Молодежь

НЕВЫПАДКОВА ДАДЗЕНА ЖЫЦЦЁ

Як шмат парою хочацца сказаць… Сказаць не пра тое, як часам балюча адчуваць сябе адзінокай… Не пра тое, што нават сярод натоўпу людзей сёння нельга свабодна паразважаць… А так хочацца падзяліцца тым, што хвалюе мяне ўнутры, калі знаходжуся далёка ад дома і любых сэрцу мясцін…

Здавалася б, яшчэ зусім нядаўна я пісала ў “раёнку” школьніцай. Зараз я – студэнтка журфака БДУ. Некаторыя сябры і родныя ніколі не падзялялі майго імкнення да такога віду дзейнасці. Але мне, заўсёды ўпартай і непадкупнай, пашчасціла ажыццявіць сваю мару. Вядома, вялікую ролю ў жыцці адыгралі супрацоўнікі “ЛН”. Менавіта яны паказалі, якой павінна быць праца сапраўднага карэспандэнта. Адданасць і праўдзівасць – першыя асаблівасці работы журналістаў. Гэта і многае іншае я зразумела не без дапамогі газетчыкаў.

…Прыезд у сталіцу бачыўся яскравай і памятнай падзеяй. Але заняткі, што цягнулі шматлікія турботы і хваляванні, вярнулі да “рэальнасці”. І я, звычайная сялянская дзяўчына, адчула: у шумным і не зусім зразумелым месцы трэба вучыцца выжываць!
Часцей паяўляліся думкі: “А што я тут раблю?”. Мара атрымаць вышэйшую адукацыю крыху прыглушала сумныя пачуцці. Яшчэ ў такія моманты прыгадваю родны куточак, любімыя мясціны, бацькоў, сяброў – усіх, каго пакінула дзеля вучобы. А ці вартыя яны такіх ахвяр?! Можа і не…

…Поўнач. Мінск ззяе агеньчыкамі, нібы на сонцы. Толькі ў маіх вачах паяўляецца адзіны ліхтарык далёкай вёсачкі, да якога з такой пяшчотай адносяцца землякі. У начны час на вуліцах сталіцы можна сустрэць многа моладзі. Ды маё сэрца не весяліцца з усімі…Трэба адпачываць, каб у сне зноў апынуцца там, куды кожную хвілінку рвецца душа, дзе блукаюць мары – вёсцы Язвінкі.

А напаследак звяртаюся да тых, хто за прыгожымі праспектамі згубіў вобразы сваёй Бацькаўшчыны. Не забывайце мясцін, дзе нарадзіліся, выраслі, зрабілі першыя крокі ў самастойны шлях. Жыццё ніколі не бывае роўным. У час адчаю і смутку яшчэ не раз захочацца вярнуцца туды. Ды спачатку давядзецца спытаць сябе: “Ці чакаюць там мяне?”. І аднойчы, адчыніўшы веснічкі, ахутаюць добрыя і прыемныя адчуванні неабыякавасці да вас. Паверце, у такія моманты разумееш: невыпадкова дадзена жыццё…

Марына АРЭШКА, студэнтка журфака БДУ.



Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть