Молодежь

ШЛЯХ У 10 ГОД АД “А” ДА “Я”

паспрабавалі прайсці ўдзельнікі ўрачыстасці, прысвечанай юбілею Мікашэвіцкай гімназіі імя Уладзіслава Нядзведскага. Настаўнікі, ветэраны педагагічнай працы, вучні і іх бацькі, выпускнікі і ганаровыя госці сабраліся ва ўтульнай зале Палаца культуры “Граніт”.

10 год для сусветнай гісторыі – гэта, магчыма, імгненне, а для калектыву элітнай навучальнай установы – цэлы перыяд жыцця. І юбілей стаў выдатнай нагодай, каб азірнуцца ў мінулае, прыгадаць добрым словам тых, хто ўнёс важкі ўклад у агульную справу, і, зразумела, удакладніць планы на будучае. З самага пачатку і да завяршэння святочную праграму напаўнялі ўсмешкі і кветкі, танцы і песні, вершы і музыка, віншаванні і пажаданні.

Сямейны альбом гімназіі адкрыла першая старонка, калі пад ціхую мелодыю на сцэне “расцвіла” чароўная кветачка… Перадаць трапяткое пачуццё яе нараджэння і станаўлення дапамог танец матылькоў. З асаблівым настроем звярнуўся да прысутных дырэктар установы Сяргей Пятровіч Высоцкі. Ён выказаў шчырую ўдзячнасць усім, хто прыйшоў раздзяліць радасць юбілею, самааддана працуе побач, выдатнымі поспехамі ў вучобе праслаўляе гімназію ў раёне і за яго межамі і тым, хто кожны верасень спяшаецца сюды за новымі ведамі.

Памятаеце народную мудрасць: касцёр, запалены на вяршыні гары, не сагрэе тых, хто ля падножжа? Дык вось у гімназіі працуюць людзі, якія разводзяць свой агеньчык так, каб сагрэць усіх акружаючых. Аб гэтым сведчыла чарговая старонка “Нашы майстры”. Пайменна названы мудрэйшыя педагогі, дзякуючы ўменню якіх і вопыту была пастаўлена высокая планка патрабаванняў да ўзроўняў як выкладання, так і ведаў вучняў. Ад імя настаўнікаў-ветэранаў выступіла Тамара Іванаўна Гваздзіцкая. Прыгожым песенным дуэтам парадавалі Ева Іванаўна Фіцнер і Варвара Ігнатаўна Драздовіч.

Старонку “Нашы сябры” віноўнікі ўрачыстасці прысвяцілі гасцям. Па чарзе на сцэну ўзнімаліся, віншавалі, уручалі Ганаровыя Граматы і Падзячныя пісьмы, падарункі і сувеніры старшыня райсавета Віталь Адзішчаў, галоўны спецыяліст раённага аддзела адукацыі Раіса Мазырчук, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Нэлі Рафаловіч. Прывітальны адрас ад дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Ларысы Вершаловіч зачытаў яе памочнік Іван Архіпчык. З падарункамі завіталі на свята і супрацоўнікі “Лунінецкіх навін”. Да цёплых віншаванняў далучыліся таксама мэр Мікашэвіч Анатоль Давыдовіч, начальнік раённага аддзела Фонду сацыяльнай абароны Аляксандр Волчык, дырэктары мясцовых школ: №2 – Галіна Сыцэвіч, №1 – Анатоль Арашкевіч і многія іншыя, хто ў свой час аказваў пасільную дапамогу гімназіі. Пад дружныя апладысменты Сяргей Пятровіч уручыў ім падзячныя пісьмы ад імя свайго калетыву. Усе выступленні чаргаваліся з вясёлымі нумарамі мастацкай самадзейнасці, падрыхтаванымі вакальнай групай “Натхненне”, калектывам народных танцаў, вучнямі 6 і 9 класаў.

Слаўная старонка біяграфіі – прысваенне гімназіі імя беларускага пісьменніка і паэта Уладзіслава Іосіфавіча Нядзведскага. У свой час папячыцельскі савет заснаваў аднайменную літаратурную прэмію, якой удастойваюцца лепшыя творчыя работы вучняў. Аўтарскае паэтычнае прысвячэнне зачытала настаўніца Вольга Аляксандраўна Войткус. Яе добрым працягам стала ігра на акардыёне вучаніцы 6 класа Марыі Арол – лаўрэата рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя Жыновіча, стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Арганізацыя сустрэч з пісьменнікамі і паэтамі нашай краіны – наступная старонка гімназічнага альбому. За апошнія гады тут пабывалі Ніл Гілевіч, Вольга Іпатава, Анатоль Вярцінскі, Ніна Мацяш, Васіль Зуёнак, Генадзь Бураўкін, Леанід Дранько-Майсюк і многія іншыя. Вялікая заслуга ў гэтым належыць галоўнаму рэдактару часопіса “Бібліятэка прапануе” Людміле Несцяровіч. Яна з задавальненнем павіншавала юбіляраў і ўручыла падарунак – 100 кніжак. Па шчасліваму супадзенню на юбілей завіталі паэты Сяргей Законнікаў, Эдуард Акулін, Анатоль Зэкаў, Міхась Скобла і Алесь Камоцкі. Расказваючы аб сваім візіце, яны назвалі Мікашэвічы беларускім Парыжам, а саму гімназію – яго сэрцам. Іх, а таксама, усіх гледачоў парадавала выступленне ўзорна-паказальнага ансамбля “Дыямант”.

Сёння калектыву гімназіі нялёгка жыць без мудрых, разумеючых сяброў – бацькоў вучняў. У іх адрас прагучалі цёплыя словы ўдзячнасці за вялікую дапамогу ў прафесійнай рэалізацыі смелых ідэй і праектаў. Не засталіся ў даўгу перад юбілярамі старшыня папячыцельскага савета Васіль Паўлавіч Гушча і мама 7-класніцы Ганны Шумак – Раіса Пятроўна.

Сваю хвілінку славы, калі можна так сказаць, знайшлі педагогі, тэхперсанал, работнікі сталовай, якіх таксама запрасілі на сцэну. У суправаджэнні маленькіх выхаванцаў і ад імя кіраўнікоў дашкольных устаноў да імяніннікаў звярнулася загадчыца дзіцячага садка №1 Ніна Аляксандраўна Кіслюк. Прыемным сюрпрызам для многіх стала відэапасланне выпускніка гімназіі Мікалая Ражалоўскага, які зараз працягвае вучобу ва універсітэце ў Рыме.

На “ўра” ўсе прынялі выступленне вакальна-інструментальнай групы “Без груза”. Гэтак жа пад музыку на сцэне паявіўся і святочны торт з дзесяццю феерверкамі. Стоячы, гледачы слухалі і выконвалі гімн гімназіі, на апошнім куплеце якога са столі паляцела бліскучая мішура…

Згадзіцеся, 10 – гэта толькі пачатак. Як нас аберагаюць малітвы матуль і накіроўваюць наказы бацькоў, няхай і гімназія становіцца пуцяводнай зоркай для кожнага з яе вялікай і дружнай сям’і.


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть