Молодежь

Стаць часцінкай Радзімы

кульбинок

Лунінчанка Сняжана КУЛЬБІНОК з дзяцінства любіць сваю маленькую радзіму. Тут яна вырасла, вучылася ў СШ №1. У прафтэхкаледжы атрымала спецыяльнасць прадаўца, некаторы час папрацавала ў магазіне. Планавала і надалей застацца ў родным горадзе, але хутка адбыліся прыемныя перамены ў асабістым жыцці…
У Лунінец прыехаў брэстаўчанін Аляксей. Знаёмства са Сняжанай было выпадковым, але яно змяніла многае і ў яго лёсе. Маладыя людзі закахаліся, ім ужо не хацелася развітвацца надоўга. Таму разам паехалі ў абласны цэнтр, уладкаваліся на работу. Мінуў час, за які прыйшла ўпэўненасць у правільнасці выбару і шчырасці адносін. Тры гады таму хлопец і дзяўчына сталі на шлюбны ручнік і пакляліся ў вернасці і адданасці.
Сямейнае шчасце сагравала маладых, але Сняжану цягнула на радзіму. Тут засталіся родныя, сумавала па вечаровай цішыні на знаёмых вуліцах. Таму неўзабаве муж і жонка пераехалі жыць сюды, пасяліліся разам з яе мамай. Знаёмыя не разумелі такі крок, маўляў іншыя шукаюць магчымасці жыць у вялікім горадзе, а вы…
Валянціна Іванаўна родам з Дзятлавіч, але даўно жыве ў райцэнтры, зараз на пенсіі. Дзе лепш асталявацца дачушцы з зяцем, лічыць, што яны павінны вырашыць самі, каб потым не дакараць іншых у нечым няспраўджаным ці ўпушчаных магчымасцях. Аляксей працуе на чыгунцы, Сняжана – у магазіне “Практорг”. Калектыў там дружны, работа ёй вельмі падабаецца.
Маладыя плануюць заставацца ў Лунінцы надоўга, таму сталі на чаргу на атрыманне ўчастка пад будаўніцтва дома. Якім ён будзе, пакажа час. Галоўнае – разам ісці да сваёй мары, і каб жаданні дваіх супадалі.
На сонцы ярчэй разгараюцца кветкі на клумбах, дорачы наваколлю духмяны водар і прыгажосць. Часам ветрык расчэсвае іх, ствараючы толькі яму вядомыя формы і парадак. Дрэвы шапацяць густой лістотай, нібыта расказваючы нешта важнае і патаемнае, і зразумее іх толькі той, хто адчувае прыроду і яе непаўторнасць…
Каб усё гэта заўважыць, трэба аддана любіць родны край, бачыць у невялікім гарадку свае плюсы ў параўнанні са сталіцай ці абласнымі цэнтрамі. Так, як гэта адбываецца ў сям’і Кульбінок, якая стала маленькай часцінкай Лунінца.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть