З МАРАЙ ПРА РЫА-ДЭ-ЖАНЕЙРА
Дзмітрый ГАШЧУК – можна сказаць, пачынаючы «шэставік»,
але ўжо сёння яго асабісты рекорд – 5 метраў 10 сантыметраў. Зараз спартсмен
удасканальвае майстэрства ў Брэсцкім вучылішчы алімпійскага рэзерву.
– Дзіма, з чаго ўсё пачыналася?
– Спортам пачаў займацца ў сёмым класе. У секцыю лёгкай
атлетыкі літаральна за руку прывёў настаўнік фізкультуры Віктар Аркадзьвіч
Вайцяхоўскі. Я ўдзячны яму, што своечасова накіраваў мяне на спартыўную
сцяжынку. У спартыўнай школе мне пашанцавала трапіць не ў групу пачатковай
падрыхтоўкі, а адразу пачаць трэніроўкі з тымі, каго нельга назваць навічкамі.
Лунінец горад невялікі, таму з многімі быў знаёмы, а значыць, асаблівай
складанасці ўліцца ў калектыў не было. Асвойваў азы лёгкай атлетыкі пад кіраўніцтвам
Валерыя Пятровіча Жукоўскага. Спачатку трэніроўкі былі тры разы на тыдзень.
Цяпер жа – амаль штодзень.
– Ці не надакучвае па некалькі гадзін паўтараць адны і
тыя ж практыкаванні?
– Надакучвае, калі няма ўнутранай матывацыі. А калі
падабаецца тое, што робішь, калі атрымліваеш ад гэтага задавальненне, тады
гэтым можна займацца ўсё жыццё.
– Чаму абраў скачкі з шастом?
– У спартыўнай школе мы ўсе прайшлі выдатную мнагаборную
падрыхтоўку. Я часта выступаў у скачках у вышыню і бар’ерным бегу. А аднойчы на
спаборніцтвах у Пінску Валерый Пятровіч прапанаваў паспрабаваць паўдзельнічаць
у скачках у вышыню з шастом. Атрымалася. І першы ўласны рэкорд у той час быў
зафіксаваны на вышыні 2 метры 40 сантыметраў. Менавіта на тых спаборніцтвах на
мяне звярнуў увагу трэнер з Брэста і запрасіў у сваю групу. Вось ужо 5 год, як
удасканальваю майстэрства ў вучылішчы алімпійскага рэзерву.
– Як думаеш, чаму такое высокае напружанне ў скачковых
сектарах?
– Скачкі ў вышыню, у тым ліку і з шастом, – гэта найбольш
складаныя віды лёгкай атлетыкі, бо спартсмен ведае, што яму трэба пераадолець.
У другіх дысцыплінах – прабег, штурхнуў ядро ці зрабіў скачок у даўжыню і
толькі потым даведваешся пра вынік. А тут ведаеш, якую вышыню трэба
пераадолець, ды і вынік бачны адразу. Разам з тым, гэта самыя сумленныя віды
лёгкай атлетыкі: выйграе той, хто узяў найбольшую вышыню ці зрабіў меншую
колькасць спроб. Гэта вам не спартыўная гімнастыка ці фігурнае катанне, дзе
шмат залежыць ад не заўсёды аб’ектыўных поглядаў суддзяў…
– Хто твой цяперашні трэнер?
– Маім трэнерам з’яўляецца Уладзімір Мікалаевіч Цівончык.
На мой погляд, ён – лепшы трэнер-шэставік у Рэспубліцы Беларусь. Яго сын
Станіслаў – першы нумар нацыянальнай каманды, а я – пакуль другі. Побач
трэніруецца яшчэ адна выхаванка лунінецкай спартыўнай школы Таццяна Зосіч.
Трэба сказаць, што «школу Цівончыка” прайшлі нямала лунінчан: Дзяніс
Сакалоўскі, Віктар Кацуба, Наталля Каховіч, Таццяна Нагорная… Апошняя,
дарэчы, змяніла спецыялізацыю і цяпер яе часцей можна ўбачыць у сектары для
трайных скачкоў.
– Сёлета заканчваеш вучобу ў вучылішчы алімпійскага
рэзерву. Што далей?
– Мяркую паступіць на завочнае аддзяленне Віцебскага
тэхналагічнага ўніверсітэта, каб набыць спецыяльнасць эканаміста-тэхнолага.
Жыць і трэніравацца буду ў Брэсце.
– А ў Лунінец часта прыязджаеш?
– Стараюся бываць кожны месяц. Я гадаваўся ў мнагадзетнай
сям’і: у мяне тры браты і сястра. Яны таксама сябруюць са спортам, хаця толькі
на аматарскім узроўні. Штораз стараюся зазірнуць ў спартыўную школу і СШ №2,
дзе вучыўся.
– Нягледзячы на тое, што ты яшчэ вельмі малады спартсмен,
здолеў выканаць нарматыў майстра спорту, стаў чэмпіёнам Рэспублікі Беларусь
сярод юніёраў, заваяў сярэбраную ўзнагароду на зімовым чэмпіянаце сярод
дарослых. Аб якіх дасягненнях марыш яшчэ?
– Сёлета планую паспяхова выступіць на Кубку і чэмпіянаце
краіны. На наступны год – стаць удзельнікам Еўрапейскага форуму сярод моладзі.
І, зразумела, трапіць на Алімпіяду-2016 года, якая пройдзе ў Рыа-дэ-Жанейра.
– Штодзённыя трэніроўкі, спартыўны рэжым… Так часта
даводзіцца чымсьці ахвяраваць, каб дасягнуць нейкага ўзроўню і дабіцца высокіх
вынікаў. Гэта дзеля ўзнагарод ці чагосьці большага?
– Дзеля ўсяго. Для мяне зараз спорт – гэта жыццё. Іншы
раз пасля трэніровак валішся з ног, але мне гэта падабаецца. А калі тое, што
падабаецца, прыносіць яшчэ дасягненні, карысць, славу – гэта выдатна!
Гутарыла Алена ДАНІЛОВІЧ.