Молодежь

Працягнуць руку дапамогі

ментУ тым, што Беларусь знаходзіцца ў шыротах Аўстраліі, мяжуе з ЗША, а сталіцай з’яўляецца горад Мікашэвічы, перакананы асобныя юнакі, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Да таго ж, у іх выклікае цяжкасць адказаць, колькі працягвалася 100-гадовая вайна паміж Англіяй і Францыяй, і якую кнігу яны прачыталі за апошнія гады.
Аб гэтым расказала інспектар ІСН Лунінецкага РАУС старшы лейтэнант Святлана КАХОВІЧ, якая трэці год працуе ў аддзеле. Пасля заканчэння юрыдычнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна, дзяўчына вырашыла звязаць прафесійную дзейнасць са службай у міліцыі. Марыла стаць дазнавацелем, калі праходзіла курсы ў вучэбным цэнтры МУС Рэспублікі Беларусь, але трапіла ў інспекцыю па справах непаўналетніх. Аб тым, што работа будзе настолькі складанай, нават і падумаць не магла. Сёння супрацоўнік міліцыі, які працуе з падлеткамі, павінен быць педагогам, уважлівым псіхолагам, каб тонка адчуваць змены ў свядомасці падлетка. Яшчэ адзін немалаважны фактар – пастаянныя самаадукацыя і бесперапынная работа над сабой, таму што ніхто так хутка не ўбірае ўсё новае і прагрэсіўнае, як дзеці.
Летась на тэрыторыі раёна непаўналетнія ўчынілі 44 злачынствы (у 2012-ым – 34), з іх 31 – крадзяжы.
– Але наша задача заключаецца не ў тым, каб выявіць злачынства і адправіць падлетка ў месцы пазбаўлення волі, а ў тым, каб працягнуць дзіцяці руку дапамогі, каб у будучым з яго вырас сумленны грамадзянін, – расказвае інспектар. – Гэтага дабіваемся пастаяннай і карпатлівай прафілактыкай, сумеснымі намаганнямі з іншымі зацікаўленымі службамі. Нашы “дзеткі” – гэта школьнікі, навучэнцы каледжаў. Менавіта таму важна працаваць з педагогамі і майстрамі, так бы мовіць, у адным рэчышчы.
Рашэнне праблем нядбайных сем’яў – таксама агульная задача як для супрацоўнікаў інспекцыі па справах непаўналетніх, так і для ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, сацыяльна-педагагічнага цэнтра, розных аддзелаў раённага выканаўчага камітэта. Інспектары – частыя госці ў сем’ях, у якіх ёсць дзеці, што растуць ва ўмовах антысанітарыі, злоўжывання алкаголем, не ў поўнай меры забяспечаны прадуктамі харчавання, бескантрольныя. Іх у інспекцыі ведаюць на памяць.
– Па сённяшні дзень памятаю, як упершыню паехала на адабранне дзяцей у адзін з населеных пунктаў раёна, – прыгадвае Святлана. – Дом, як кажуць, – без вокнаў і дзвярэй, адсутнічала ацяпленне, усюды – антысанітарыя. “Анечка, Борачка – крывіначкі мае. Як я без вас, а вы без мяне?” – галасіла маці, убачыўшы нас на парозе. Нават за нож схапілася… Але куды падзявалася яе любоў, калі дзяцей памясцілі ў прытулак. За ўвесь час яна ні разу не паці-кавілася, што з імі і дзе яны. Пазней жанчыну пазбавілі бацькоўскіх правоў, а малышоў усынавілі чужыя людзі. Нядбайных сем’яў, дзе на атрыманую дапамогу на дзяцей набываецца ў асноўным спіртное, у нас нямала. Але радуе, што іншы раз удаецца прымусіць бацькоў задумацца над сваімі паводзінамі і вярнуць лад і спакой у дамы. Сёлета ў сацыяльны прытулак памясцілі 8 дзетак, і толькі дваіх пакуль вярнулі ў біялагічную сям’ю.
Штодня праз інспекцыю праходзяць дзясяткі падлеткаў, якіх імкнуцца зберагчы ад непапраўных памылак. Святлана ўмее выслухаць і зрабіць усё для таго, каб у вочы дзіцяці зноў вярнуліся гарэзлівыя іскрынкі, каб бацькоўскае сэрца перастала трывожыцца.
Неяк у інспекцыю звярнулася жанчына з заявай, што без вестак прапала яе непаўналетняя дачка. Як высветлі-лася, у іх сталі частымі канфлікты, якія іншы раз узнікалі на “роўным месцы”. Маці не заўважыла, як згубіла кантакт з дзяўчынкай, якая вырашыла пакінуць бацькоўскі дом. Хутка “бяглянку” знайшлі, але колькі спатрэбілася Святлане намаганняў і стараннасці, каб заваяваць давер у дзяўчынкі і памірыць яе з маці. Цяпер яна навучэнка адной з устаноў Віцебшчыны, але кожны раз, прыязджаючы дадому, радуецца сустрэчы з інспектарам.
– Дзеці не нараджаюцца злачынцамі, – працягвае гутарку Святлана. – У тым, што яны спатыкаюцца, – віна дарослых. Лічу, што абавязкова трэба праводзіць прафілактычную работу з бацькамі. Бо, перш за ўсё, сям’я дае дзецям першыя ўрокі выхавання. Да таго ж, неабходны кантроль з боку дарослых. Але, на жаль, нярэдка непаўналетнія бываюць прадастаўлены самі сабе. Адсюль яшчэ адна праблема – распіццё спіртных напіткаў, чаму іншы раз спрыяюць дарослыя. За продаж алкаголю падлеткам да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута за мінулы год 11 прадаўцоў. Прычым, штрафы за такое парушэнне вялікія – ад 20 да 50 базавых велічынь.
Святлана Каховіч лічыць, што ёй пашанцавала трапіць у калектыў, дзе працуюць людзі не выпадковыя. У ІСН застаюцца толькі самыя ўстойлівыя, мэтанакіраваныя і адданыя сваёй справе, здольныя засцерагчы падлеткаў ад здзяйснення ўчынкаў, аб якіх можна потым шкадаваць усё жыццё. Кожны інспектар ведае, што ўзнагарода за старанні і працу – гэта выратаваныя дзіцячыя лёсы, ажыццяўленне мар хлопчыкаў і дзяўчынак у будучыні, дзе замест горкіх слёз будуць радасныя ўсмешкі.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть