любові, дабразычлівасці і сумленнасці, радасці і прыгажосці?..
Мне пашанцавала! Быў на «Радаводзе»! Такую назву гэты непаўторны, яскравы, унікальны па сваёй змястоўнасці фестываль дзіцячай фальклорнай творчасці набыў падчас рэалізацыі рэспубліканскай эксперыментальнай праграмы «Танцавальны фальклор і дзеці» (аўтар ідэі і кіраўнік Мікалай Козенка).

Усіх – гледачоў, удзельнікаў танцавальных спаборніцтваў і канцэртаў, выстаў і конкурсаў – аб’ядноўваў агульны святочны настрой, добразычлівасць і лагода. Галоўныя ўдзельнікі свята – дзеці рознага ўзросту – ад першакласнікаў і да выпускнікоў, для якіх захапленне беларускімі народнымі песнямі і танцамі стала і магчымасцю творчага самавыказвання, і самазацвярджэння ў спаборніцтве, і сцяжынай, пачаткам шляху далучэння да беларускай культуры.

Каб стаць удзельнікам фіналу, больш як 12 тысяч вучняў Брэстчыны прайшлі адборачныя туры ў сваіх рэгіёнах. У абласны цэнтр пашчасціла прыехаць лепшым з лепшых. 1720 вучняў з розных раёнаў дэманстравалі талент у выкананні народнай песні, танца, музыкі. “Радавод” значна пашырыў свае рамкі: можна сказаць, стаў міжнародным – акрамя прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў Брэстчыны, выступалі калектывы з Польшчы, Германіі і Харватыі.

Фестываль прымушае задумацца: адкуль я? Дзе тая кашуля, у якой брала шлюб мая бабуля, і чаму не захаваліся цымбалы, на якіх граў дзед? Што застанецца пасля мяне сынам, вучням?

У фестывалі «Радавод» удзельнічалі таксама 12 маладзёжных калектываў, якія працуюць у стылі фольк-мадэрн, у тым ліку гурт “Святы” з Лунінскай СШ. Яны распрацоўваюць фальклор ў розных напрамках – уласна танец, танец-песню, імкнуцца ствараць харэаграфічныя кампазіцыі з элементамі абраднасці. Сярод чытальнікаў баек адзначана лунінчанка Надзея Согава. Арыгінальныя рэпертуары паказалі ансамблі “Дварэцкія музыкі” і “Сунічка” з Вулькі 1, за што атрымалі дыпломы і ўзнагароды з рук намесніка начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Аляксандра Жука, дырэктараў: Цэнтра маладзёжнай творчасці – Івана Васіленкі і фестывалю – Алега Клуніна. Словы віншаванняў у адрас удзельнікаў гучалі таксама ад этнахарэографа Зоі Лышчык, дырэктара рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА” Дзмітрыя Субцэльнага, тэматычнага каардынатара праекта ПРААН Людмілы Блізнюк.

Танцавальныя пары падчас конкурсных праграм выканалі больш як 30 танцаў (полькі, вальсы, скокі, імправізаваныя), якія былі знойдзены ў час экспедыцый і адноўлены на месцах іх ранейшага бытавання. Нават «Шляхецкі вальс», «Гапак тройкамі», «Абэрэчак», «Карбардзінка», «Лязгонка» і іншыя, як бы не зусім традыцыйныя для нашага рэгіёну, выконваліся дзецьмі і падлеткамі вельмі адметна і прыгожа. Прыйшліся даспадобы танец «Спацер», полька «Рузя», імправізаваны танец-гульня «Ойра».

З дыпломамі другой ступені ў сваіх узроставых групах вярнуліся дамоў у Вульку 1 танцоры “Сунічкі” Арцём Рыбчынскі і Ганна Абрамчук, Юрый Калянковіч і Кацярына Лазько. Уладзіслаў Яфімаў і Аліна Маташук даказалі, што яны – лепшыя сярод старэйшых.

У Брэсце на свае вочы можна пабачыць, якія таленавітыя, творчыя і адметныя нашы дзеці. Цудоўная выстава мастацкіх вырабаў, вышыванак, ткацтва разгарнулася ў фае Цэнтра маладзёжнай творчасці. Прывячала наведвальнікаў “Бабуліна кухня”. А як удала вілася лаза ў руках звычайных хлапчукоў, як шпарка і прафесійна вышывалі маленькія дзяўчаты!..

У рамках фестывалю праходзяць не толькі святочныя мерапрыемствы, але і крапатлівая праца ўсіх закаханых у сваю спадчыну, родны кут, родную мову спецыялістаў і аматараў. У агульнаадукацыйных школах і пазашкольных установах вобласці праведзены абласныя і раённыя фальклорныя экспедыцыі, дзіцячыя навукова-практычныя канферэнцыі, фальклорныя чытанні, семінары-практыкумы. У сістэму «Радаводаў» увайшлі і выпуск зборнікаў у дапамогу кіраўнікам фальклорных калектывам і тым, хто цікавіцца народнай спадчынай. Адбылася таксама навукова-практычная канферэнцыя “Праблемы перадачы і захавання фальклору”.



Показать больше

Похожие статьи

Одно Сообщение

  1. З задавальненнем прачытаў матэрыял. Цікава і лёгка. Быццам сам пабываў на гэтым фестывалі. Дзякуй вялікі аўтару і газеце, што не забываецеся пра самабытнае, адвечнае, каштоўнае, пра наш радавод.

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть