Молодежь

Гісторыя гісторыка

У аграгарадку Вулька 2 адразу ўражвае новая школа, якая ў гэтым годзе будзе адзначаць свой першы юбілей. Гасцінна расчыніўшы дзверы, мяне сустрэў усмешлівы юнак.

– Добры дзень! Праходзьце, калі ласка! Я так разумею, вы – з газеты?

– А вы – Аляксей Клімовіч?

– Так. Я крышачку затрымаюся, у мяне яшчэ адзін урок. Калі жадаеце, можаце папрысутнічаць.

Па доўгіх калідорах будынка праходзім у канферэнц-залу з вялікім праектарам, партамі, расстаўленымі ў выглядзе “круглага стала”. Пачаўся ўрок. Малады настаўнік папярэдзіў, што 5-ты клас непаседлівы, асабліва хлопчыкі. Аднак па факце дзеці аказаліся вельмі цікаўнымі і па-звычайнаму шумнымі.

Аляксей Леанідавіч кожны раз прыдумвае пэўныя хітрыкі, каб за-цікавіць выхаванцаў. Для засвойвання новага матэрыялу вучні па-дзяліліся на «рэпарцёраў» і «герояў». Такім чынам, каб задаць пытанні першым, і адказаць другім, усім варта прачытаць новы параграф. Сам жа настаўнік пераўвасабляецца ў вядучага перадачы навін.

– Гэты крэатыў дапамагае зрабіць урокі больш цікавымі, – кажа выкладчык. – Ды і ўвогуле не хочацца проста суха расказваць матэрыял.

Выбраць работу па душы Аляксею, а ён родам з Іванаўскага раёна, у свой час дапамог настаўнік гісторыі  В.У. Кунахавец.

– Я і зараз памятаю тыя ўрокі. Для мяне ён – прыклад таго, якім павінен быць педагог. Заўсёды знаходзіў нешта новае і цікавае для падачы матэрыялу. У класе панавала незвычайная атмасфера.

Вучоба ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна прыносіла маладому чалавеку задавальненне. На апошнім курсе чакала размеркаванне. Выпускнік да апошняга не ведаў, куды яго занясе лёс.

– Спрабаваў знайсці работу ў Брэсце. Аказалася, што ў школах гісторыкі незапатрабаваны, а ў гімназіях чакалі вопытных спецыялістаў. Меркаваў пайсці ў музей або архіў, але і там не было месцаў, ды і заробак зусім маленькі. У выніку з прапанаваных раёнаў выбраў Лунінецкі. А калі першы раз прыехаў, быў прыемна здзіўлены, што трапіў у аграгарадок.

– Адразу не паверыў сваім вачам, некалькі хвілін прастаяў каля варот школы і ўсё адрас звяраў. Будынак  уражваў сваёй навізной і прыгажосцю. Аднак на змену радасці прыйшло расчараванне: па адукацыі я – выпускнік гістарычнага факультэта, а працаваць прапанавалі педагогам-псіхолагам і педагогам-арганізатарам. Сказаць, што ў мяне апусціліся рукі – нічога не сказаць… Пазней прыйшло разуменне, што гэта – шанц навучыцца таму, чаго ўсё жыццё пазбягаў. Некалькі дзён правёў у кабінеце, знаёмячыся са службовай iнструкцыяй і вывучаючы нарматыўныя дакументы. Часта звяртаўся за дапамогай да калег, больш за ўсё да Кацярыны Нагорнай: яна працавала псіхолагам 11 год. З удзячнасцю ўспамінаю і выпускнікоў-2016  за майстар-класы ў асваенні музычнай апаратуры. Затое зараз магу пахваліцца сваім аднагрупнікам, што ў мяне ажно два працоўныя кабінеты, ведаю, што многім не прадаставілі і аднаго. У гэтым навучальным годзе прапанавалі выкладаць  2 гадзіны гісторыі ў пятым класе.

Актыўнасць Аляксея дазволіла стварыць у  школе каманду па інтэлектуальных гульнях “Эўрыка”. Летась узялі  трэцяе месца ў абласным сінхронным туры па гульні “Што? Дзе? Калі?”  і першае – у раённым “Брэйн-рынгу”. Сёлета выхаванцы прайшлі па рэйтынгу на занальныя спаборніцтвы ў Пінску. Разам з вяскоўцамі пад-трымаў і правёў раённую акцыю “Незабудка”, дзякуючы якой не засталіся па-за ўвагай грамадства дзеткі-інваліды.

Пасля ўрока ідзем глядзець жыллё маладога спецыяліста, якое знаходзіцца ў 15 хвілінах ад школы. Кватэру для Аляксея гасцінна прадаставіла былая настаўніца рускай мовы і літаратуры Вольга Хо-дзіна.

– Мабыць, слоў не хопіць, каб выказаць ёй удзячнасць. Вольга Рыгораўна шчодрая на добрыя парады, шчырую падтрымку, а яе шматгадовы вопыт заўсёды падказваў мне правільнае выйсце са складаных сітуацый. Паколькі на малую радзіму з-за графіка работы езджу рэдка, яна стала для мяне лепшым сябрам і дарагім чалавекам. Яшчэ адзін “член сям’і” – сабака Барык. Заўсёды сустракае мяне і праводзіць на работу.

Заходзім у дом. У пакоі чыста і ўтульна. Заўважыла карту свету і спартыўны інвентар. Дарэчы, не запылены: значыць выкарыстоўваецца. Аляксей падкрэсліў:

– Са спортам сябрую. З задавальненнем гуляю ў валейбол, баскетбол у школе. На штангу часу зараз менш. У гэтым годзе абавязкаў па рабоце прыбавілася, аднак стараюся не закідваць.

Без гарачага чаю і цукерак мяне не адпусцілі. Вольга Рыгораўна кватарантам зачаравана:

– Ведаеце, ён чытае кнігі! Шмат кніг! Гэта – такая рэдкасць для моладзі нашага часу. Адкрыты, шчыры хлопец. Усё прашу застацца ў школе, а ён вагаецца…

На развітанне пацікавілася планамі.

– Настаўніцкі вопыт лічу карысным, але наўрад ці тут застануся. Хоць і школа, і калектыў мне падабаюцца. Толькі перспектыў для сябе не бачу. Сказаць, што я расчараваўся ў прафесіі – не… Можа, калі б пачаў адразу работу па спецыяльнасці, было б іншае стаўленне… Усвядоміў, што размеркаванне –  не кара нябесная, як лічаць многія, а прапанова працы. А работа з дзецьмі – добры сацыяльны і камунікацыйны вопыт.

– А што будзеш далей рабіць? – пытаюся.

– Разглядаю варыянты змены дзейнасці, атрымання новай адукацыі. Не ведаю, час пакажа…

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть