Браты Рудзько з Сінкевіч — пераможцы па жніву ў раёне і вобласці
Молодежь

Браты Рудзько з Сінкевіч — пераможцы па жніву ў раёне і вобласці

Для людзей, чыё жыццё цесна пераплецена з зямлёй, жніво – час хваляванняў, бо ўраджай – гэта падзяка карміцелькі-зямлі за ўкладзеныя ў яе старанні. Менавіта такое хвалюючае пачуццё авалодвае перад стартам кожнай уборачнай кампаніі камбайнерамі дзяржаўнага прадпрыемства «Сінкевіцкі» – братамі Мікалаем і Міхаілам Рудзько.

– Разам з іншымі калегамі-механізатарамі ў родную зямлю ўкладваем усю душу – займаемся ворывам, сеем, уносім угнаенні, апрацоўваем ад пустазелля. Таму, калі намалоты атрымліваюцца шчодрымі, шчыра радуемся, што вынікова папрацавалі.

Сёлетні ўраджай атрымаўся важкім. Мікалай на сваім «Джон-Дзіры» намалаціў 1068,84 тоны збожжа і заняў другое месца ў абласных спаборніцтвах сярод маладых камбайнераў. Міхаіл, а ён разам з памочнікам Дзмітрыем Сінкевічам, паклалі ў засекі гаспадаркі 1004,3 тоны, стаў пераможцам у аналагічным першынстве раённага ўзроўню.

У тагачасную сельскагаспадарчую арганізацыю «Агра-граніт» Міша – старэйшы з братоў – уладкаваўся прыкладна каля 6 год таму. Некаторыя калегі спачатку недаверліва ставіліся да юнака: «Гэтая праца далёка не кожнаму па сілах, не вытрымліваюць іншы раз і загартаваныя мужчыны”. Аднак довады скептыкаў не спраўдзіліся. Лепшым доказам таму служаць шматлікія граматы, кубкі і іншыя ўзнагароды розных працоўных спаборніцтваў. Яны ў доме Рудзько займаюць ганаровае месца.

Па прыкладу старэйшага Міхаіла пусціць карані на малой радзіме ў Мокрава вырашыў малодшы Мікалай, які таксама ўладкаваўся ў гаспадарку. Прайшло зусім няшмат часу, і сярод нязменных лідараў-механізатараў дзяржаўнага прадпрыемства «Сінкевіцкі» з’явіўся яшчэ адзін радок з прозвішчам «Рудзько».

– Складана назваць гэта канкурэнцыяй. Хутчэй за ўсё – працоўны энтузіязм, юнацкі запал, праверка на мэтанакіраванасць,  настойлівасць, веданне любімай справы. А яшчэ – выдатная магчымасць зарабіць добрыя грошы, якія дапамогуць хутчэй стаць на ногі, – кажа Міхаіл.

Мабыць, ні адзін рэкорд, у тым ліку – працоўны, немагчымы без надзейнага тылу. Міхаілу яго забяспечваюць жонка Наталля і дзеці – дачушка Віка і сынок Глеб. Кіраўніцтва прадпрыемства паклапацілася пра службовае жыллё для маладой сям’і. Нягледзячы на гэта, Міша ўзводзіць уласны дом. Сімва-лічна, што яго вокны выходзяць на майстэрні гаспадаркі ў вёсцы Мокрава.

Сямейным чалавекам у жніўні стаў і Мікалай Рудзько. Калі старэйшы з братоў сустрэў свой лёс у Манасеева, то малодшы прывёз жонку з Вулькі 2. Прафесійныя навыкі фельчара Аліны запатрабаваны ў Сінкевіцкай бальніцы. Пакуль маладыя жывуць у старой бацькоўскай хаце, але ўсё часцей абмяркоўваюць пытанне будаўніцтва новага дома.

Мясцовы люд памятае, што ў родзе Рудзько было нямала добрых механізатараў. Пераканана, што браты Міхаіл і Мікалай працягнуць гэту слаўную традыцыю.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть