ТРЫВОГА НЕ БЕЗ ПАДСТАЎ
У райвыканкаме прайшло пасяджэнне каардынацыйнага савета па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі і венерычных захворванняў, якое правёў галоўны санітарны ўрач раёна Аляксандр Дубініч.
Са справаздачай аб выкананні плана мерапрыемстваў па рэалізацыі на Лунінеччыне Дзяржаўнай праграмы прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі на 2006-2010 гады выступіла загадчыца аддзела прафілактычнай дэзінфекцыі РЦГіЭ Людміла Кляўцэвіч. Яна спыніла ўвагу на пагаршэнні эпідэміялагічнай сітуацыі ў раёне. Так, па стану на 1 сакавіка 2009 г. кумулятыўная колькасць ВІЧ-інфіцыраваных склала 42 чалавекі, прычым 2 з іх выявілі ў лютым. У эпідпрацэс уцягнута 7 адміністрацыйных тэрыторый. Па паказчыку інфіцыраванасці на 100 тысяч насельніцтва наш раён займае сумнае другое месца ў Брэсцкай вобласці пасля Пінска.
Кантролю за эпідпрацэсам на Лунінеччыне садзейнічае рэгістрацыя выпадкаў па інфекцыях, якія перадаюцца палавым шляхам. Аб гэтым вяла гаворку раённы дэрматавенеролаг УЗ “Лунінецкая ЦРБ” Жанна Немец. Сваё бачанне праблемы прадставілі таксама намеснік дырэктара КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” Таццяна Вакульчык і оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку РАУС Ігар Жук.
Завяршаючы пасяджэнне, Аляксандр Дубініч заклікаў арганізаваць мэтанакіраваную работу па пытаннях ранняга высвятлення асоб, схільных да ўжывання наркатычных рэчываў, праводзіць рэйды па выяўленню моладзі ў нецвярозым стане ў вячэрні час, набываць і распаўсюджваць інфармацыйна-адукацыйную літаратуру па данай тэматыцы, практыкаваць правядзенне тыдня “Кіно супраць венерычных захорванняў і ВІЧ-інфекцыі” і інш.