З БАЛЮ – НА КАРАБЕЛЬ ЖЫЦЦЯ
Дождж, што ішоў у пятніцу, перашкодзіў правесці раённы баль выпускнікоў на плошчы Леніна. Свята прайшло ў гарадскім Доме культуры.
11 выпускнікоў 2009 года закончылі школы і ліцэй з медалямі. Пад моцныя апладысменты гледачоў заслужаныя ўзнагароды ўручыў юнакам і дзяўчатам старшыня райвыканкама Васіль Міхайлавіч Агіевіч. Кіраўнік раёна пажадаў маладым людзям поспехаў у жыцці і здзяйснення надзей, бадзёрасці і шчасця, навучыцца пераадольваць перашкоды і ўзброіцца дабрынёй, заклікаў памятаць свой край і пасля вучобы вярнуцца сюды высокакваліфікаванымі спецыялістамі.
“Што, адмучыліся?” – з такім пытаннем звярнуліся да выпускнікоў першаклашкі. У вершаваных радках расказалі малышы, што стануць годнай сменай тым, хто пакідае школу і пачынае плаванне на караблі жыцця. Дапоўніла іх выступленне цёплымі словамі настаўніца СШ №2 Наталля Іванаўна Арашкевіч.
Гэта мелодыя быццам разлівалася над горадам. Прыгожыя дзяўчаты ў яркіх бальных сукенках з чырвонымі лентамі цокалі каблучкамі па мокрым асфальце і тратуарнай плітцы, юнакі галантна крочылі за імі. Гутарылі больш аб выніках школьных экзаменаў, цэнтралізаваным тэсціраванні і паступленні ў навучальныя ўстановы.