МОЛАДЗЬ, ШЧАСЛІВАЯ БУДУЧЫНЯЙ
На плошчы Леніна ў Лунінцы прайшла ўрачыстасць, прысвечаная святу энергіі і аптымізму – Дню моладзі. Яго ўдзельнікамі сталі не толькі юнакі і дзяўчаты – усе, хто адчувае вясну і маладосць у душы.
Святкаванне пачалося павольна. Ад небывалай спякоты “плавіўся” асфальт. Перад будынкам ГДК актывісты БРСМ размясцілі вялікае палотнішча, дзе пераважна малышы малявалі сваё ўяўленне шчасця. Насупраць раённага вузла паштовай сувязі свой куток арганізавалі валанцёры Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Яны правялі акцыю супраць курэння, у ходзе якой сабрана больш як 80 цыгарэт, а ў імправізаваны драўляны муляж увагнана 3 кілаграмы цвікоў. Яшчэ ў гэты вечар валанцёры нагадалі аб здаровым ладзе жыцця: калі сцямнела, запалілі 100 свечак у памяць пра ахвяр СНІДу, кожную сёмую з іх патушылі…
Гараджане стараліся схавацца ў цяньку і толькі, калі пачалася ўрачыстая частка, падышлі бліжэй да сцэны. Аб тым, што маладосць – час надзей і адкрыццяў, у прывітальным слове нагадаў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Рафаловіч. Пад дружныя апладысменты ён уручыў каштоўныя падарункі перадавікам вытворчасці, пераможцам спаборніцтваў маладых механізатараў. Асаблівыя словы ўдзячнасці адрасаваны навучэнцу прафтэхкаледжа сельскагаспадарчай вытворчасці Дзмітрыю Коўшыку, які выратаваў дваіх малышоў з палаючага дома.
Сапраўды яскравым відовішчам стала паказальнае выступленне выхаванцаў спартыўнага клуба “Самурай”, якім кіруе Дзмітрый Карасёў. Не менш гледачоў сабраў конкурс бодзі-арта – малюнкаў на целе. Самыя моцныя прадстаўнікі клуба “Выток” парадавалі гасцей свята сваім незвычайнымі здольнасцямі ў шоу “Сілавы экстрым”. Трактарнае кола, 55-кілаграмовыя гіры, 160-кілаграмовае карамысла, незвычайны якар з 2-пудовых гір не склалі для іх асаблівай цяжкасці. З заміраннем сэрца назіралі балельшчыкі, як адважныя спартсмены зрушвалі з месца аўтамабіль вагой 2,5 тоны. Сяргей Зялянін, які, дарэчы, стаў пераможцам, устанавіў асабісты рэкорд у станавай цязе – 310 кілаграмаў. Анатоль Маркавічэнка і Сяргей Чарненка падзялілі паміж сабой другое і трэцяе месцы.