Молодежь

Прафесія, даўжынёй у жыццё…

моладь223 маладыя спецыялісты сёлета прыбылі на работу ў Лунінецкі раён. Некаторыя з іх – нашы землякі, большасць – людзі прыезджыя. З мэтай пазнаёміць іх з такімі ж равеснікамі, расказаць аб інфраструктуры рэгіёна, дапамагчы ў вырашэнні хвалюючых пытанняў юнакоў і дзяўчат запрасілі ў райвыканкам на сустрэчу з яго старшынёй Васілём Агіевічам.

Яны сабраліся ў малой зале задоўга да пачатку афіцыйнай часткі. Атрымалі на памяць пакет дакументаў, запоўнілі анкеты і пашпарты маладога спецыяліста. Затым уважліва слухалі выступленні гасцей. Галоўны спецыяліст па прававой рабоце ўпраўлення справамі райвыканкама Юрый Рацык (на здымку) падрабязна спыніўся на нарматыўна-прававых актах для арганізацыі работы маладых спецыялістаў, ільготах і сацыяльных гарантыях. Усе яны павінны быць прапісаны ў калектыўных дагаворах, якія сёння дзейнічаюць практычна на кожным прадпрыемстве. Слушным было і выступленне галоўнага спецыяліста аддзела крэдытавання насельніцтва ЦБП №119 філіяла №121 ААТ “АСБ “Беларусбанк” Святланы Мікітчук. Пазыкі, якімі могуць скарыстацца маладыя спецыялісты, прывабліваюць умовамі прадастаўлення. На некаторыя моманты ў жыллёвым заканадаўстве звярнула ўвагу начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама Кацярына Мілаванава, агучыўшы правілы пастаноўкі грамадзян на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Юнакі і дзяўчаты даведаліся пра льготнае крэдытаванне і фінансавую падтрымку для пакрыцця банкаўскіх крэдытаў. Быць актыўнымі і ініцыятыўнымі заклікаў в.а. першага сакратара райкама БРСМ Юрый Паўловіч, які заўважыў, што некаторыя з удзельнікаў сустрэчы ўжо ўступілі ў рады маладзёжнага руху. Тым, хто толькі мяркуе гэта зрабіць, прапанаваў разам развіваць духоўныя, маральныя і фізічныя якасці. Хаця матэрыяльныя выгоды ў “БРСМаўцаў” таксама ёсць (“ЛН” расказвалі пра іх у №80 за 22.10 – аўт.). Старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Людміла Казадаева знай-шла шчырыя словы віншаванняў і пажаданняў для кожнага з прысутных. Заклікала не баяцца цяжкасцей, не забываць пра самаўдасканаленне, абавязкова стварыць шчаслівыя сем’і і нарадзіць як мага больш дзетак.
“Вялікія спадзяванні ўскладваюцца сёння на моладзь”, – вітаў сабраўшыхся старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч. Расказаўшы пра Лунінецкі раён, яго гісторыю і сучаснасць, інфраструктуру і жыхароў, Васіль Міхайлавіч прадставіў сваіх намеснікаў і кіраўнікоў асобных устаноў. “Мы гатовы вас выслухаць і дапамагчы!” – словы прагучалі з цёплай бацькоўскай ноткай.
Яскравы прыклад сама-рэалізацыі, ініцыятывы, паспяховага кар’ернага росту мае старшыня райсавета дэпутатаў Віктар Рафаловіч. “Многія кажуць, маўляў, адпрацуюць абавязковыя 2 гады, і накіруюцца шукаць лепшага”, – не хаваў дасведчанасці Віктар Анатольевіч. – Хочацца нацэліць вас на плённую працу, якая праз такі ж час прынясе чарговую прыступку ўверх па прафесійнай лесвіцы. Памятайце, што наша жыццё складваецца не з маленькіх адрэзкаў – 2, 3 або 5 год, а яно намнога даўжэйшае. І толькі ад вас залежыць, ці будзе шчаслівым”.
Даволі разнастайнай была выязная частка мерапрыемства. Маладыя спецыялісты пабывалі ў края-знаўчым музеі, дзе да 9 лістапада дзейнічае пазнавальна-адукацыйны праект Японскага цэнтра культуры і спорту “Дзэнрын канкэй” з г. Токіа. Яго куратар Уладзіслаў Асака коратка расказаў пра “Тайны і казкі Японіі”, пазнаёміў з больш як 80 экспанатамі выставы. Усіх вельмі ўразіў невялікі ўрывак з “Індзіга-шоу” – дэманстрацыя карцін, апрацаваных марскімі водарасцямі. З задавальненнем настаўніца сальфеджыа Дварэцкай дзіцячай школы мастацтваў Марыя Юрчык (на здымку) прымерала нацыянальны японскі касцюм – кімано.
У ДЮСШ па плаванню “Дэльфін” гасцей сустрэла намеснік дырэктара Наталля Баўкуновіч. Вялікія і малыя чашы для купання, трэнажорныя залы, вільготная і сухая саўны – усё пакінула станоўчае ўражанне. Зацікаўленыя погляды былі на тварах юнакоў і дзяўчат падчас экскурсіі на ААТ “Луні-нецкі малочны завод”. Літаральна некалькі хвілін прысвяціў гасцям яго дырэктар Сяргей Карпец. Ён раздзяліў прысутных на дзве групы, з якімі працавалі загадчыца вытворчасці Надзея Бела-стоцкая і начальнік лабараторыі Ніна Бунечка. Многія адзначылі наяўнасць у цэхах сучаснага камп’ютарнага абсталявання, прадметаў гігіены і інш.

З радасцю смакавалі выпушчаную прадукцыю ў час дэгустацыі. Падмацаваўшыся, накіраваліся далей. У фае цэнтральнай раённай бальніцы юнакоў і дзяўчат ужо чакалі галоўны ўрач Ігар Невар і галоўная медсястра Святлана Гарагляд. Не без гонару яны паведамілі, што наша медустанова з’яўляецца адной з лепшых сярод аналагічных у Беларусі. Зазірнулі маладыя спецыялісты ў рэнтгенкабінет і камп’ютарнай тамаграфіі, прыёмнае аддзяленне. Быў цікавым пералік касметалагічных працэдур, якімі можна скарыстацца за даволі прыемны кошт.
За шчырымі размовамі незаўважана праляцеў час пераезду ў Мікашэвічы. На РУВП «Граніт» дэлегацыю сустракала інжынер па рацыяналізацыі і тэхнічнай інфармацыі Надзея Зайцава. Прадстаўніца трохтысячнага калектыву пазнаёміла гасцей з гісторыяй заснавання прамысловага гіганта, яго развіццём, цяперашнім становішчам спраў і планамі на будучыню. Буйнейшае ў Еўропе прадпрыемства па вытворчасці нярудных будаўнічых матэрыялаў сёння выпускае больш як 15 мільёнаў тон шчэбеню ў год, які выкарыстоўваецца, як напаўняльнік для бітумамінеральных сумесяў і паверхневых апрацовак дарог, аэрадромных пакрыццяў і стаянак аўтамабільнага транспарту, для баластнага пласта чыгуначных пуцей і ў іншых сферах жыццядзейнасці. Патэнцыялу кар’ера РУВП «Граніт» хопіць прыкладна яшчэ на чатыры дзесяцігоддзі работы. Тым не менш, спецыяльна створаны філіял «Дыярыт» актыўна займаецца рэалізацыяй інвестыцыйнага праекта «Будаўніцтва горна-ўзбагачальнага камбіната на базе радові-шча Сітніцкае».
Моладзь атрымала вычарпальныя адказы на ўсе свае пытанні. Датычылі яны тэхнічнага ўзбраення, у тым ліку аўтамабільнага парку, заработнай платы, умоў працы ў розных цэхах і падраздзяленнях, прыродаахоўных мерапрыемстваў і іншых тэм. А яшчэ юнакі і дзяўчаты не хавалі захаплення ад панарамы, якая адкрылася ім з паўднёвай назіральнай пляцоўкі гранітнага кар’ера Мікашэвічы. Як, дарэчы, і магчымасцю дакрануцца да рэшткаў дагістарычных жывёлін і неапрацаваных кавалачкаў бурштыну, якія рэгулярна знаходзяць на кар’ерных гарызонтах (на здымку з імі – настаўніца Дзятлавіц-кай СШ Кацярына Крэмянеўская).
Пасля агляднай аўтобуснай экскурсіі па тэрыторыі прадпрыемства дэлегацыя накіравалася ў філіял «Аграграніт», дзе спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Алена Вайцяхоўская пазнаёміла з паўсядзённымі задачамі працаўнікоў сельскагаспадарчай арганізацыі на прыкладзе сучаснага малочнатаварнага комплексу ў вёсцы Сітніцкі Двор.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть