Канікулы актыўнага рэжыму
Молодежь

Канікулы актыўнага рэжыму

Самая любімая пара года школьнікаў адмерала палову свайго шляху. У разгары – адпачынак. Хтосьці праводзіць яго ў бабулі ў вёсцы, іншыя з бацькамі накіраваліся на моры, а некаторыя бавяць дні ў горадзе. Ёсць яшчэ адзін, правераны часам, са знакам якасці адпачынак – у дзіцячым аздараўленчым лагеры.

Маленькая дзяржава пад назвай «Спадарожнік» сустрэла свой новы дзень. Яркі колер карпусоў, альтанак, чысцюткі і акультураны пляжны бераг радавалі вочы сярод зеляніны дрэў і кустоў. Яшчэ каля варот пачула дружную песню і смех дзетвары.

– Як у вас тут весела! – працягваючы пасведчанне вартаўніку, заўважыла я: тут за наведваннем тэрыторыі  сочаць строга.

– Ой, гэта яшчэ  зусім ціха! – усмешліва адказала жанчына. – Вось учора «Містэр лагера» праводзілі, думалі балельшчыкі за сваіх сяброў галасы сарвуць!

Добразычліва сустрэла  старшы выхавальнік лагера Сняжана Куб-ліцкая, якая згадзілася правесці для мяне экскурсію і расказаць аб усіх «фішках» змены:

– Сёлета ў лагеры адпачнуць і набяруцца сіл перад навучальным годам 300 дзяцей ва ўзросце ад 6 да 17 год. Кожная змена мае сваю тэматычную накіраванасць. Педагагічны склад стараецца адысці ад руціны, даць хлопчыкам і дзяўчынкам не толькі адпачыць за 19 дзён, але і захапіць, пагрузіць іх у цудоўны свет дзяцінства. Вялікі ўклад у агульную справу робяць і важатыя. У гэтым годзе 13 студэнтаў з Мазыра, Баранавіч, Пінска і Брэста праходзяць у нас практыку. Сваёй маладосцю і запалам яны дзеляцца не толькі з дзецьмі, але і ўсім калектывам.

Прайсці баявое хрышчэнне ў педагагічную прафесію ў гэтым годзе давялося Аляксандру Касцюкевічу з Мазырскага ўніверсітэта імя Івана Шамякіна.

– «Спадарожнік» выбраў не выпадкова. Старшакурснікі адгукаліся аб ім толькі са станоўчага боку, таму іншы варыянт не разглядаў. Працую ў старшым атра-дзе. Прызнацца, трохі хваляваўся: як прымуць, ці будуць слухацца, усё ж розніца ва ўзросце ў нас неістотная, на адной хвалі, так бы мовіць.  Але яны ў мяне малайцы, субардынацыю не парушаюць, заўсёды бясспрэчна выконваюць даручэнні і на заўвагі не крыўдзяцца. Паспрабаваць свае сілы сёлета мне давялося не толькі ў ролі важатага, але і пабыць інструктарам па фізічнай культуры, чым я вельмі задаволены, паколькі мая будучая спецыялізацыя – трэнерская работа.

А тым часам на футбольнай пляцоўцы кіпеў азарт. Саступаць не жадала ні адна з каманд, у вы-ніку перамагло сяброўства. Аляксандр Сяргеевіч  працягвае:

– Спартыўная база тут выдатная. Добрыя пляцоўкі: валейбольная, футбольная, баскетбольная, сілавы гарадок. І харчаванне шыкоўнае, вітамінізаванае.  Створаныя ўмовы ў максімальнай ступені спрыяюць аздараўленню: свежае паветра, хвойны лес, чыстае возера. Для нас жа што галоўнае: каб выхаванцы былі здаровымі і вясёлымі. З задавальненнем прыеду і ў наступным годзе папрацаваць, калі атрымаецца.

Сярод тых, хто робіць жыццё адпачываючых цікавей – культарганізатар Ірына Рыхцер.

– Кожны дзень – новыя мерапрыемствы. З любімых і папулярных – «Містэр лагера»,  «Міс Лета», «Бенефіс Бабы Ягі», «Усміхніцеся, вас здымае скрытая камера». Самых актыўных чакаюць граматы і памятныя сувеніры.

Здароўе дзетак таксама знаходзіцца ў надзейных руках. Кваліфікаваныя медработнікі  дзяжураць кругласутачна і не дазваляюць хваробам узяць верх.

У той дзень з візітам прыехалі супрацоўнікі МНС, якія сумесна з БРСМ правялі для дзетак рэспубліканскую акцыю «Ка-нікулы без дыму і агню». Сумаваць не прыйшлося нікому: віктарыны, гульні, падарункі, займальныя апавяданні аб рабоце пажарнага, магчымасць на некаторы час адчуць сябе выратавальнікам.

Пра тое, што лагер сапраўды добры і сюды хочацца вяртацца, сведчаць пастаянныя «спадарож-нікаўцы». Адна з іх – 12-гадовая Аліна Стахміч з Лунінца.

– На адпачынак прыязджаю з 6-ці год. Тут выдатна! У параўнанні з мінулым летам шмат што адрамантавалі, лагер змяніўся ў лепшы бок! На мерапрыемствах цікава, на дыскатэках весела, тым больш, што іх праводзяць на прасторнай адкрытай пляцоўцы! Кормяць смачна, маладыя і добрыя важатыя. Увогуле за столькі часу здаецца, што гэта мой другі дом: усё тут даўно стала родным і дарагім.

– У чым жа сакрэт поспеху лагера? – развітваючыся, пацікавілася ў майго «экскурсавода».

– У нас усе прыязджаюць на работу з усмешкай. Гэта вельмі важна для дзяцей. Ды і супрацоўнікі нашы – самыя лепшыя. Яны не лічацца са сваім часам. Усё накіравана на тое, каб выхаванцы атрымалі максімум станоўчага зарада. Вы ўспомніце сябе ў дзяцінстве. Хіба не ў лагеры сустрэлі новых сапраўдных сяброў, а можа раскрылі свае таленты ці ўпершыню адчулі далікатнае і трапяткое пачуццё – каханне?!

Праводзілі да машыны ўсёй зменай. На шляху дадому ўспомніўся кімсьці сказаны выраз «дзяцінства губляецца ў часе», але на маю думку ў «Спадарожніку» яно жыве вечна! Няхай жа адпачынак дорыць усмешкі, радасць і мацуе здароўе!



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть