На грэбні «Балтыйскай хвалі»
КультураМолодежь

На грэбні «Балтыйскай хвалі»

балтийская волнаапынуліся ўдзельнікі калектыву бальнага танца “Мірыданс” Цэнтра дзіцячай творчасці. Расказвае кіраўнік Святлана ГАЛКА:

– Харэаграфічны фестываль-форум краін Балтыі “Балтыйская хваля. Рыга – Стакгольм” стаў чарговай прыступкай для нашых юных талентаў. Трапілі туды невыпадкова. Калі ўдзельнічалі ў “Залатой хвалі” ў Балгарыі, на нас звярнулі ўвагу арганізатары спаборніцтва і запрасілі да ўдзелу ў прыбалтыйскім фестывалі. Пэўны час пытанне, што называецца, вісела ў паветры: для паездкі патрэбны былі сродкі. Калі візіт у Балгарыю адбыўся дзякуючы члену Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Таццяне Удавенка (за што вельмі ўдзячны гэтаму цудоўнаму чалавеку), то тут знайсці спонсараў аказалася не так проста. Урэшце, у імя незгасаючага таленту дзетвары выдаткі ўзялі на сябе бацькі Святаслава Чыжыка і Веранікі Ляпко, Мікіты Раковіча і Паліны Ількавец. І дзеці апраўдалі спадзяванні.

Сямнаццаць знакамітых калектываў з Літвы, Латвіі, Расійскай Федэрацыі і Беларусі бралі ўдзел у спаборніцтвах. У выніку Вераніка і Святаслаў атрымалі Дыплом ІІ ступені, калектыў “Мірыданс” узнагароджаны спецыяльным Дыпломам “За выканаўчае майстэрства”. Вельмі карысным было мерапрыемства і для мяне, як для кіраўніка. Змагла паўдзельнічаць у майстар-класах, якія давалі  знакамітыя харэографы, атрымала сертыфікат “Рэжысура харэаграфічных нумароў”.

А цяпер пра саму паездку. Яна і ў дзяцей, і ў дарослых пакінула незабыўнае ўражанне. Спачатку аўтобусам прыбылі ў Рыгу. Пасля азнаямленчай экскурсіі па горадзе накіраваліся ў Юрмалу. Гэты ўтульны курортны горад вельмі спадабаўся. У той жа дзень  нас запрасілі на шыкоўны лайнер “Рамантыка”, дзе, уласна кажучы, і адбываўся сам фестываль. Дваццаць восем палуб, зручныя каюты, усё магчымае для паўнацэннага адпачынку, прыгожая канцэртная зала – уражвала літаральна ўсё.

Прадстаўнічае журы, у складзе якога – дастаткова вядомыя  прозвішчы (варта назваць члена журы НТВэшных “Танцаў з зоркамі” Уладзіміра Андрукіна – ён на здымку з нашымі канкурсантамі) вельмі прыхільна ўспрынялі пасланцоў з маленькага Лунінца. Не скажу “невядомага”, бо, дзякуючы нашым юным танцорам, Лунінец – на слыху ў многіх прыкметных харэографаў. Пасля гала-канцэрта, у якім удзельнічаў і “Мірыданс”, нам прапанавалі летам прыехаць у Юрмалу, каб разам з іншымі канкурсантамі выйсці на сцэну сусветна вядомага зала “Дзінтары”.

Ноччу давялося пахвалявацца: у моры нас засціг тайфун “Святы Іуда”, які шмат непрыемнасцей прынёс некаторым еўрапейскім краінам, але ўсё закончылася добра. Раніцай 29 лістапада мы прыбылі ў Швецыю. Адзін дзень, праведзены ў Стакгольме, запомніцца на ўсё жыццё: мноства экскурсій, знаёмства з новымі людзьмі і іх побытам і, урэшце, растанне. “Бывай, Балтыка! Да новых сустрэч!”, – думаў кожны з нас, гледзячы на бераг, што хаваўся ўдалечыні.

Адразу пасля вяртання са Швецыі “Мірыданс” накіраваўся ў Мінск для ўдзелу ў рэспубліканскім фестывалі “ФДФ”, заснавальнікам якога выступае беларуская Федэрацыя танцавальнага  спорту.

І тут нашы землякі аказаліся на вышыні. Дзве пары з 14-ці – Дзмітрый Рудовіч і Ганна Дырда, Святаслаў Чыжык і Вераніка Ляпко – выйшлі ў паўфінал гэтых прэстыжных спаборніцтваў.

Вельмі ўдала выступілі і  самыя маленькія ўдзельнікі “Мірыданса” – 5-6-гадовыя хлопчыкі і дзяўчынкі. Члены журы не хавалі захаплення ад майстэрства юных танцораў, прарочачы ім па-сапраўднаму зорную будучыню.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть