Молодежь

Прыкіпела сэрцам і душой

коховичПрафесія педагога – вельмі складаная і адказная. Веды, закладзеныя настаўнікам, павінны прынесці карысць вучням, спатрэбіцца ў жыцці. Для гэтага неабходна выдатна ведаць выкладаемы прадмет, валодаць разнастайнымі спосабамі навучання і выхавання, мець велізарнае цярпенне, а галоўнае – пастаянна вучыцца і развівацца самой. Менавіта гэтым кіравалася Анастасія КАНАНОВІЧ, калі вырашыла абраць прафесію настаўніка.
Выпускніца Любанскай
школы, якую, дарэчы, закончыла з адзнакай, вельмі любіла хімію. Таму невыпадкова ў 2007 годзе стала студэнткай хімічнага факультэта БДУ. Па размеркаванню трапіла ў мікашэвіцкую СШ №2.
Хваляванне перад пачаткам працоўнага шляху ўласціва кожнаму. Не даюць спакою, раз-пораз накатваюцца пытанні. А як прымуць на першым працоўным месцы? Ці складуцца адносіны з калектывам, кіраўніцтвам? Ці будзе побач чалавек, які своечасова падкажа, калі ўзнікнуць цяжкасці, і дапаможа разабрацца ў тонкасцях і прамудрасцях педага-гічнай дзейнасці? І спіс пытанняў можна працягваць далей.
Але, як лічыць Анастасія, ёй пашанцавала:
– Прынялі ў калектыве добра, дзякуй адміністрацыі, педагогам за дапамогу, парады, падтрымку. Для мяне гэта вельмі важна. Бо вучоба – гэта адно, а на практыцы – зусім іншае. Мне падабаецца працаваць з дзецьмі, яны такія жывыя, цікаўныя, многія імкнуцца да ведаў.
Незаўважана праляцелі 2 гады адпрацоўкі. Што далей? Для Анастасіі Канановіч было відавочна, што яна застанецца ў школе, якую паспела палюбіць, прыкіпець сэрцам і душой. Да таго ж, і жыллёвае пытанне вырашыць больш-менш удалося – зняла кватэру.
А яшчэ Мікашэвічы знаходзяцца не так далёка ад яе роднай вёскі Лахаўка, дзе жывуць бацькі. Для Анастасіі родныя мясціны – гэта самае выдатнае, што ёсць на свеце:
– Дома нетаропка выхо-джу ў двор і слухаю наваколле. Цішыня такая… А якое паветра! Яго ўдыхаю на поўныя грудзі, аж лёгкіх не хапае! Такога больш няма нідзе. Яно для мяне – як пах маці для дзіцятка-немаўлятка. Яго не зблытаеш ні з чым… Я чую нават жураўліны крык! Гэта бальзам на маё сэрца. А шпакі – найлепшыя суседзі! Ведаю тут кожнае дрэўца, узгорак, пянёк, кожную рагаціну і каменьчык. Як жа змяніўся твар маёй вёскі за некалькі апошніх гадоў! Як тут добра, ціха і хораша! Ніколі не знікнуць з памяці прагулкі з сяброўкамі, паходы па грыбы і ягады. А колькі радасці дастаўляе праца з матуляй на прысядзібным участку!
З дзяцінства Анастасія жыве з верай у Бога. Яна – неад’емная частка душы, якую дорыць сваім вучням.
Ірына ЯЦУШКЕВІЧ, студэнтка філалагічнага факультэта ГДУ імя Ф.Скарыны.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть