Молодежь

Крэдыт у дарослае жыццё

кредитМаладым спецыялістам быць нялёгка. Трэба не толькі зарэкамендаваць сябе са станоўчага боку на першым працоўным месцы, але і абжыцца. Хочацца купіць халадзільнік, тэлевізар, ложак… Толькі грошай на ўсё, вядома ж, не хапае. Выйсце ёсць.
ААТ «АСБ Беларусбанк» прадастаўляе льготны крэдыт маладым спецыялістам да 5 год пад 7,5 працэнта гадавых. Яго памер складае 15 бю-джэтаў пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, зацвер-джанага на момант атрымання крэдыту. Зараз гэта крыху больш як 15 мільёнаў рублёў. Выплата з’яўляецца аднаразовай. Яе можна атрымаць на працягу двух год пасля заканчэння навучальнай установы. Ільготныя крэдыты прадастаўляюцца па спісах, зацверджаных раённым выканаўчым камітэтам. Атрымаць могуць выпускнікі ВНУ і ССНУ, накіраваныя на работу па размеркаванню ў дзяржаўныя арганізацыі і ўстановы не па месцы жыхарства бацькоў.
Па словах галоўнага спецыяліста аддзела рознічнага бізнесу Цэнтра банкаўскіх паслуг № 119 ААТ «АСБ Беларусбанк» Сяргея Леваненкі, у гэтым годзе ў раёне прывілеяй скарысталіся шэсць чалавек. Для таго, каб падаць дакументы на атрыманне льготнага крэдыту, малады чалавек павінен ад-працаваць па размеркаванню не менш як тры месяцы. За кошт ільготнага крэдыту нядаўнія студэнты могуць набыць мэблю, бытавую тэхніку, адзенне, пасцельную бялізну і іншую прадукцыю беларускіх вытворцаў.
Каб аформіць заяўку, неабходна звярнуцца ў сектар па справах моладзі райвыканкама. Пры сабе мець: пашпарт, дыплом аб заканчэнні вышэйшай або сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы, копію ліста аб накіраванні выпускніка ў адпаведную арганізацыю, завераную ў аддзеле кадраў па месцы работы, даведку з месца жыхарства аб складзе сям’і, а таксама аб сярэднім заробку за тры апошнія месяцы. Для заключэння крэдытнага дагавора ў банк прадастаўляюцца даведкі аб складзе сям’і і з месца работы паручыцеляў з указаннем сум падаходнага падатку, прафсаюзных узносаў і іншых утрыманняў.
Шчыра кажучы, свайго ўласнага жылля і самай неабходнай бытавой тэхнікі таксама пакуль не маю. Але і на крэдыт не прэтэндую. Натхнёная атрыманай інфармацыяй, вырашыла праверыць, што ж можна купіць на гэтыя грошы. Адпраўляюся ў магазін бытавой тэхнікі. Ля ўваходу сустракае дзяўчына кансультант, прапануе дапамогу. Яна ж мне і патрэбна.
– Нядаўна пераехала на новае месца жыхарства, у доме нічога няма… – пачынаю. – Толькі ёсць адна ўмова: усё павінна быць беларускай вытворчасці.
Здзіўлена паглядзеўшы на мяне, але без лішніх пытанняў яна прыступіла да сваёй работы.
Вырашылі пачаць з халадзільніка. На вітрыне сярод замежных марак было некалькі «Атлантаў». Цэны на іх вагаюцца ад 2 223 000 да 2 517 000 рублёў. Нагледзела годны за 2 435 000.
Пральная машына – хай і не самы неабходны прадмет, але ўжо вельмі жаданы. Не змагла прайсці міма. Побач з «прадстаўніцамі» замежных марак «Indesit» і «Samsung» стаяць тры «АТЛАНТаўскія». Мадэль за 2 375 000 рублёў спадабалася, такую б узяла.
Каб не сумаваць доўгімі зімовымі вечарамі, патрэбен тэлевізар. За апошнія тры гады вадкакрысталічныя прыкметна патаннелі і ператварыліся з дарагой цацкі ў даступную бытавую тэхніку. Знаходжу невялікую сімпатычную мадэль у “Гарызонта” за 3 600 000 рублёў.
Вельмі карысная пакупка для моладзі – мікрахвалевая печ. Тут кансультант злёгку разгубілася, бо асаблівага выбару сярод беларускіх вытворцаў не было – усяго дзве мадэлі за 653 500 і 849 000 рублёў. Але, думаю, прыстойны варыянт можна пашукаць у іншых магазінах. Нагледзела пыласос нашага “Гарызонта”, цана якому 644 000 рублёў.
Усё самае неабходнае выбрана. Цяпер час падлічыць суму – спатрэбіцца 9 903 000 рублёў. Ну вось, яшчэ засталіся грошы і на іншыя неабходныя ў гаспадарцы рэчы. З бытавой тэхнікі пажадана знайсці яшчэ прас і электрычны чайнік.
Калі камусьці няма на чым спаць, можна набыць ложак, тахту або канапу. Да тавараў першай неабходнасці адносяцца вопратка, абутак, пасцельная бялізна, коўдры, падушкі, посуд. Толькі не трэба забываць, што на этыкетках абавязкова павінна быць напісана “Зроблена ў Беларусі”.
Кожны можа вар’іраваць тавары ў сваім спісе неабходных рэчаў. Зразумела, усё, што хочацца, адразу купіць не атрымаецца. З чымсьці давядзецца і пачакаць. Але, дзякуючы льготнаму крэдыту, пачынаць кар’еру маладыя спецыялісты могуць у добрых бытавых умовах.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть