НАВУЧЫЦЕ ВЫРАТОЎВАЦЬ ЛЮДЗЕЙ
Працягваецца адбор жадаючых для паступлення ў навучальныя ўстановы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Аб асаблівасцях прыёму гутарым з намеснікам начальніка РАНС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Уладзімірам ЦІХІМ.
– Колькі ўстаноў адукацыі навучаюць прафесіі выратавальніка?
– У нашай краіне функцыянуюць дзве вышэйшыя ўстановы МНС – Камандна-інжынерны інстытут у Мінску і Гомельскі інжынерны інстытут. У абедзьвух праводзіцца 4-гадовае навучанне па спецыяльнасці «Папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый”.
– На што могуць разлічваць выпускнікі?
– Пасля заканчэння тэрміну навучання гарантуецца працаўладкаванне ў падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях на афіцэрскія пасады з прысваеннем звання «лейтэнант унутранай службы”.
– Якія экзамены давядзецца вытрымаць?
– Спачатку ўсе жадаючыя павінны напісаць заявы і падаць іх у РАНС (вул. Чырвоная, 164, тэл. 2-67-30). Пазней, у адпаведнасцямі з правіламі прыёму, абітурыенты павінны прайсці цэнтралізаванае тэсціраванне і прадаставіць у прыёмную камісію ВНУ сертыфікаты па беларускай (рускай) мове, фізіцы і матэматыцы. Непасрэдна ў інстытутах давядзецца прайсці толькі прафесійны адбор ў форме заліка па фізічнай падрыхтоўцы.
– Ці складана выканаць нарматывы?
– Пры правядзенні выпрабаванняў юнакам неабходна прабегчы 100 метраў за 14,2 секунды, 1000 метраў – за 3,25 хвіліны і 10 разоў падцягнуцца на перакладзіне. Дзяўчаты павінны пераадолець адлегласць у 100 метраў за 18,2 секунды, 500 метраў – за 2,20 хвіліны і не менш як 30 разоў за 1 хвіліну выканаць комплексна-сілавое практыкаванне (нахілы тулава, згібанне і разгібанне рук ва ўпоры лежачы).
Думаю, неабходна адзначыць і той факт, што вышэйшыя навучальныя ўстановы МНС праводзяць набор у першым патоку. У выпадку непаступлення, вы можаце падаць дакументы ў іншыя тэхнічныя ВНУ краіны.
– Паведамце, калі ласка, кантакты навучальных устаноў.
– Камандна-інжынерны інстытут – г. Мінск, вул. Машынабудаўнікоў, 25, тэл. 8-(017)-291-03-38. Гомельскі інжынерны інстытут – г. Гомель, Рэчыцкая шаша, 35а, тэл.: 8-(0232)-49-83-13, 41-46-54.
– Дзякуй за інфармацыю. А абітурыентам – «ні пуху, ні пер’я”!
Гутарыў Аляксандр КОЎКА.