ЗАПАВЕДЗЬ ЗДАРОЎЯ: НЕ НАШКОДЗЬ!
З усіх шкодных звычак немагчыма выявіць тую, што наносіць чалавечаму здароўю найбольшы ўрон. Кожная – гэта бомба замаруджанага дзеяння, якая рана ці позна нагадае пра сябе шматлікімі праблемамі. Каб пэўным чынам засцерагчы юнакоў і дзяўчат, прадстаўнікі гаркама БРСМ правялі акцыю “Моладзь – за здаровы лад жыцця”.
Мерапрыемства прайшло на базе ліцэя прыборабудавання. Сюды завіталі вучні гарадскіх школ і ліцэя, а таксама навучэнцы прафесійна-тэхнічнага каледжа. З дапамогай сцэнак і музычных нумароў аб негатыўным уздзеянні наркотыкаў гаспадары пастараліся данесці неаспрэчваемую ісціну: шкодныя звычкі – першыя ворагі чалавека. Аб гэтым расказаў і відэафільм, прадастаўлены работнікамі УАЗ “Лунінецкая ЦРБ”. Сюжэт, напоўнены слязамі і жудаснымі момантамі жыцця “прыхільнікаў” алкаголю, стварыў у зале глыбокую цішыню. Шчыра хацелася, каб гэтыя кадры сталі для гледачоў папярэджаннем ад спакусы знаёмства з “зялёным зміем”.