Прафесіяналізм педагога – аснова мадэрнізацыі адукацыі
Молодежь

Прафесіяналізм педагога – аснова мадэрнізацыі адукацыі

нарадаПадвядзенне вынікаў і вызначэнне прыярытэтаў развіцця адукацыйнай сістэмы  на жнівеньскім форуме сталі не толькі традыцыяй, але і асновай планавання работы педагогаў на новы навучальны год.

Чарговая нарада  адбылася ў Сінкевіцкай СШ. У ёй прынялі ўдзел больш як 100 педагогаў і кіраўнікоў адукацыйных устаноў. Усе яны адзначалі выдатную падрыхтоўку школы да новага навучальнага года. Уразіла добраўпарадкаваная тэрыторыя. Незаўважана з рознакаляровай алеі трапляеш у “Кветкавы вернісаж”. Так называлася выстава восеньскіх кампазіцый і букетаў, падрыхтаваная калектывамі адукацыйных устаноў раёна.

Ганаровых гасцей, у ліку якіх дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Верас, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Рафаловіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Анатоль Захаркевіч, вітаў дырэктар Уладзімір Калянковіч. Ён жа запрасіў на невялікую экскурсію па школьных паверхах.

У фае размясцілася выстава метадычных матэрыялаў устаноў адукацыі і выстава работ мастацкай, прыкладной і тэхнічнай творчасці вучняў раёна. Каля самага вялікага стэнда гасцей сустракала пераможца двух міжнародных форумаў, уладальніца двух залатых медалёў ліцэістка Крысціна Неўдах. Яна падзялілася ўражаннямі аб паездках у Азербайджан і Інданэзію, расказала аб тым, як збіраецца працягнуць даследніцкую дзейнасць і аб мары стаць кардыяхірургам:

– Хаця кажуць, што выдатных кардыяхірургаў-жанчын не бывае, я паспрабую даказаць іншае. Соф’я Кавалеўская змагла ж даказаць, што матэматыка падуладна жанчынам…

Светлыя і прасторныя кабінеты гатовы да сустрэчы хлопчыкаў і дзяўчынак. Як і царыца “кніжнай краіны” – школьная бібліятэка. Яе гаспадыня Людміла Гоза расказала, што чытачоў тут 262, хаця ў школе толькі 222 вучні. У лік пастаянных наведвальнікаў уваходзяць таксама настаўнікі і бацькі дзетак. Акрамя кніжнага фонду, які налічвае больш як 20 тысяч экзэмпляраў, тут можна папрацаваць за камп’ютарам, пазнаёміцца з новымі перыядычнымі выданнямі для дзяцей і падлеткаў. На жаль, па словах Людмілы Іванаўны, недастаткова дзіцячай, яркай, ілюстраванай літаратуры. Без гэтага вельмі цяжка захапіць малодшых школьнікаў чытаннем. Але ўжо на працягу трох год штомесяц у школе выходзіць газета пад назвай “Для душы і з карысцю”. Рэдкалегію ўзначальвае настаўніца гісторыі Ірына Скачынская. З дасягненнямі і талентамі педагогаў і вучняў Сінкевіцкай СШ удзельнікі нарады пазнаёміліся падчас творчай справаздачы, якая адбылася на заканчэнні святочнага мерапрыемства.

Віктар Рафаловіч, вітаючы ўдзельнікаў нарады, адзначыў важнасць адукацыі для развіцця канкурэнтаздольнай эканомікі краіны, спыніўся на аптымізацыі, на дасягненнях лунінецкіх школьнікаў у алімпіядным руху. Ён жа ўручыў Ганаровыя граматы райвыканкама і райсавета лепшым педагогам.

Валянціна Верас сканцэнтравала ўвагу на тых змяненнях, якія ў бліжэйшы час будуць унесены ў Кодэкс аб адукацыі Рэспублікі Беларусь. Яна павіншавала настаўнікаў з пачаткам новага навучальнага года, пажадала душэўнай раўнавагі, удачы і каб сэрца заўсёды было напоўнена любоўю да дзяцей і сваёй справы.

Узаемасувязь прафесіяналізму педагога і мадэрнізацыі адукацыі – стала асновай выступлення начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Івана Раковіча, які падвёў вынікі мінулага і акрэсліў задачы на новы навучальны год. Ён жа ўручыў узнагароды тым, хто аддана працуе на ніве настаўніцтва. Сярод узнагароджаных – настаўнік фізкультуры Віктар Канапацкі, які ўдастоены Ганаровай граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Выступаючы ў спрэчках, кіраўнікі навучальных устаноў і педагогі разважалі над тым, як удасканаліць кіраўніцкую дзейнасць ва ўмовах мадэрнізацыі, як уплывае прафесіяналізм настаўніка на павышэнне ўзроўню навучання, а выхаваўча-прафілактычная работа – на фарміраванне паўнацэннай асобы.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть