Молодежь

Маладзёжны рух з лідарамі

лидерыЛідар – гэта ўпэўнены ў сабе, крэатыўны, надзейны, адказны і прадпрымальны чалавек. Ён вядзе за сабой каманду, натхняе і стварае настрой. Ён настойлівы ў дасягненні мэты, кемлівы і смелы. Менавіта такія маладыя людзі сабраліся ў Цэнтры дзіцячай творчасці, каб прадэманстраваць свае лепшыя якасці.

Упершыню на Лунінеччыне аддзел адукацыі сумесна з аддзелам па справах моладзі райвыканкама, райкамам БРСМ, раённым Саветам дэпутатаў, раённай арганізацыяй ГА “Белая Русь” правялі конкурс “Лідар-2013”. Яго мэта – выхаванне пачуцця грамадзянскай адказнасці ў дзяцей і падлеткаў, фарміраванне прыцягальнага ўзору юнага лідара.

Яшчэ да пачатку конкурсу ўдзельнікі прадаставілі партфоліа “Я – стратэг свайго жыцця”, якое з’явілася свайго роду прапускным білетам да асноўных выпрабаванняў.

І вось настаў час для таго, каб прадэманстраваць свае здольнасці ў самапрэзентацыі “Лідарбачанне”. Найбольш удала з дамашнім заданнем справілася вучаніца СШ №2 г.Лунінца Ірына Скіба. У наступным іспыце –  сацыяльнай рэкламе “Лідарскія арыенціры” – увагу журы прыцягнуў ролік аб парніковых газах, які прадаставіла Кацярына Рабец з гімназіі імя У. Нядзведскага. Падчас выпрабавання “Штурманы дзяцінства” вучні-лідары разам са сваімі педагогамі выступалі з творчымі нумарамі. Найбольш запамінальным стала выступленне 10-класніцы Вольгі Чарнавокай і настаўніцы Святланы Профіт з лунінецкай СШ №3. Яны паказалі, як клоўнатэрапія дапамагае змагацца са стрэсамі, якія падсцерагаюць нас усюды. У конкурсе “Праекты ў жыццё” ўсе ўдзельнікі прадэманстравалі высокі ўзровень. Аднак, нельга было не звярнуць увагу на тое, як заклапочана ставіцца да праблем малога горада і жыццядзейнасці ў ім моладзі вучаніца мікашэвіцкай СШ №2 Дар’я Шкут.

Годна паказалі сябе ва ўсіх выпрабаваннях Анжаліка Сінькевіч з мікашэвіцкай СШ №1, Таццяна Антановіч з Багданаўскай СШ, Яна Вароніч з Язвінскай СШ і Алёна Сергіевіч з Любанскай СШ.

Дапамагаюць развіваць і ўкараняць ініцыятыву дзяцей такія ж педагогі-лідары. Гэта намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце лунінецкай СШ № 2 Аксана Барысевіч, педагогі-арганізатары Алена Бацюня з мікашэвіцкай СШ №1, Ірына Кацэла з гімназіі, Таццяна Савіч з Багданаўскай СШ, Вольга Вароніч з Любанскай СШ, Вольга Іванова з мікашэвіцкай СШ №2, настаўніцы Таццяна Байда з Язвінскай СШ і Святлана Профіт з лунінецкай СШ №3.

У фінальных дэбатах, якія праходзілі ў форме “круглага стала” на тэму “Дзіцячае грамадскае аб’яднанне – мой шлях да самарэалізацыі” сустрэліся прадстаўніцы лунінецкай СШ № 2 і гімназіі імя У. Нядзведскага, якія адстойвалі пазіцыю “за”, а таксама лунінецкай СШ №3 і мікашэвіцкай СШ №2. Апошнім давялося фармуляваць тэзісы “супраць”. Лідары даказалі, што валодаюць рашучасцю, разумеюць сваю пазіцыю, умеюць аналізаваць падзеі і знаходзіць выйсце з цяжкіх сітуацый.

Але свайго апошняга слова канкурсанты яшчэ не сказалі. У хуткім часе ім давя-дзецца сустрэцца з прадстаўнікамі мясцовых органаў улады, дзе яны змогуць задаць свае пытанні і ўнесці прапановы па паляпшэнню жыцця моладзі. Ва ўрачыстай абстаноўцы адбудзецца і ўзнагароджанне пераможцаў.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть