КультураМолодежь

Дзеля ўсмешкі дзіцяці

сад кж2– Добры дзень! Ніна Паўлаўна слухае! – у размераным голасе суразмоўніцы чуліся ноткі добразычлівасці і жадання дапамагчы. На нейкі момант падалося, што прашу аб сустрэчы сціплага і адначасова аўтарытэтнага кіраўніка. Так на самай справе і аказалася. Знаёмцеся: загадчыца Кажан-Гарадоцкага дзіцячага садка Ніна НАСЕНЯ.

У гэтым старажытным мястэчку яна нарадзілася. Мама працавала калгасніцай, тата – чыгуначнікам. Выпускніца мясцовай школы доўга вагалася з выбарам будучай прафесіі. Пакуль па запрашэнню родных не накіравалася ў Пскоўскую вобласць, дзе паступіла на першы курс сельскагаспадарчага інстытута. Ніна паспяхова здала летнюю сесію, а ў дзень апошняга экзамену… забрала дакументы і вярнулася дамоў.

– Не маё, мама, прабач…

Гэта сёння, так бы мовіць, з вышыні ўзросту, Ніна Паўлаўна разумее, як тады было балюча бацькам прыняць рашэнне дачкі. Але ўсе ведалі яе цвёрды характар. Больш таго, яна ніколі не пераставала прыгадваць сваіх настаўнікаў, якіх вызначала непараўнальная інтэлігентнасць. Акрамя школьных прадметаў, яны стараліся прывіваць вучням яшчэ і правілы этыкету. А колькі турыстычных паходаў, агеньчыкаў, вечароў цепліцца ў памяці і сёння!

сад кжНеўзабаве дзяўчына стала студэнткай Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Ужо свядома выбрала спецыяльнасць – “педагогіка і псіхалогія дашкольная”. Размеркаванне атрымала ў дзіцячы садок №1, што быў размешчаны на вул. Гагарына ў Лунінцы. Перспектыўнага работніка заўважыла кіраўніцтва, і Ніна Паўлаўна стала намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці. З той пары мінула 30 год, а з імі прыйшлі першыя дасягненні і няўдачы, прызнанне і, урэшце, упэўненасць, што на гэты раз яна не памылілася.

Апошнія 5 год Н.П. Насеня ўзначальвае садок у Кажан-Гарадку. Сваёй папярэдніцы Н.В. Каратыш яна ўдзячна за згуртаваны і дружны калектыў, выдатны рамонт у час, калі вёсцы надавалі статус аграгарадка. У рабоце загадчыца стараецца прытрымлівацца дэмакратычнага стылю кіравання, прыслухоўваецца да калег, заклікае іх вырашаць спрэчныя пытанні ў адкрытую.

З чыстым сэрцам і ўсмешкай штораніцы сустракае Ніна Паўлаўна малышоў і іх бацькоў. У планах – стварыць прагулачную групу, каб матулі з дзеткамі паступова прывыкалі да новага перыяду ў жыцці. Актыўна працуюць гурткі па інтарэсах: танцавальны, фізкультурна-аздараўленчы. А навакольная тэрыторыя садка настолькі ўражвае, што проста здзіўляешся таленту мясцовых выхавальнікаў!

Спытайце ў любой мамы, за што яна непакоіцца, калі прыводзіць у садок сына ці дачку? Давяраючы самае каштоўнае ў жыцці, хочацца быць упэўненай, што малыш здаровы, накормлены, з ім займаюцца і развіваюць яго. Аб гэтым бацькам вечарам “раскажуць” усмешкі дзетак. Прынамсі, у Кажан-Гарадку сустракаюць бацькоў і развітваюцца з выхавальнікамі толькі так!

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть