Молодежь

Ці варта мяняць вучобу на доўгі рубель?

Аб гэтым даведаліся школьнікі ад ваеннага камісара Лунінецкага і Ганцавіцкага раёнаў Уладзіміра ЖУКА, які адказваў на пытанні падчас маладзёжнай акцыі “100 пытанняў даросламу”.

Сустрэча са старшакласнікамі адбылася ў СШ №1 райцэнтра, якую ў свой час закончыў Уладзімір Уладзіміравіч. Напачатку мерапрыемства госць крыху расказаў пра сябе. З дзяцінства  з зайздрасцю глядзеў на людзей у лётнай форме, якія часта сустракаліся на вуліцах. Мару ажыццявіў у Сызранскім вышэйшым ваенным авіяцыйным вучылішчы. Пасля заканчэння накіравалі ў Прыкарпацкую ваенную акругу, затым вярнуўся ў родную Беларусь. На працягу 10 год служыў на розных лётных пасадах у Кобрыне, а з 2001-га выконвае абавязкі ў сістэме ваенных камісарыятаў Рэспублікі Беларусь. Шмат год займаўся спортам. У свой час трэніраваўся пад кіраўніцтвам майстра спорту СССР, уладаль-ніка больш як ста сусветных рэкордаў Вячаслава Харанекі.

Потым слова прадаставілі вучням. Пытанні былі разнастайнымі, адказы – шчырымі. Многія з іх, зразумела, датычылі арміі.

Галоўны прынцып, якім карыстаецца ў рабоце – адказнасць за тое, чым займаешся. Калі ў кіраўніка любога рангу ёсць патрабавальнасць да сябе і іншых, то адмоўных вынікаў у яго дзейнасці не можа быць. Уладзімір Уладзіміравіч паведаміў, якімі навыкамі павінен валодаць кожны прызыўнік, расказаў пра тое, што ў адпаведнасці з Законам «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе», юнакам пасля атрымання павесткі трэба з’явіцца ў ваенкамат для праходжання мерапрыемстваў прызыву. Для адбору запрашаюцца прадстаўнікі воінскіх часцей, якія пасля вывучэння асабістых спраў кандыдатаў прымаюць рашэнне. Улічваюцца і пажаданні прызыўнікоў.

– За час службы хлопцы мацнеюць і вяртаюцца зусім іншымі людзьмі, з новым светапоглядам, – лічыць ваенкам. – Сёння большасць маладых людзей імкнуцца прайсці вайсковую службу, бо разумеюць, што без гэтага перспектыў у кар’ерным росце будзе менш.

Адказ на пытанне, што вынесена ў загаловак, праілюстраваў выпадкам з жыцця аднаго з прызыўнікоў: той, імкнучыся за вялікімі грашамі, пакінуў універсітэт і паехаў на заробкі ў Расію. Хутка юнак зразумеў, што не трэба было мяняць вучобу на працу. Аднак было позна – аднавіцца ва ўніверсітэце не паспеў, а пазбегнуць службы не атрымалася. Расказваючы пра ўхіленне ад воінскага абавязку і адтэрміноўку, Уладзімір Жук акцэнтаваў увагу на тым, што колькасць парушальнікаў змяншаецца. У асноўным спрабуюць «адкасіць» з дапамогай выезду за мяжу. У гэтым выпадку нярэдка юнакоў затрымліваюць і вяртаюць назад пагранічнікі. Пры паўторнай спробе «уцекачам» пагражае да двух год пазбаўлення волі. На пытанне аб «дзедаўшчыне» ўдакладніў, што ў беларускай арміі такія выпадкі мінімізаваны. На пытанне, чаго нельга дараваць, адказаў адназначна – нядобрасумленнасці і здрады.

– Калі мяне адзін раз хтосьці падвёў, губляю давер да гэтага чалавека на ўсё жыццё.

Падводзячы вынікі, Уладзімір Уладзіміравіч адзначыў, што мог бы яшчэ шмат расказваць аб службе. Яго галоўная парада моладзі – мэтанакіравана і бесперапынна займацца сама-адукацыяй.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть