Глыток лета

Сярод выпускнікоў Лунінеччыны, закончыўшых сёлета ўстановы адукацыі раёна з медалямі рознай пробы, – Наталля КУШНЯРУК (справа разам з сястрой Мартай і дзядулем Мікалаем)
з Рэдзігерава. Нядаўна дзяўчына пацвердзіла высокі ўзровень сваіх ведаў, стала студэнткай Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.
Прырода надзяліла маю суразмоўніцу шчырым і адкрытым характарам. Менавіта гэтыя непасрэднасць і лёгкасць у зносінах дапамагаюць хутка знайсці паразуменне з чалавекам любога ўзросту.
– Мне пашанцавала з настаўнікамі – кожны з іх годны самых лепшых слоў. Яны навучылі мяне самастойна працаваць з падручнікамі, дапамаглі вызначыцца з перавагамі і інтарэсамі. У шостым класе стала ўзмоцнена займацца замежнай мовай, удзельнічаць у прадметных алімпіядах. Акрамя таго, выкарыстоўвала ўсе магчымасці папрактыкавацца ў размоўнай нямецкай на сустрэчах, арганізаваных лінгвістамі беларускіх ВНУ. Напрыклад, вельмі запомнілася гутарка з выкладчыкамі факультэта славянскіх і германскіх моў Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, – расказвае новаспечаная студэнтка.
Цяпер Наталля на некаторы час адклала ўбок кнігі, атрымліваючы асалоду ад гарачых летніх дзянькоў, паходаў у лес і на вадаём.