Галоўнае — паверыць у сябе
Молодежь

Галоўнае — паверыць у сябе

vstrecha-s-molodymi

У Доме Саветаў прайшла традыцыйная сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі, якіх сёлета прыняла Лунінеччына.

Перш-наперш, арганізатары паклапаціліся пра тое, каб мерапрыемства мела карысць. Юнакам і дзяўчатам даходліва расказалі пра нарматыўна-прававыя акты, якім падпарадкоў-ваецца арганізацыя работы маладых спецыялістаў і льготы, на якія яны могуць разлічваць. Зразумела, што многіх цікавілі перспектывы вырашэння жыллёвага пытання і звязанага з гэтым крэдытавання. Гасцям паведамілі, як можна стаць на ўлік на паляпшэнне жыллёвых умоў, а таксама растлумачылі, куды звяртацца, каб пабудаваць кватэру ці дом. Адначасова ўдзельнікі сустрэчы даведаліся пра ролю прафсаюзаў і ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” ў рэалізацыі маладзёжнай палітыкі на Лунінеччыне.

pachko

Шчырым і змястоўным быў іх дыялог са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Пачко. Спачатку Аляксандр Мікалаевіч расказаў пра раён, адзначыўшы, што сёлета сюды прыехалі 164 выпускнікі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Сорак два чалавекі прынялі прамысловыя прадпрыемствы, 31 – аграпрамысловы комплекс, 18 – адукацыя, 20 – ахова здароўя, 4 – культура, 49 чалавек – іншыя сферы. Асабліва цёпла гаварыў кіраўнік раёна пра ўраджэнцаў Лунінеччыны, якія пасля вучобы вярнуліся на сваю малую радзіму. Адначасова ён выказаў спадзяванне, што і для маладых людзей з іншых рэгіёнаў палескі край стане родным, і з часам яны будуць адчуваць сябе не гасцямі, а гаспадарамі гэтай зямлі.

Ахарактарызаваўшы становішча ў эканоміцы раёна, Аляксандр Пачко асаблівы акцэнт зрабіў на стварэнні годных умоў не толькі для працы, але і адпачынку. Зрэшты, у тым, што, крыху перафразуючы вядомае выказванне, Лунінеччына – край для жыцця, удзельнікі сустрэчы змаглі ўпэўніцца ў час змястоўнай экскурсіі. Але перад ёй не прамінулі задаць старшыні райвыканкама можа трошкі і наіўныя, але вельмі жыццёвыя пытанні.

“Ці лічыце вы Лунінеччыну сваім краем?”. Адказ на гэтае пытанне не быў складаным для кіраўніка, які прыехаў з падобнага на наш суседняга Столінскага раёна, і за паўтара года здолеў даказаць сур’ёзнасць намераў выніковага прыкладання вопыту і ведаў. “На Лу-нінеччыне маю ўжо карані – тут нарадзіўся мой малодшы сын, так што гэта – мой край”, – з усмешкай сказаў Аляксандр Пачко.

У ходзе размовы будучыя прафесіяналы даведаліся пра мары дзяцінства сённяшняга кіраўніка раёна. Аказваецца, ён з маленства цягнуўся да тэхнікі.

“Што датычыць вольнага часу, то вельмі хацелася б прысвяціць яго сваёй  сям’і, у якой чацвёра сыноў, пабываць у басейне… Стараюся так рабіць, але, улічваючы, што па натуры я – працаголік, то і вольны час нярэдка  прысвячаю рабоце. І радуюся, што ёсць плён: зараз раён у абласной сельскагаспадарчай  зводцы ўзняўся з апошняга на 14-ае месца”, – зазначыў Аляксандр Мікалаевіч, адказваючы на чарговае пытанне.

На заканчэнне прагучалі пажаданні цярплівасці ў спасціганні на практыцы азоў прафесіі і абавязкова быць шчаслівымі, асабліва ў сем’ях, бо “на рабоце добра толькі тады, калі ўтульна і спакойна дома”.
А пасля былі фота на памяць і абяцаная экскурсія.

Першым прыпыначным пунктам экскурсіі стаў раённы краязнаўчы музей. Яго супрацоўнік Ірына Брэзіна пазнаёміла са шматлікімі экспазіцыямі. Не абмінулі і цэнтральную раённую бібліятэку. Загадчыца інфармацыйнага сектара Валянціна Рагалінская распавяла пра бібліятэчны фонд, перыядычныя выданні, электронныя рэсурсы і даведачна-пошукавы апарат. Усё гэта спатрэбіцца моладзі для павышэння ўзроўню прафесійных ведаў.

Аб тым, які значны крок зроблены ў плане якаснага медыцынскага абслугоўвання насельніцтва, вялі гаворку намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы УАЗ “Лунінецкая ЦРБ” Вольга Чынікайла і раённы педыятр Марына Пашкелевіч. Добрыя ўражанні пра калектыў склаліся і ў маладых медыкаў, што сёлета прыступілі да работы. Дарэчы, 8 з іх бралі ўдзел у мерапрыемстве.

– Цудоўная бальніца, здзіўляе пералік сучасных дыягнастычных апаратаў, – адзначыў інжынер-праграміст ААТ «Палессеэлектрамаш» Ілья Далгатараў.

Адным з вытворчых аб’ектаў, дзе пабывалі госці, стала ААТ “Лунінецкі малочны завод”. Яго дырэктар Сяргей Карпец акцэнтаваў увагу на асартыменце прадукцыі, прагнозных паказчыках і экспартным патэнцыяле. Аб тым, якіх перспектыў тут можна дасягнуць, падзяліліся інжынер па ахове працы Аляксандр Рабкавец і сакратар пярвічкі БРСМ Вольга Кіслюк. А падчас дэгустацыі госці ацанілі высокую якасць і адметны смак выпускаемай прадукцыі.

Па цэхах філіяла “Лунінецкі хлебазавод” ААТ “Берасцейскі пекар” правёў дырэктар Канстанцін Аліфяровіч. Акрамя пазнавальнага расказу, тут таксама пачаставалі прысмакамі.

Прыемна ўразіла маладых людзей ДЮСШ па зімовых відах спорту “Алімп”. Сёлета тут пачаў прафесійную дзейнасць трэнер Максім Бадуноў. Юнак задаволены калектывам і створанымі ўмовамі працы. Пасля экскурсіі ўсе жадаючыя маглі пакатацца на каньках.

Наступны аб’ект – малочнатаварная ферма ў Луніне.

– Раней не даводзілася бываць у гэтай гаспадарцы, – расказала настаўніца біялогіі і хіміі Бастынскай СШ Аляксандра Аляшкевіч. – Парадавалі сучаснае абсталяванне і дасягненні лунян.

– Якасць малака і малочных прадуктаў напрамую залежыць ад умоў утрымання жывёлы на ферме, – заўважыў галоўны аграном СВК “Лунінскі” Аляксандр Туміловіч. – Таму імкнемся рабіць усё, каб захаваць здароўе рагуль і падоўжыць іх прадуктыўны перыяд.

Заключным акордам сустрэчы стала святочная вячэра ў кафэ “Адпачынак”.

vstrecha-s-molodymi-002 vstrecha-s-molodymi-003 vstrecha-s-molodymi-004

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть