Молодежь

ГРАМАДСТВА МОЦНАЕ ЯДНАННЕМ

Вядомы паэтычны заклік Петруся Броўкі: «Вам доўга крочыць праз гады. / Не забывайцеся ж, якія вы пакідаеце сляды…”. Гэтыя словы быццам заклікаюць моладзь задумвацца над кожным крокам, таму што нашы ўчынкі цяпер ствараюць уражанне, з якім будуць нас прыгадваць потым – у школе, двары, горадзе.
Часта ад старэйшага пакалення можна пачуць: «Не тая цяпер моладзь…”. Як не згадзіцца? Сама не раз станавілася сведкай выпадкаў, калі было крыўдна за пажылых і сорамна – за сваіх равеснікаў. У магазіне маладзенькая прадаўшчыца крычыць на старога, які доўга выбірае прадукты: «Затрымліваеце ўсю чаргу!”… У аўтобусе стаяць пажылыя жанчыны, а юнакі разваліліся на крэслах і дэманстратыўна глядзяць у акно… Прыкра. Але ж так дзяўчат і хлопцаў выхавалі іх бацькі – у пэўным сэнсе, дзеці гэтых пакрыўджаных ветэранаў працы.
Але моладзь – розная. Магу пацвердзіць гэта шматлікімі прыкладамі. Дзве мае аднакласніцы па ліцэі, разам з якімі зараз хвалюемся за вынікі тэсціравання, мараць стаць урачамі. Сярод прычын іх выбару – у тым ліку жаданне пераканаць старых, што дабрыня і прафесіяналізм людзей не залежаць ад узросту.
Насця Коваль гаворыць:
– Вельмі люблю сваіх бабулю і дзядулю. Калі стану ўрачом, у кожным пацыенце буду бачыць родных людзей і адпаведна адносіцца да іх. Цяпер прыслухоўваюся да парад старэйшых, таму што сама магу памыляцца, а яны валодаюць багатым жыццёвым вопытам.
Сяброўку падтрымлівае Марыя Кавалевіч:
– Хачу стаць доктарам, каб дапамагаць людзям. Вялікую патрэбу ў гэтым маюць, перш за ўсё, старыя, таму што за працай і хатнімі турботамі ў пакалення ветэранаў не было магчымасці сачыць за сваім здароўем. Але трэба паважаць людзей, незалежна ад іх узросту.
Так думаю і я. Зараз іншы час, іншыя погляды на шэраг новых рэчаў. Але ў нас ёсць маральныя каштоўнасці, якія аб’ядноўваюць прадстаўнікоў розных пакаленняў. Няхай агульнага будзе больш – у гэтым сіла грамадства.
Таццяна ЛЕМЯШЭЎСКАЯ. г. Лунінец.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть