Молодежь

КНІГА, ВАЖНАЯ НА ЗЯМЛІ І Ў КОСМАСЕ…

21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы

Такі прыклад – адзіны ў свеце! 
Ураджэнец Беларусі Уладзімір Кавалёнак адзін з касмічных рэпартажаў пачынаў нязвыкла: «Атрымаў томік вершаў на «Прагрэсе” на сваёй роднай беларускай мове…”. Гэта быў паэтычны зборнік «Нача” Васіля Зуёнка, увекавечыўшы назву невялікай рачулкі ў Крупскім раёне – малой радзіме і касманаўта, і паэта… Пасля таго, як зведала стан бязважкасці, кніга адразу набыла вагу незвычайную і апынулася ў музеі. Але і астатнія выданні Васіля Зуёнка мелі не меншую мастацкую вагу і вартасць. Сын калгаснікаў набываў адукацыю ў Барысаўскім педагагічным вучылішчы і на аддзяленні журналістыкі БДУ, стаў кандыдатам філалагічных навук. Працаваў галоўным рэдактарам часопісаў «Бярозка” (1972-1978) і «Маладосць” (1978-1982). Два тэрміны (1989-1997) узначальваў Саюз пісьменнікаў. Паэт, які сёлета адзначыць 75-годдзе, ушанаваў сваім наведваннем і наш край…
ххх
Раней не была на літаратурных сустрэчах, таму так яе чакала! У свой час прачытала паэму «Маўчанне травы” Васіля Зуёнка, за якую аўтар быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй 1982 года, і была захоплена яго творчасцю. Размову з паэтам можна назваць здзяйсненнем мары. Цяпер з большай упэўненасцю сцвярджаю: паэзія – гэта цуд, а людзі, якія ствараюць вершы, – цудоўныя. Мару пра новыя сустрэчы з паэтамі!
Ганна КУРАК, вучаніца 9 «Б” класа ліцэя.
У Дзятлавіцкай СШ, дзе раней вучылася, займалася ў юнкораўскім гуртку, таму ўдзельнічала ў шматлікіх літаратурных сустрэчах. Цяпер жа ўпершыню слухала выступленне Васіля Зуёнка. Ён – не проста творца, але і вучоны. Наколькі ж простая, даступная і прыгожая яго мова! Нягледзячы на тое, што сустрэча з літаратарамі з Мінска адбылася пасля заняткаў, не хацелася разыходзіцца: настолькі цікавымі былі адказы на нашы шматлікія пытанні. Здаецца, у сценах ліцэя сустрэча не закончылася. Словы паэта, які адным сваім кароткім радком ахоплівае ўвесь Сусвет, выклікала мноства разваг у душы! Гэта і шкадаванне аб тым, пра што не паспелі даведацца ад сваіх продкаў, і спадзяванне на тое, што з дапамогай сапраўднай літаратуры навучымся цаніць кожнае імгненне жыцця… 
Таццяна КАЦУБА, вучаніца 9 «Б” класа ліцэя.

Васіль ЗУЁНАК
ххх
Ніхто не пачуў:
Яблык упаў дасвеццем –
Ля Халопеніч, 
на Беларусі.
Ніхто не пачуў – 
Ні людзі, 
ні травы, 
ні вецер…
Ніхто.
А шар зямны
Здрыгануўся…

ЛІЦЭІСТЫ ЎРАЖВАЮЦЬ І ПАЭТАЎ…
Вядомы беларускі пісьменнік Міхась Скобла не першы раз наведаў наш горад. Сустрэчы з паэтам захапляюць не толькі магчымасцю пазнаёміцца з яго творчасцю, але і больш даведацца пра асобу праз самыя незвычайныя пытанні. 
9-класніца Таццяна Кацуба:
– Хтосьці з вашых блізкіх родных ці сваякоў былі паэтамі?
– Дакладна, што ў маёй сям’і ніхто не пісаў вершы. Але наогул вельмі мала звестак пра маіх продкаў, бабулю з дзядулем. Як бы хацеў даведацца, якімі яны былі людзьмі, якія мелі характары… Якім быў бы шчаслівым, калі б засталася якаясьці запісачка, хаця б: «Вымый посуд!”. Мне любая драбяза была б важнай!
9-класніца Ганна Курак:
– Ці быў у вашым жыцці літаратурны настаўнік?
– Як і многія сучасныя беларускія паэты, вучыўся складаць вершы па творах Янкі Купалы і Якуба Коласа. Любімым жа творцам называю Максіма Багдановіча.
11-класнік Андрэй Емельяновіч:
– Маладыя людзі пішуць вершы, але баяцца паказаць іх, не спадзеючыся на добрую ацэнку. Так могуць знікнуць таленты. Як паспрыяць іх адкрыццю?
– Мне зразумелая сітуацыя, калі юнакі і дзяўчаты саромеюцца дэманстраваць пробы пяра. Магу параіць быць больш рашучымі. Не трэба баяцца крытыкі. Заўсёды знойдуцца людзі, якія разгледзяць здольнасці і падтрымаюць.
11-класніца Настасся Макейчык:
– У вашым вершы «Сэрцы” паведамляеце пра незвычайны звычай пахавання славутых асоб, што існуе ў Польшчы. Сэрца Фрэдэрыка Шапена пахавана ў Варшаве, сэрца Юзэфа Пілсудскага – у Вільні. Калі б гэты звычай быў у Беларусі, дзе б вы хацелі пакінуць сваё сэрца?
 – Вы мяне проста ўзрушылі сваім пытаннем… Шмат мясцін, дарагіх майму сэрцу… Але не трэба думаць аб смерці ў маладосці! Давайце лепш уручу вам прыз за самае арыгінальнае пытанне.

«АКНО ДЛЯ МАТЫЛЬКОЎ”
Такая простая – і такая прыцягальная назва новай кніжкі Міхася Скоблы. Яна стала яшчэ больш кранаючай, калі даведаліся, з якім выпадкам звязана. Аказваецца, пра матылькоў, якія залятаюць у акно дачнага доміка, аўтару расказаў Янка Брыль. Гэта імя вымаўляем з асаблівым шанаваннем. 50 год таму ён быў у нашым краі, сустракаўся з дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР Барысам Ніканавічам Цельпуком. Народны пісьменнік Беларусі занатаваў розныя – праз прызму часу – погляды на тагачаснага старшыню Дзятлавіцкага сельсавета…
Мяне асабліва захапілі эсэ пра сучасных літаратараў. Набліжаны да чытача, з адначасовым асэнсаваннем іх недасягальнасці, і іншыя класікі – Пімен Панчанка, Анатоль Вялюгін, Рыгор Барадулін. З любоўю распавядаецца пра Анатоля Сыса, Алега Лойку, Ніну Мацяш. Уражана багацейшым слоўнікавым запасам аўтара! Ці не паўкніжкі выпісала сабе ў блакнот для выкарыстання як цытаты! З цёплай удзячнасцю аўтару чытала замалёўку, прысвечаную беларуска-украінскай паэтцы Іне Снарскай, дзе прыгадваюцца літаратурныя сустрэчы на нашым Белым возеры. 
Новы зборнік Міхася Скоблы прыцягвае і вершамі, якія на прадстаўленні выдання чыталі нашы вучні. Пацікавілася ў дзяцей, якія пачуцці выклікаюць паэтычна-філасофскія разважанні паэта?
Таццяна Коваль, 9 «Б” клас:
– Своеасаблівы эпіграф да аднаго з раздзелаў прысвечаны маме. Пранікнёныя радкі, напоўненыя глыбокім сэнсам, нікога не пакінулі абыякавымі. Я бачыла вочы сваіх аднакласнікаў. Напэўна, кожны з іх у думках уяўляў сваю маму і перажываў тыя ж пачуцці, што і аўтар…
Вольга Ходзіна, 9 «Б” клас:
– Пераможца «Еўрабачання-2009” Аляксандр Рыбак з Нарвегіі мелодыю «Купалінкі” ўславіў на ўвесь свет. Як адказана было чытаць аднайменны верш! Удзячна 11-класніку Івану Канановічу, школьнаму «Сымону-музыку”, які аздобіў чытанне мелодыяй скрыпкі. Шчаслівыя, што наша выкананне спадабалася ганаровым гасцям. Узнагароджаны кнігамі з аўтографам і дыпломамі – іх уручылі намеснік начальніка станцыі Лунінец Мікалай Канстанцінавіч Антановіч і метадыст аддзела адукацыі Таццяна Георгіеўна Стасюк.  
Юлія Макоўская, 10 «А” клас:
– Выкананне вершаў перад аўтарам выклікае асаблівае хваляванне. «Балада пра стайню” гучала ў абсалютнай цішы аўдыторыі. Інакш і не магло быць. Гэты твор распавядае пра жудасны перыяд нашай гісторыі, калі храмы знішчаліся ці ператвараліся ў клубы, збожжасховішчы, стайні. Вандалізм тагачаснага грамадства асэнсоўвалі нават коні, якія па начах укленчвалі, нібыта просячы ў Бога даравання людзям…
Ірына Адамовіч, 10 «А” клас:
– Сапраўдная сутнасць людзей адлюстроўваецца, калі яны стаяць перад выбарам, чаму аддаць перавагу: маральным ці матэрыяльным каштоўнасцям. Апошніх, на жаль, заўсёды больш. Верш «У музеі” распавядае пра беларускія святыні, якія страчаны з-за карысці ці бяздумства сучаснікаў. Але шэдэўры называюцца – і нібыта вяртаюцца да нас праз паэзію…
Хацелася б адзначыць, якія важныя для нас і два буйныя выданні паэта, што набыла школьная бібліятэка. Гэта своеасаблівыя літаратурныя энцыклапедыі ХХ стагоддзя: анталогія беларускай паэзіі «Краса і сіла” і анталогія шэдэўраў сусветнай лірыкі ў перакладах беларускіх паэтаў «Галасы з-за небакраю”. Кнігі сталі сапраўды настольнымі для выкладчыкаў і вучняў. Нашы дзеці цяпер рыхтуюць навукова-даследчую працу, прысвечаную такому рэдкаму жанру як хоку, і адкрылі яго для сябе ў выданнях Міхася Скоблы разам з імёнамі многіх выдатных паэтаў. Спадзяемся, што гэта – не апошняя сустрэча з прадстаўнікамі нацыянальнай эліты, як спрадвеку называюць літаратараў, якія ўзнімаюць нас над паўсядзённасцю быцця да вышынь духоўнасці.  
Наталля Іванаўна КАЗАНКОВА, ветэран педагагічнай працы СШ №4.

ПРОБА ПЯРА
Аліна КАЛОШЫЦ, 9 клас Мікашэвіцкай гімназіі.

ххх
…У памяці – складаныя хвіліны,
Цябе забаранялі ведаць ўсім,
Мужыцкай, непрыгожаю лічылі,
Не пасмеўшы ўсё ж знішчыць зусім!
Цябе ніколі не забудзем,
Я роднай мовай беларускую заву,
І веру: навякі застанешся з народам,
З табою пачала і шлях вяду. 
Як маці ты для ўсіх людзей –
Пяшчотная, ласкавая, як сонца,
З табой жывецца весялей,
І калі любім – то бясконца!
Мова ў нас – каштоўны скарб народа,
Павінна быць у думах, сэрцы і душы,
Для беларусаў – сапраўды ўзнагарода
За цяжкія гісторыі гады…

Аліна ФЕДАРОВІЧ, 9 клас Мікашэвіцкай гімназіі.
ххх
Гучыш прыгожа – «ці-лі-лі”,
Няма такой на ўсёй зямлі!
Калі захочаш параўнаць,
Не знойдзеш, можаш не шукаць!

Святлана ЛЯЎКОВІЧ, 11 клас Мікашэвіцкай гімназіі.
ххх
Што маем пад багаццем мовы?
Лугі, палі ці лес зялёны,
А, можа, гэта дуб адзін
Стаіць між домікаў-хацін?
Ці птушка, што ляціць у небе,
Ці, можа, плуг глыбока ў глебе?
Пералічыць складана і не важна, 
Бо словы ўсе – то мова наша.
І кожны беларус павінен захаваць,
Стагоддзямі маглі каб шанаваць,
Данесці да сваіх нашчадкаў…
Мова – пачатак ўсіх пачаткаў! 

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть