ЗдоровьеМолодежь

Перадавы атрад аховы здароўя адзначыў 55 гадавіну з дня заснавання

медикиСлужба “Хуткай дапамогі” Лунінеччыны сёння – 6,5 брыгады і пасты ў філіяле №1 “Мікашэвіцкая бальніца”, Чучавічах і Кажан-Гарадку.

“Хуткая медыцынская дапамога ўключае комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на ліквідацыю раптоўнага паталагічнага стану, які пагражае жыццю і здароўю чалавека. Асноўныя прынцыпы нашай работы – безадкладнасць, безадмоўнасць, бясплатнасць і бесперабойнасць», – гаворыць Таццяна Захарава, якая ўзначальвае аддзяленне хуткай дапамогі ў Лунінецкай ЦРБ. За час работы ёй і калегам неаднойчы даводзілася трапляць у экстрэмальныя сітуацыі.

Запатрабаванасць «хуткай» з кожным годам расце. Больш за ўсё званкоў – у выхадныя, а ў святы тэлефоны і ўвогуле не змаўкаюць кругласутачна. “Нягледзячы на вялікія нагрузкі, зараз аб-слугоўваем да 50-60 выклікаў у суткі. Стараемся вытрымаць нарматыў і прыбыць да хворага пасля паступлення званка не пазней, чым за 20 хвілін, а на экстранныя выклікі – ў разы хутчэй”, – адзначыў фельчар Генадзь Янкевіч, які марыў тут працаваць з дзяцінства. Мужчына з цеплынёй і ўдзячнасцю прыпомніў свайго настаўніка – Аляксея Жданава, які ўсё жыццё прысвяціў “хуткай”.

Аператыўнасць службы павышаецца з кожным годам. Любы дыялог дыспетчара «103» запісваецца і захоўваецца ў памяці камп’ютара. Так што ў выпадку праблемнай сітуацыі заўсёды можна вызначыць, хто вінаваты.

“Вялікую ролю адыгрывае псіхалагічны фактар. Пастаянна трэба трымаць сябе ў руках, старацца знаходзіць да кожнага хворага падыход, разумець, што яму вельмі дрэнна, а таму задаваць канкрэтныя, кароткія і правільныя пытанні”, – расказвае дыспетчар Ірына Ванюк. Сабраўшы ўсю інфармацыю па выкліку, менавіта яна вырашае, якую брыгаду накіраваць на дапамогу. Прычын, чаму выклік абавязковы, можа быць шмат. Як правіла, гэта вострыя станы –  апендыцыт, траўмы, моцныя болі ў галаве, жываце, сэрцы, складаныя інфекцыйныя захворванні і інш.

Фельчары і ўрачы пра выхадныя і не мараць, бо хваробы прыходзяць нечакана. А вось факт, што тут працуе многа жанчын, здзівіў. Верагодна, растлумачыць гэта можна тым, што толькі яны здольны вытрымаць напружаны графік. Да прыкладу, Ганна Яцушкевіч на “хуткай” ўжо 7 гадоў. Паводле яе слоў, брыгада не ведае, на што едзе, – кожны раз даводзіцца сутыкацца з рознымі сітуацыямі. “Адзінае, чым павінен адрознівацца медык – дастаткова хуткай рэакцыяй і кампетэнтнымі ведамі, – адзначыла Ганна Вітальеўна. – Пры гэтым рукі не апускаюцца ніколі, таму што калі бачыш, як на тваіх вачах пацыенту становіцца лягчэй, адчуваеш маральнае задавальненне”. Яна адразу ўзгадала самыя запамінальныя і прыемныя выпадкі – роды: давялося дапамагаць дзвюм парадзіхам. Дарэчы, адна з іх адразу назвала дачушку ў гонар сваёй выратавальніцы.

Спыніў нашу размову званок. Жанчына стра-ціла прытомнасць на клубніцах. У лічаныя хвіліны выязджае медыцынская брыгада. “Заўсёды спяшаемся на дапамогу, імкнучыся прыбыць своечасова. Праўда, нярэдка перашкаджаюць дрэнныя дарогі і іншыя непрадбачаныя цяжкасці. Ды і вадзіцелі, якія не спяшаюцца саступіць дарогу, таксама не рэдкасць. Дзесьці  прапускаюць,  дзесьці – не, а час бяжыць… Нервуецца персанал, нервуецца пацыент, які чакае сапраўды хуткую дапамогу», – адзначыў у дарозе вадзіцель з 26-гадовым стажам Мікалай Фролкін.

Абсталяванне аўтамабіля прадумана да дробязей. Тут ёсць усё неабходнае для аказання экстраннай дапамогі: шмат апаратуры, у тым ліку для штучнай вентыляцыі лёгкіх, розныя наборы шын, некалькі відаў насілак, дэфібрылятары, для таго, каб “запусціць” сэрца, што нечакана спынілася…
На месцы пацыентку, якая да прыезду дапамогі прыйшла ў сябе, пачаў аглядаць самы старэйшы, а таму і вопытны ўрач Валерый Некрашэвіч. Ён змераў ціск, пульс, даў неабходныя рэкамендацыі, а таксама папрасіў не сядзець у агародзе ў такую спёку.

“Засмучае, што ў некаторых выпадках пацыенты робяць неабгрунтаваныя выклікі. А ў гэты час камусьці сапраўды патрабуецца неадкладная дапамога, – ужо ў аўтамабілі падкрэсліў Валерый Андрэевіч. – Бывае, пры звычайным прастудным захворванні выклікаюць не ўчастковага ўрача, а “хуткую”.

“Праца цяжкая. Вазьміце любога чалавека і за ноч 5-7 разоў яго расштурхайце, пасадзіце ў машыну (зімой – халодную) і  адпраўце на вык-лік, –  разважае медыцынская сястра, якая ўваходзіць у склад брыгады, што накіравалася да пацыента з высокай тэмпературай.

Нам пашчасціла – хворая знаходзілася на трэцім паверсе шматкватэрнага дома. А колькі было ўзгадана выпадкаў, калі даводзілася падымацца значна вышэй, а ліфт не працуе або яго ўвогуле няма. На гэты раз абышлося без цяжкасцей і жанчыне аказалі медыцын-скую дапамогу.

Лунінецкая “Хуткая дапамога” працягвае мадэрнізавацца. За апошні час, дзякуючы добраму фінансаванню, абнавілі ўсё абсталяванне.

Прынята лічыць, што ўзровень аховы здароўя ў любым населеным пункце можна вызначыць па працы “хуткай”. Пабываўшы ў нашай, магу смела запэўніць: тут працуюць сапраўдныя прафесіяналы, якія здольны прыйсці на дапамогу ў самых складаных выпадках.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть