Молодежь

Тураў: гісторыя, духоўнасць і прыгажосць!

спкЦікава і змястоўна правялі святкаванне Вербнай нядзелі члены пярвічнай арганізацыі РГА “Белая Русь”, працаўнікі СВК “Вулькаўскі світанак”. Ім кіраўніцтва гаспадаркі на чале са старшынёй Уладзімірам Соцам пры падтрымцы прадстаўнікоў раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання прапанавалі паездку ў старажытны Тураў.
Менавіта з вытокаў даўніны і пачалося знаёмства з горадам.

Пад новым дахам цяпер захоўваюцца рэшткі храма, якому па падліках археолагаў больш за тысячу год. Знойдзены руіны мураванага будынка зусім выпадкова: пры правядзенні земляных работ. Цэгла тут незвычайнай формы, архітэктура таксама не адпавядае нормам з іншых раскопак. Вырабы з гліны, касцей, скуры нагадваюць, якімі ўмелымі і таленавітымі былі нашы продкі. Экскурсія ненадоўга вярнула ў гістарычнае мінулае, калі па Прыпяці пралягаў вялікі гандлёвы шлях, і жыццё ў ім бурліла па-сапраўднаму. На жаль, не захаваліся да нашых дзён дзясяткі храмаў, а ў зямлі засталося яшчэ шмат таямніц.

Загадкай засталося для нашчадкаў, адкуль на рацэ паявіліся вялікія каменныя крыжы. Існуе прыгожая легенда, што яны прыплылі з Кіева супраць цячэння ракі. У 1930-ыя, калі такія выявы палохалі партыйных чыноўнікаў, іх штучна патапілі. Але тое, чаму крыжы зноў падняліся на паверхню, растлумачыць не мог ніхто. Цяпер камень, які захоўвае вялікую тайну гісторыі і веры, прадстаўлены ў царкоўным двары. Кожны жадаючы можа да яго дакрануцца.
І самая, бадай, вядомая ўнікальнасць Тураўшчыны – крыж на Барысаглебскіх могілках, які расце з зямлі. Паглядзець на дзіва прыязджаюць зблізку і здалёку, верачы ў яго цудадзейную сілу.
З раніцы царкоўныя званы паклікалі прыхаджан на святкаванне Вербнай ня-дзелі. І прадстаўнікі Лунінеччыны запалілі свечкі ў кафедральным саборы ў гонар Кірылы і Лаўрэнція Тураўскіх, а асвечаныя галінкі вярбы застануцца сімвалам гэтага цудоўнага дня.
Невялікі храм Усіх Святых захоўвае шмат таямніц. На старых дзвярах з-пад шэрай фарбы выступае выява іконы. Гэта яшчэ раз пераконвае, што немагчыма знішчыць веру ў Бога. А ў гады акупацыі тут у час вялікага свята запалілася святло і пачуліся гукі царкоўнага хору. Калі ў будынак уварваліся раз’юшаныя немцы, гатовыя знішчыць усіх, хто парушыў загад, то ў памяшканні нікога не аказалася. Як растлумачыць такую з’яву, кожны вырашае для сябе сам.
За час паездкі даведаліся яшчэ многа цікавага ў “Музеі Прыроды”. Тут наглядна паказана багацце палескіх мясцін. Усё, здаецца, знаёмае, роднае, і ў той жа час адкрываецца з новага невядомага боку. Штучныя выявы жывёл і птушак так па-майстэрску зроблены, што выглядаюць жывымі, часам палохаючы грозным выглядам ці выклікаючы замілаванне.
Ну і як не захапіцца ў Тураве прыгажосцю велічнай ракі! Арганізатары далі магчымасць удосталь палюбавацца мясцовымі краявідамі на буксіры “Прыпяць”. Вада несла ў невядомае, дзіцячыя мары пра магутныя караблі і бясконцую водную прастору раптам сталі явай. Хай казка працягвалася не так доўга, але пачуццё зачаравання засталося ў сэрцы. Усе яшчэ раз упэўніліся, якая прыгожая і непаўторная наша краіна.
Варта дадаць, што турыстычныя паездкі па гістарычных мясцінах роднай Беларусі ў калектыве сталі добрай традыцыяй. Былі ў Жыровічах, многія наведалі Нясвіж. Пра гэта расказала Галіна Соц, старшыня пярвіч-най арганізацыі грамадскага аб’яднання і ідэолаг у сельгаскааператыве. А прадстаўнікі РГА“Белая Русь” з Лунінца, якія прынялі ўдзел у турыстычнай паездцы, толькі падтрымліваюць экскурсійныя планы вяскоўцаў.
Назаўтра ўсіх чакалі працоўныя будні, але шчырае дакрананне да духоўнасці і цудоўнае падарожжа надоўга застануцца ў светлых успамінах.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть