Молодежь

ВЯСНОВАЯ КАЗКА ПАЧЫНАЕЦЦА ЗІМОЙ…

Мароз маляваў на вокнах узоры. Ён аздабляў дамы, рыхтаваў іх да навагодніх святаў. Малюнкі яго чамусьці былі вясновымі: кветачкі, лісточкі, травінкі, лясочкі. Толькі ўсе яны былі аднаго колеру – халоднага.
Мароз любіў сваю работу. Кожны ранак ён прачынаўся з новай фантазіяй і ляцеў адлюстроўваць свае ўяўленні аб прыгажосці. І не мог зразумець простых рэчаў. Што дрэннага ў аздабленні ім лабавога шкла аўтамабіляў? Чаму прадаўшчыцы ларкоў штодзень свараць яго? Чаму прахожы, які паслізнуўся на ўчарашняй лужыне і шлёпнуўся на мяккае месца, цяжка ўздыхае і праклінае дзень? Гэтыя людзі не любілі работу Мароза, таму ён трымаўся ад іх далей.
І з радасцю імкнуўся да сваіх сяброў – нешматлікіх, але сапраўдных. Любіў пралятаць над балотамі, рэкамі, азёрамі і дыхаць на іх. Яны дрыжалі ад холаду, але падпарадкаваліся Марозу. Колькі жабак за сваё жыццё ён ператварыў ў льдзінкі! Вясной яны адтайвалі і весела квакалі Марозу за зімовае ратаванне. Таксама любілі яго і рыбакі. Апрануць на сябе сто адзёжак, прылады – за плечы і наперад. Мараз дапамагаў ім, расказваючы рыбкам казкі пра тое, як добра там, наверсе. Адны – не верылі яму, другія – заслухоўваліся. І гэтых самых даверлівых водных істот сям’я рыбака з’ядала за вячэрай, а рэшткі, зажмурыўшыся ад задавальнення, уплятаў шэры кот з доўгімі вусамі.
Мароз шкадаваў Неба, калі яно пачынала плакаць. Але знайшоў выйсце: цалаваў кожную слязінку. Усміхаючыся, яны падалі на зямлю сняжынкамі і ўпрыгожвалі яе. Самыя хітрыя, модніцы, садзіліся на рукі і плечы дрэў, маўляў, апранаюць іх па апошняй модзе. Густ у іх быў адменны, асабліва у аматарак елачак.
А больш за ўсё Мароз любіў дзетак. Ён будаваў для іх ледзяныя горкі, ляпіў снежныя бабы на двары, маляваў бярозкі і сонейка на акне. Ён быў вельмі добрым. І таксама, як і мы, з нецярпеннем чакаў Вясну. Чакаў, калі вылезе з бярлогі сонны мядзведзь, ляніва пазяхне і зноў пойдзе ў свой домік – там цяплей. Калі ўсміхнуцца вызваленыя ад ільда рэчкі і прачнуцца ад зімовага сна дрэвы. Калі ў лесе паявяцца першыя падснежнікі. 
Мароз збіраў кветкі і прыносіў мілай, падаў да яе ног, гаварыў тры запаветныя словы і таяў. Каб праз год вярнуцца, зноў убачыць блакітныя вочы Вясны, пацалаваць яе пяшчотныя рукі і цёплыя губы. Гэта было варта таго, каб чакаць…
Сяргей МАТУСЕВІЧ. г. Лунінец.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть