Молодежь

МАРА ВЫДАТНИЦЫ

У наш час навейшых інфармацыйных тэхналогій, шоу-бізнэса і высокай моды ў моладзі самыя розныя заняткі і цікавасці. Часцей за ўсё яны фарміруюцца пад уплывам мас-медыя. У вучаніцы 11 “А” класа СШ № 4 Ірыны АДАМОВІЧ зусім іншыя прыярытэты. Яна прагне да ведаў, таму з самага пачатку вучыцца на выдатна.

– Імкнуся развівацца ва ўсіх напрамках. У апошні час асаблівую ўвагу надаю біялогіі, хіміі і рускай мове. Мару стаць урачом і рыхтуюся да цэнтралізаванага тэсціравання. Пашанцавала, што ўвесь клас дастаткова моцны, таму няма зайдрасці, спаборніцтва, спрэчак.

А яшчэ дзяўчына прафесійна займалася танцамі: 5 год – бальнымі і 3 – эстраднымі. Захапляецца спортам, асабліва валейболам, наведвае мноства гурткоў. Аб іх цяпер нагадваюць мяккія цацкі, якія пашыла сама. За актыўнае дзяцінства ўдзячна матулі, бо менавіта яна дапамагала дачцэ пашыраць кругагляд. Ад школьных мерапрыемстваў таксама не адставала – удзельнічала ў раённых алімпіядах па гісторыі і грамадазнаўству, нават прызавыя месцы займала. Увогуле на рахунку Ірыны дастаткова знамянальных падзей. У 2008 годзе ўвайшла ў дзесятку пераможцаў конкурса “Пяро бусляняці”. У якасці прыза была паездка ў лагер “Галактыка”, дзе сустрэліся з журналістамі і мелі магчымасць узяць інтэрв’ю ў зорак спорту. У мінулым годзе пакарыла сваёй прыгажосцю – стала міс Лунінец. Самым важным дасягненнем лічыць навукова-даследчую работу “Хоку – таямніца сусветнага прыцягнення”, якую разам з навуковым кіраўніком Галінай Анатольеўнай Бут-Гусаім выставілі ў педагагічным універсітэце імя М. Танка. Цяпер можна пахваліцца дыпломам другой ступені.

Нягледзячы на ўсё, дзяўчына знаходзіць яшчэ і вольны час:

– У выхадныя дні люблю прайціся і падыхаць свежым паветрам, абстрагавацца ад усіх заняткаў і праблем.

Спадзяюся, што такі таленавіты чалавек дасягне пэўных высот, вывучыцца на доктара і будзе дарыць людзям здароўе і радасць.

Жанна МЕЛЯШКЕВІЧ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть