Молодежь

ПРАФЕСІЯ І ЗАХАПЛЕННЕ – У СПАДЧЫНУ

Работа следчага – гэта сапраўдная мужчынская работа. Ва ўрачыстай абстаноўцы ў абласной пракуратуры следчы Андрэй ХОДАР прыняў прысягу. Напярэдадні важнай падзеі ў жыцці парасілі маладога чалавека расказаць, чаму з усіх існуючых спецыяльнасцей у юрыспрудэнцыі ён абраў адну з самых складаных.

– Цяпер, здаецца, гэта не модна, але лічу, што яна дасталася ў спадчыну. Мой бацька Георгій Вікенцьевіч у свой час быў следчым абласной пракуратуры. На жаль, ён трагічна загінуў пры выкананні службовага доўга. Таму аб складанасцях ведаю не па чутках.

– Дзе атрымлівалі юрыдычную адукацыю?

– Летась закончыў Брэсцкі дзяржаўны універсітэт імя Пушкіна. Яшчэ студэнтам даводзілася выязджаць з супрацоўнікамі РАУС на агляды, у тым ліку тыя, што связаны з заўчаснай смерцю. Многія з аднакурснікаў, якія дагэтуль таксама марылі пра работу следчага, хутка адмовіліся ад сваіх планаў. А я больш пераканаўся ў тым, што ў мяне ўсё абавязкова атрымаецца.

– Вы – не лунінчанін. Як адрэагавалі, калі прапанавалі паехаць у глыбінку?

– Нарадзіўся ў вёсцы Моталь Іванаўскага раёна, але зараз сям’я жыве ў Брэсце. Калі прапанавалі паехаць у Лунінец, ведаў толькі, што гэта самы аддалены раён, аднак тут можна прайсці сапраўдную “школу”.

– Не расчараваліся?

– У пракуратуры – выдатны калектыў, дзе пануюць узаемавыручка і ўзаемапавага. Разам з тым, і вельмі высокая патрабавальнасць. Гэта датычыць не толькі ідэальнага парадку ў справах, але нават і ў знешнім выглядзе супрацоўнікаў.

– Што з’яўляецца самым важным у рабоце?

– Памятаць, што ў любой справе дробязей няма, усё павінна быць пад кантролем. Мала ведаць законы, методыку, псіхалогію. Кожны новы матэрыял – гэта абавязкова нешта новае. Таму толькі практыка дазволіць стаць сапаўдным прафесіяналам.

– У пракуратуру, як і ў іншыя інстанцыі, людзі часта звяртаюцца са скаргамі. Ці даводзілася праводзіць праверкі па іх?

– За час маёй работы праводзіў праверкі па скаргах на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. Іх было 6. Амаль усе яны неабаснаваныя. Многія проста помсцяць за тое, што праваахоўнік прыцягнуў да адказнасці за ўчыненае правапарушэнне. Аднак існуюць факты, якія сведчаць аб перавышэнні супрацоўнікамі міліцыі службовых паўнамоцтваў, за што яны нясуць пакаранне.

– Ведаю, што рабочы дзень работніка пракуратуры звычайна заканчваецца не раней 20 гадзін. Што дапамагае вытрымліваць такі напружаны графік?

– Акрамя прафесіі ў спадчыну ад бацькі атрымаў і захапленне спортам. Рэгулярныя заняткі – гэта выдатны стымул і для работы, і для жыцця!



Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть