Моладзь — «лакаматыў» пазітыўных змен у рэгіёне
МолодежьПроисшествия

Моладзь — «лакаматыў» пазітыўных змен у рэгіёне

молодёжьТак лічыць старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч, які абгрунтаваў гэта падчас сустрэчы з маладымі спецыялістамі, што сёлета пачалі працоўную дзейнасць на прадпрыемствах і ў арганізацыях Лунінеччыны.

Падобныя мерапрыемствы ўжо сталі традыцыйнымі і накіраваны на тое, каб маладыя людзі, што ўпершыню прыбылі ў раён, і тыя, хто вярнуўся ў родныя мясціны, атрымаўшы прафесію, змаглі пранікнуцца асаблівым духам і палюбіць Лунінеччыну ўсёй душой. А яшчэ зразумець, што яны – стваральнікі будучыні, таму не павінны маўкліва назіраць за падзеямі, якія адбываюцца ў нашай краіне, а прымаць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Аб гэтым гаварыў, вітаючы ўдзельнікаў сустрэчы, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Рафаловіч. Ён жа прапанаваў пачаць знаёмства з раёнам з краязнаўчага музея. Менавіта туды накіравалася дэлегацыя ў суправаджэнні начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Анатоля Захаркевіча і загадчыка сектара Сяргея Молчана.

Навуковы супрацоўнік установы культуры Іна Сайко пазнаёміла з экспазіцыяй і музейнымі прадметамі, якія распавядаюць аб гісторыі горада і раёна. Яна спынілася на асобных этапах развіцця Лунінеччыны, у прыватнасці, будаўніцтве на Палессі чыгункі, “польскім” перыядзе, нямецкай акупацыі, пасляваенным станаўленні і сучаснасці. У выставачнай зале прыцягнула ўвагу экспазіцыя з Японіі, дні якой цяпер праходзяць у Беларусі.

Адна з важных праблем, якой надаецца асаблівае значэнне, – дэмаграфічная. З моманту апошняга перапісу насельніцтва (2009 год), колькасць жыхароў раёна зменшылася больш як на 3 тысячы чалавек. Таму важная роля адводзіцца якаснаму медыцынскаму абслугоўванню. Аб тым, які значны крок у гэтым напрамку зроблены на Лунінеччыне, расказала намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы ЦРБ Вольга Чынікайла падчас экскурсіі па раённай бальніцы. Прыемна, што з года ў год усё менш адчувальнай становіцца кадравая праблема. Пяць маладых спецыялістаў, што прыступілі да работы сёлета, былі ў ліку ўдзельнікаў мерапрыемства. Гэта – урач-педыятр дзіцячай кансультацыі Таццяна НЕНАДАВЕЦ, урач-тэрапеўт Дварэцкай амбулаторыі Ніна МАЛОВА, урач агульнай практыкі Вялікачучавіцкай бальніцы Анастасія ЯРМАКОВІЧ, урач-тэрапеўт Дзятлавіцкай амбулаторыі Дзіна ЗУБАВА і ўрач агульнай практыкі Любанскай амбулаторыі Таццяна БОЙКА.

– Цудоўная бальніца, – адзначае майстар лясной гаспадаркі Багданаўскага ляс-ніцтва Яўген ДРОЗД. – І актавая зала з мультымедыйнай устаноўкай выдатная. Мне, ураджэнцу Клецка, можна сказаць, пашанцавала трапіць у раён, дзе жывуць вельмі добразычлівыя і сціплыя людзі. Тут многае не так, як на маёй радзіме. У нейкай ступені лепш. Застануся ці не, пакуль складана сказаць…

Наступны аб’ект – малочнатаварная ферма ў Луніне. За час пераезду ўдзельнікі семінара паглядзелі відэафільм пра Лунінеччыну.

– У інтэрнэце шмат ролікаў пра наш рэгіён, – расказвае вядучы спецыяліст па цэнах ААТ “Райаграсервіс” Вераніка ГУСЦІНОВІЧ. – Але гэты – больш сучасны і прымушае парадавацца за дасягненні лунінчан. На сваю малую радзіму вярнулася пасля заканчэння Гомельскага аграрна-эканамічнага каледжа, цяпер завочна працягваю вучобу ў Брэсцкім тэхнічным універсітэце. Мне пашанцавала трапіць у дружны калектыў, толькі заробак хацелася б мець больш высокі. Пакуль жыву з бацькамі, гэта не вельмі адчувальна, а вось калі будзе ўласная сям’я…

Пад’язджаючы да новай фермы ў Луніне, праз вокны аўтобуса звярнулі ўвагу на старыя пабудовы. Розніца паміж аб’ектамі адчувальная. Гэта не ўтойваў і старшыня мясцовага СВК Васіль Мелюх, які сустракаў дэлегацыю.

Якасць малака і малочных прадуктаў напрамую залежыць ад умоў утрымання жывёл на ферме. Таму ў гаспадарцы імкнуцца стварыць годныя ўмовы для дойнага статка, захаваць здароўе жывёлін і падоўжыць прадуктыўны перыяд. Маладыя людзі звярнулі ўвагу на тое, што кожная рагуля «ўпрыгожана» бранзалетам ля капыта і завушніцамі. Васіль  Сцяпанавіч заўважыў цікавасць і пракаменціраваў: “Такім чынам уманціраваны чыпы з рознай інфармацыяй: нумар каровы, яе прадуктыўнасць, хваробы, колькасць ацёлаў і нават тое, што наспеў тэрмін асемянення. Гэтыя звесткі аўтаматычна паступаюць у камп’ютарную базу.” Кіраўнік гаспадаркі таксама спыніўся на сацыяльна-бытавых умовах, створаных для моладзі ў вёсцы.

Уразіла маладых людзей ДЮСШ па водных відах спорту “Дэльфін”. Спадабаліся басейны, трэнажорная і більярдная залы, а таксама саўна. Некаторыя адразу набылі абанементы. Сёлета тут пачала сваю прафесійную дзейнасць трэнер па плаванню Святлана ХАРКЕВІЧ, ураджэнка Камянецкага раёна. А ў суседнім спартыўным аб’-екце – ДЮСШ па зімовых відах спорту “Алімп” – фігурнаму катанню навучае дзетак Кацярына ЛЕМЗА. Абедзве дзяўчыны вельмі задаволены працоўнымі калектывамі і створанымі ўмовамі працы. Адзінае, што расчароўвае, – адсутнасць жылля. Інтэрнат па месцы работы прадаставіць не могуць, а зняць кватэру ў Лунінцы вельмі праблематычна. Ды і 150 долараў ЗША, што просяць кватэраздатчыкі, для маладога спецыяліста – не зусім па кішэні.

На жыллёвай праблеме засяроджвалі ўвагу многія юнакі і дзяўчаты, нават прапаноўвалі свае варыянты яе вырашэння. Напрыклад, выдзеліць у адным з дамоў пад’езд, дзе будуць кватэры, як у інтэрнаце, для маладых спецыялістаў. Прапанова нядрэнная, асабліва на перспектыву, калі будзе ўводзіцца арэнднае жыллё. Вось толькі не ведаю, чаму маладыя людзі не агучылі гэта старшыні райвыканкама Васілю Агіевічу, калі той запрасіў да размовы.

Яшчэ адным вытворчым аб’ектам, дзе пабывалі ўдзельнікі мерапрыемства, стаў малочны завод. Экскурсію правёў дырэктар прадпрыемства Сяргей Карпец, па ходу акцэнтуючы ўвагу на асартыменце прадукцыі, прагнозных паказчыках і экспартным патэнцыяле. Тое, што прадукцыю ААТ “Лунінецкі малочны завод” вызначаюць высокая якасць і адметны смак, госці змаглі ўпэўніцца падчас дэгустацыі.

У кінатэатры “Кастрычнік” адбылася сустрэча маладых спецыялістаў з кіраўніцтвам раёна. Начальнік жыллёва-камунальнага аддзела райвыканкама Аляксандр Ходзін расказаў пра пастаноўку на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Галоўны спецыяліст па прававой рабоце Юрый Рацык адказаў на пытанні, якія ўдзельнікі мерапрыемства задалі ў ходзе анкетавання. Акрамя гэтага, прагучала інфармацыя пра магчымасць атрымання маладымі спецыялістамі льготнага крэдыту, аб тым, як рэалізаваць свой творчы патэнцыял з дапамогай грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь” і “БРСМ”.

У сваім выступленні старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч спыніўся на апошніх дасягненнях раёна і таленавітых людзях, на якіх багата палеская зямля:

– Моладзь – гэта рухавік мадэрнізацыі, таму што менавіта яна задае тэмп развіцця, акрэслівае арыенціры. У юнакоў і дзяўчат больш крэатыўных ідэй, якія можна і трэба рэалізоўваць на карысць дзяржавы.

Па словах кіраўніка раёна, моладзь павінна надаць дынаміку развіцця рэгіёна, стаць авангардам і лакаматывам пазітыўных перамен у грамадстве.

Васіль Міхайлавіч расказаў пра новыя магутнасці гранітаздабываючага прад-прыемства, газіфікацыю, добраўпарадкаванне і будаўніцтва.

– Хачу, каб у кожным куточку Лунінеччыны было камфортнае жыццё, – канстатаваў кіраўнік улады.

Маладыя людзі запэўнілі, што будуць абавязкова са-дзейнічаць гэтаму і падзякавалі кіраўніку раёна за сустрэчу, магчымасць пазнаёміцца з равеснікамі і палескім краем.

Заключным акордам стаў канцэрт, падрыхтаваны работнікамі культуры, і святочная вячэра з забаўляльнай праграмай у кафэ “Адпачынак”.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть