Маладосць усяго адна бывае
Тое, што Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі аб’ядноўвае актыўных і ініцыятыўных людзей, вядома даўно. Чым жыве раённая арганізацыя сёння і якія ў яе планы, расказала першы сакратар райкама БРСМ Юлія Шчур:
– Наш актыў налічвае 2161 чалавек. Гэта – калектыў аднадумцаў з цікавымі праектамі і прапановамі. З энтузіязмам актывісты арганізацыі ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці раёна, клапоцяцца аб ветэранах, падтрымліваюць рэспубліканскія акцыі “100 ідэй для Беларусі”, “MobilaArt”, “Дзякуй за Перамогу”, “За Беларусь”. Члены пярвічак даглядаюць за магіламі воінаў, абеліскамі баявой славы.
Значная ўвага надаецца рабоце па фарміраванню здаровага ладу жыцця. Супрацоўнічаем з аддзелам адукацыі, фізічнай культуры, спорту і турызме райвыканкама, праводзім шматлікія спартыўныя спаборніцтвы, турыстычныя злёты, акцыі. Найбольш яркімі з’яўляюцца валейбольны турнір памяці І.В. Зылевіча, баскетбольны – памяці П.М. Машэрава, “Скураны мяч” і “Залатая шайба”, спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі і настольным тэнісе, фестываль здароўя “Лад жыцця – толькі здаровы!”, акцыі “Небяспека – СНІД”, “Абмяняй цыгарэту на цукерку”.
У мэтах прафілактыкі дарожнага траўматызму арганізоўваюцца мерапрыемствы разам з супрацоўнікамі дзяржаўтаінспекцыі. Гэта дае магчымасць правяраць і замацоўваць веды па правілах дарожнага руху. Сумесна з вучнямі СШ №4 наведалі маладых інвалідаў, уручылі падарункі, зрабілі памятныя фотаздымкі. У ходзе суботнікаў і акцый, такіх як “Чысты бераг”, ліквідуем несанкцыянаваныя звалкі, добраўпарадкоўваем месцы баявой славы, саджаем дрэўцы…
– Ці мелі магчымасць юнакі і дзяўчаты атрымаць дадатковы даход у летні перыяд?
– Актыўна працуем па адраджэнні студатраднага руху. У гэтым годзе часова працаўладкавалі 140 чалавек. Члены нашай арганізацыі, былі заняты ў васьмі атрадах, створаных пры Лунінецкай і Мікашэвіцкай ЖКГ, прафесійна-тэхнічным каледжы сельскагаспадарчай вытворчасці, СВК “Багданаўка”, “Хваецкае”, “Новае Палессе”.
– Як вядзецца работа з цяжкімі падлеткамі і дзецьмі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы?
– Распрацаваны шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на ажыццяўленне прафілактычнай работы з непаўналетнімі. Перад новым навучальным годам правялі акцыю “У школу з добрым сэрцам” па збору канцылярскіх прыналежнасцей, спартыўнага інвентару.
Рэгулярна з супрацоўнікамі РАУС маладзёжны атрад аховы правапарадку імя Мікалая Гарадзецкага ўдзельнічае ў патруляванні ў вячэрні час. На сённяшні дзень у яго склад уваходзяць 12 байцоў. У рамках праграмы “Моладзь за здаровы лад жыцця” 24 падлеткі, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, пабывалі на базе в/ч 65408.
– Якімі бачыце далейшыя перспектывы развіцця раённай арганізацыі?
– Немагчыма пералічыць усе справы і дасягненні, як і перспектывы, якія адкрываюцца перад намі. Мы паступова развіваемся, штогод павялічваецца колькасць членаў арганізацыі. Перш за ўсё, паспрабуем вывесці на новы, больш высокі ўзровень нашы мерапрыемствы, актывізуем работу з ініцыятыўнымі жыхарамі раёна. Калі здолеем зацікавіць іх, упэўнена, яны прыйдуць да нас самі.