Молодежь

Арыенцір – маштабныя праекты

У Брэсце прайшла 34-ая абласная справаздачна-выбарная канферэнцыя БРСМ, удзел у якой прынялі прадстаўнікі Лунінеччыны. Дэлегаты абмеркавалі станоўчыя і адмоўныя моманты дзейнасці за апошнія тры гады, вылучылі асноўныя напрамкі далейшага развіцця.
Са справаздачным дакладам выступіў першы сакратар абкама Віктар Іваноў. Ён адзначыў, што па стану на 1 мая 2014 года колькасць актыву складае 60505 чалавек, аб’яднаных у 1831 пярвічку і 4276 ячэек. Прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці з’яўляюцца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі, прапаганда здаровага ладу жыцця, удзел у грамадска-палітычным жыцці краіны, арганізацыя другаснай занятасці і вольнага часу, прафілактыка негатыўных з’яў у маладзёжным асяроддзі.
Сярод найбольш яркіх і значных мерапрыемстваў названы акцыі “Мой падарунак ветэрану”, “Служу Беларусі”, “Мы – грамадзяне Беларусі”, зорная эстафета “Ад помніка да помніка”, абласны турыстычны злёт. Наладжана цеснае супрацоўніцтва з “Саюзам вясковай моладзі Польшчы”.
Разам з тым, Віктар Сяргеевіч звярнуў увагу на недастатковую работу па прыцягненню да дзейнасці моладзі, а таксама на тое, што прафілактычныя мерапрыемствы, якія праводзяцца, не зніжаюць узровень злачыннасці.
– Безумоўна, сёння можна казаць аб тым, што многае з задуманага выканана, але яшчэ больш – у планах, – адзначыў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар.
Губернатар вобласці звярнуў увагу, што прыярытэтнымі ў рабоце павінны стаць такія актуальныя накірункі, як удзел актывістаў у навядзенні парадку, дапамога ветэранам Вялікай Айчыннай вайны напярэдадні падрыхтоўкі і святкавання 70-ай гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама прафілактыка злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Акрамя таго, неабходна ўзяць арыенцір на маштабны праект для маладых сем’яў “Уладар сяла”.
Першы сакратар ЦК БРСМ Ігар Бузоўскі параіў надаць больш увагі другаснай занятасці моладзі і рабоце з інтэрнэт-рэсурсамі.
Пра дзейнасць сваіх пярвічак расказалі сакратары: Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта – Аляксандр Сянчук, Ганцавіцкага райкама – Аляксандр Занько.
За актыўную пазіцыю ў рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, удзел у праектах і праграмах некаторым прадстаўнікам аб’-яднання ўручаны граматы і падзячныя лісты абласнога і цэнтральнага камітэтаў.
Дэлегаты канферэнцыі прызналі работу арганізацыі за справаздачны перыяд здавальняючай, выбралі новы склад абкама, кантрольнай камісіі і пацвердзілі спіс дэлегатаў ад вобласці на 42-гі рэспубліканскі з’езд ГА «БРСМ».
Першым сакратаром зноў выбраны Віктар Іваноў, кантрольную камісію ўзначаліць Алена Шамкуць.

 

ЗВАРОТ дэлегатаў XXXIV Брэсцкай абласной справаздачна-выбарнай Канферэнцыі Грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» да моладзі Брэсцкай вобласці
Мы, дэлегаты XXXIV абласной справаздачна-выбарнай канферэнцыі Грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», усведамляючы вялікую ролю маладога пакалення ў развіцці грамадскіх адносін і адказнасць за будучыню, звяртаемся да членаў нашай арганізацыі, моладзі Брэсцкай вобласці.
Наш саюз аб’ядноўвае людзей розных інтарэсаў і заняткаў – школьнікаў і студэнтаў, рабочых прадпрыемстваў і вайскоўцаў. Усе мы розныя, але адзіныя ў адным – мы будаўнікі будучыні, і тое, якім яму быць, цалкам залежыць ад нас.
Мы згуртавалі тую моладзь, якая неабыякавая да будучыні свайго горада, вобласці, рэспублікі, гатова прымаць актыўны ўдзел у распрацоўцы і рэалізацыі сацыяльна значных праектаў. За намі – бясцэнны шматгадовы вопыт камсамольскай арганізацыі. Ганарымся тым, што з’яўляемся грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, сваёй работай уносім важкі ўклад у развіццё і росквіт нашай дзяржавы.
Мы – прыхільнікі здаровага ладу жыцця, таму супраць негатыўных звычак і асацыяльных паводзін у маладзёжным асяроддзі. Імкнемся зрабіць нашу зямлю яшчэ больш чыстай і прыгожай, захаваць і прымножыць яе багацці.
Краіне патрэбныя нашы энергія і энтузіязм, дапытлівы розум, адукаванасць і прафесіяналізм. Перад намі адкрыты дзіўныя магчымасці і вялікія перспектывы, ад нас чакаюць новых здзяйсненняў і дасягненняў. Наша сіла – у адзінстве і згуртаванасці.
Мы звяртаемся да ўсёй моладзі з заклікам далучыцца да арганізаванага маладзёжнага руху, быць актыўнымі ўдзельнікамі грамадскага жыцця навучальнай установы, прадпрыемства, арганізацыі! Смела ідзіце да вызначанай мэты і вядзіце за сабой іншых. Памятайце, што менавіта нам, маладым, будаваць моцную і квітнеючую Беларусь!
Будзьце з намі!

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть