Молодежь

У ЦЭНТРЫ ЛУНІНЦА – З АРКЕСТРАМ

адзначалі трайное свята выхаванцы сацыяльнага-педагагічнага цэнтра з сацыяльным прытулкам.

Напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей народны духавы аркестр ГДК даваў канцэрт ва ўтульным дворыку ўстановы адукацыі, што размешчана побач са Свята-Крыжаўзвіжанскай царквой. У храме якраз закончылася святочная літургія ў гонар Ушэсця Іісуса Хрыста.Многія вернікі спыняліся каля агароджы і захоплена слухалі папулярныя мелодыі. Мастацкі кіраўнік калектыву Вячаслаў Дзедзін паспяваў і дырыжыраваць аркестрам, і іграць у ім на саксафоне.

– Сам сабе зрабіў падарунак да Дня пагранічніка, які сёлета супаў з вялікім праваслаўным святам, – прызнаўся пасля музыкант. – У свой час служыў на заставе ў Гродна…

Але найперш выступленне аркестра стала прыемным сюрпрызам для 14-ці хлопчыкаў і дзяўчынак, якія сёння жывуць у прытулку, выхавальнікаў, педагогаў, абслуговага персаналу. Ад іх імя намеснік дырэктар цэнтра Вольга Грыневіч уручыла сувенір і кветкі аркестрантам і запрасіла на новыя канцэрты.

Пацікавілася ў мастацкага кіраўніка:

– Ці ведаеце вы, што духавы аркестр у Лунінцы быў створаны чыгуначнікамі больш як 100 год таму?

– Нават карыстаемся нотамі, якія засталіся ў спадчыну ад пачынальнікаў музычнага мастацтва ў нашым горадзе, – адзначыў Вячаслаў Васільевіч. – Вельмі спрыяюць у рабоце паметкі невядомага папярэдніка, дапісаныя ад рукі на польскай мове “шыбчэй” ці “павольней” у асобных фрагментах твораў.

– Ці не паспрабуеце аднавіць традыцыю штонядзельных летніх канцэртаў на адкрытых пляцоўках, аб якіх і сёння нагадвалі старажылы Лунінца?

– Нашы музыканты з радасцю гатовы працаваць, але перашкаджае старая матэрыяльная база. Інструменты набыты больш за 10 год таму. Юнакам, якіх нямала ў аркестры, вельмі складана выцягнуць са старых труб прыгожыя гукі. Марым аб частковым абнаўленні інструментаў, каб годна прагучаць на святкаванні юбілею Лунінца…

Хочацца спадзявацца, што кіраўніцтва аддзела культуры з разуменнем аднясецца да надзённых патрэб нязменнага ўдзельніка гарадскіх урачыстасцей. Музыканты духавога аркестра, захапляючы сваім мастацтвам, праяўляюць і станоўчыя чалавечыя якасці: калектыў не толькі даў дабрачынны канцэрт, але і за сабраныя ўласныя сродкі набыў дыван для спартыўнага пакоя ў сацыяльным прытулку.


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть