Молодежь

Павітаць па-беларуску…

Зрабіць гэта прапанавалі арганізатары абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу «Уладар сяла», які прайшоў у Баранавіцкім раёне.

Традыцыйна ўдзел у ім бяруць маладыя сем’і. На гэты раз спаборнічалі 9 пар – пераможцы раённых этапаў. Разам з бацькамі прыехалі іх сыночкі і дочкі. Прыемна, што большасць сем’яў-удзельніц – мнагадзетныя.

Дзмітрый і Наталля Паўлюкевічы, якія прадстаўлялі Лунінеччыну ў спаборніцтвах, удзельнічалі ўпершыню, таму адразу звярнулі ўвагу на творчы падыход арганізатараў свята да яго правядзення.

Канкурсантаў чакала шэсць заданняў, у ходзе якіх яны дэманстравалі спрыт, сілу, а таксама ўзаемапаразуменне. Калі, напрыклад, з распілоўкай дроў справіліся многія, то ў пераборцы гароху і фасолі мужчынам давялося вельмі няпроста. З вычышчанага «ўраджаю» жанчыны затым стваралі мастацкія кампазіцыі. А дапамагалі мамам іх дзеці.

Не менш захапляюча прайшоў і конкурс па фігурным ваджэнні воза. Аказалася, некаторыя пары больш упэўнена адчуваюць сябе за рулём аўтамабіля, чым за конскай збруяй. Зрэшты, з заданнем справіліся ўсе. Праўда, майстэрства пры гэтым прадэманстравалі рознае. Як і ў конкурсе «Прыродная аптэка». У ім на вышыні апынуліся тыя, у каго бабулі і мамы займаюцца зборам траў і вырабам гаючых настояў.

Перамогу па выніках усіх этапаў святкавала маладая сям’я Дзмітрыя і Вольгі Абрамовічаў, якая прадстаўляла Баранавіцкі раён. Дарэчы, з каштоўнымі прызамі і двума дыпломамі вярнуліся з конкурсу і лунінчане. Нашы землякі сталі лепшымі ў выставе дасягненняў сямейнай гаспадаркі і трэцімі – у візітоўцы.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть